У Менгарвыканкам перададзеныя 570 подпісаў за чыстую ваду
Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі і каардынатар
кампаніі “За чыстую ваду” Іна Лойка 27 жніўня падалі ў Менгарвыканкам
570 подпісаў за паляпшэнне якасці вадаправоднай вады ў Фрунзенскім, Маскоўскім
і Кастрычніцкім раёнах Менска.
Таксама подпісы былі накіраваныя ў сем інстанцый: Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Менскі гарадскі савет дэпутатаў, адміністрацыі Фрунзенскага, Маскоўскага раёна і Кастрычніцкага раёнаў Мінска, Менскі водаканал, Міністэрства аховы здароўя.
Ініцыятары звароту канстатавалі, што
“катастрафічны ўрон здароўю наносіць як неачышчаная пітная вада, якая
ўжываецца ўнутр, так і брудная гарачая вада, якая выкарыстоўваецца для душа. І
менавіта абеззаражанне вады хлорам часта з’яўляецца прычынай ўзнікнення многіх
захворванняў унутраных органаў, у тым ліку і рака грудзей у жанчын, а таксама
хлор у вадзе правакуе анамаліі развіцця дзяцей.
Аналіз
паказаў, што высокае ўтрыманне прадуктаў хларавання значна павялічвае рызыку
ўзнікнення трох анамалій развіцця: дэфектаў міжжалудачкавай перагародкі сэрца,
«ваўчынай пашчы» (расколіны ў цвёрдым нёбе, якая звычайна злучае паражніны рота
і носа) і анэнцэфаліі (поўнай або частковай адсутнасці галаўнога мозгу, зводу
чэрапа і скальпа).
Яны патрабуюць “неадкладна прыняць
меры па вырашэнні гэтай праблемы і забяспечыць падачу вады, як і ўсім іншым
раёнам Мінска, з артэзіянскіх крыніц”. Акрамя
таго, прапануецца ў самыя кароткія тэрміны – 1 месяц – арганізаваць грамадскія
слуханні па дадзенай праблеме з усімі чыноўнікамі, якія адказваюць за гэта
пытанне, а таксама з прадстаўнікам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і з
дэпутатамі мясцовых саветаў. “Патрабуем,
каб нам былі прадастаўлены планы і тэрміны па рашэнні праблемы моцнай
хлараванне і забруджанасці вадаправоднай вады ў нашых кватэрах, не пазней за 29
верасня 2013 г.”, – гаворыцца з звароце.
Як адзначыў Дзяніс Садоўскі, “пытанне
пітной вады для жыхароў Менска – адно з найбольш хвалюючых”. “Мы гэта
адчулі, калі ніводзін з тых, да каго мы звярнуліся, не адмовіўся падпісаць
зварот аб пераводзе Кастрычніцкага, Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў на
артэзіянскія крыніцы, як у іншых частках гораду. Мы будзем адсочваць
правядзенне грамадскіх слуханняў і выкананне ўладамі сваіх жа абяцанняў”,
– сказаў ён.
У сваю чаргу Іна Лойка заявіла, што “для
простых людзей іх штодзённыя праблемы значна больш важныя за свабодныя выбары,
свабоду слова і г.д.” “І каб больш эфектыўна працаваць з грамадствам,
трэба ўздымаць такія пытанні, якія хвалююць кожнага”,- адзначыла яна.