Віталь Рымашэўскі: распачалася падрыхтоўка да новай хвалі рэпрэсіяў
Новыя крымінальныя справы супраць актывістаў Уладзя Яроменка і Васіля Парфянкова – гэта толькі першыя ластаўкі новай хвалі рэпрэсій. Гэтага не выключае адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі. Палітык каментуе апошнія факты ціску з боку ўладаў у гутарцы з Янай Запольскай.
РР: – Ці ў гэтым бачыцца нейкая сістэма, ці гэта проста нейкія адзінкавыя выпадкі ціску? Як бы вы гэта пракаментавалі?
– Гэтыя выпадкі трэба разглядаць у тым кантэксце пагаршэння сітуацыя з правамі чалавека, якія назіраюцца ў Беларусі. Ніякіх зменаў да лепшага няма. Мы пра гэта казалі. Пра гэта сведчыць тыя факты ціску на грамадскіх актывістаў. Няма ніводнай сферы, у якой адбывалася б паляпшэнне. Неўзабаве будуць адбывацца суды над тымі, каму далі тэрмін з адтэрміноўкай. Паколькі гэта гучныя, усім вядомыя імёны, то яны, я думаю, пройдуць без усяліякіх эксцэсаў. А вось для звычайных актывістаў, для грамадскіх арганізацыяў нічога добрага ад беларускага рэжыму чакаць не даводзіцца. Наадварот, узбуджэнне крымінальных спраў па артыкулу 193.1 да людзей, якія нават не датычныя палітыкі, сведчыць пра тое, што пачалася падрыхтоўка Аляксандра Лукашэнкі да сваёй кампаніі прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Калі будуць узмацняцца рэпрэсіі на ўсіх патэнцыйна небяспечных і грамадскіх актывістаў, і ў цэлым на арганізацыі. Будуць рыхтавацца адмысловыя зачысткі.
РР: – Прычым гэты артыкул, які вы прыгадалі, 193.1, якраз ужываецца цяпер да чалавека, я маю на ўвазі выпадак у Шчучынскім раёне, калі Аляксей Шчадроў аказаў дапамогу бяздомным, і гэта не ёсць грамадскі актывіст, ёсць звычайны чалавек. То можна сказаць, што пераследуюцца любыя праявы актыўнасці, не толькі з боку грамадскіх актывістаў.
– Вы ведаеце, рашэнне пра ўзбуджэнне гэтага крымінальнага артыкула прымалася на самым высокім узроўні. Яму інкрымінуюць, у тым ліку, дзейнасць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. У той жа час у Беларусі існуюць велізарныя суполкі баптыстаў, якія прынцыпова не рэгіструюцца і парушаюць весь час гэты закон. Іх не чапаюць. Не было такіх прэцэдэнтаў цягам 20-ці год.
РР: – І дзе задзейнічана значна больш людзей.
– Нашмат больш людзей – дзясяткі тысячаў… Гэтае ўзбуджэнне крымінальнай справы я лічу знакавым. Яно паказальнае для нас. Таму што артыкул абсалютна дыскрымінацыйны і незаконны. Яго нельга ўвогуле прымяняць. І гэтага чалавека кранаюць толькі таму, што ён адзін. Яны будуць чакаць на нашу рэакцыю, на рэакцыю міжнароднай супольнасці. І гэта можна лічыць падрыхтоўкай да такіх масавых рэпрэсій.
РР: – То бок не аптымістычна выглядае пакуль гэтая сітуацыя, якую вы намалявалі.
– Аптымізму няма, таму што звышмяккая пазіцыя Захаду, заігрыванне з рэжымам з боку многіх палітыкаў, яно толькі спрыяе ўзмацненню дзейснага рэжыму ў Беларусі, і факты пра гэта сведчаць. Прынцыповая палітыка, палітыка заснаваная на каштоўнасцях, яна як раз дазваляе вызваляць палітвязняў, яна дазваляе праводзіць змены ў такіх аўтарытарных краінах. Пад ціскам, пад прымусам такія змены могуць адбывацца.
Віталь Рымашэўскі падкрэслівае, што вельмі важна рэагаваць на кожны выпадак ціску на людзей за іх грамадскую актыўнасць. Інакш можа паўтарыцца сітуацыя масавых рэпрэсій 2010 года.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя