БХД вітае правядзенне ў Менску “Маршу ў абарону жыцця і сям’і”

28 жніўня 2013 13:02  |  Галоўныя навіны

Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя вітае правядзенне ў Менску “Маршу ў абарону жыцця
і сям’і”, які пройдзе ў беларускай сталіцы 21 верасня з ініцыятывы
грамадскіх арганізацый па бласлаўленні кіраўніцтва Каталіцкай і Праваслаўнай
Цэркваў. Марш пачнецца літургіяй у Свята-Духавым праваслаўным кафедральным саборы і ў архікатэдральным каталіцкім саборы Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

Затым калоны ўдзельнікаў збяруцца ў раёне гарадской ратушы і пройдуць да стэлы “Менск – горад-герой”. Пачатак руху запланаваны на
11:00. Урачыстая праграма завяршэння Марша пачнецца
а 12:30.

 

Гэты Марш з’яўляецца адной з нямногіх праяваў
грамадскіх акцый у Беларусі, накіраваных на абарону сямейных каштоўнасцяў на
фоне прапаганды разбэшчанасці ў краіне, у тым ліку праз рэкламаванне ўладамі прастытуцыі
пасродкам “конкурсаў прыгажосці” і гэтак далей.

 

БХД заклікае беларускіх вернікаў і ўсіх
неабыякавых грамадзян далучыцца да “Маршу ў абарону жыцця і сям’і”, а таксама
падтрымаць кампанію БХД “За сямейныя каштоўнасці”, якая накіраваная
на абарону сям’і, жыцця, прапаганду здаровага ладу жыцця, абарону грамадства ад
наркаманіі і алкагалізму.

 
 

“Марш
– безумоўна, добрая акцыя. І дазвол на яе правядзенне можна толькі вітаць.
Спадзяюся, што яна стане пачаткам нацыянальнага руху ў абарону сямейных каштоўнасцяў.Спадзяюся, што
ў Беларусі Дзень маці і Дзень нанароджанага дзіцяці таксама пачнуць адзначацца
на нацыянальным узроўні, як гэта робіцца ў іншых краінах. У Беларусі толькі
тады будзе трывалая будучыня, калі ў падмурку беларускага грамадства будуць
хрысціянскія каштоўнасці. Народы, якія страчваюць веру і гэты падмурак,
наканаваныя на знікненне”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Болей навін