Прыклад свіслачанаў (відэа)
Жыхары змагаюцца за свой сельсавет. Раённыя ўлады Асіповічаў, што на Магілёўшчыне, пастанавілі скасаваць і падзяліць тэрыторыю свіслацкага сельсавету паміж суседнімі. Аднак рэакцыя мясцовых жыхароў гэтыя планы змяніла. Ажно сямсот чалавек паставілі подпісы супраць ліквідацыі сельсавету.
Вёска Свіслач на Магілёўшчыне – колішняя сталіца Свіслацкага княства, пра што сведчаць гэтыя руіны замчышча. Цэнтр староства, воласці, раёну, а потым сельсавету. На прыкладзе аднаго паселішча – гісторыя адміністрацыйных падзелаў, якая, відавочна, яшчэ не скончылася. Свіслацкі сельсавет улады плануюць зліквідаваць, а ягоную тэрыторыю падзяліць паміж двума суседнімі сельсаветамі. Адпаведная прапанова з’явілася ў мясцовай газеце.
Жыхары – супраць.
НІНА САКАВА, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:
«Ніхто не падтрымаў з самага пачатку, як было апублікаванае гэтае паведамленне. Усе людзі адразу ўзрушыліся».
Што на гэта мясцовыя ўлады – тыя, каго непасрэдна мае датычыць гэтая справа? Дэпутат Свіслацкага сельсавету сваім стаўленнем да рашэння чамусьці не падзяліўся.
ЛЕАНІД ФРАНЦУЗАЎ, ДЭПУТАТ СВІСЛАЦКАГА СЕЛЬСАВЕТУ:
«Гэта маё ўласнае меркаванне і нікому я яго не распавядаю. Таму нікому нічога казаць не буду».
Свіслачане ды жыхары суседніх вёсак самі сабралі сотні подпісаў супраць скасавання мясцовага сельсавету. Ды вынеслі гэтае пытанне на грамадскае абмеркаванне. Угаворваць вяскоўцаў прыехаў нават старшыня раённага, Асіповіцкага, савету дэпутатаў, які, відавочна, журналістам нашага тэлеканалу ўсцешаны не быў. Дзякуючы вяскоўцам «Белсат» у памяшканні застаўся.
Неабходнасць ліквідацыі сельсавету прадстаўнік раённых уладаў тлумачыў патрэбамі аптымізацыі.
Якая, праўда, вяскоўцам наўрад ці дапаможа.
АЛЕНА КАЖАРНОЎСКАЯ, ЖЫХАРКА В. СВІСЛАЧ:
«Мы мяркуем, што сельсавет – гэта наш цэнтр, нашае жыццё. Мы тут развязваем усе праблемы жыццёвыя. Сюды мы прыходзім з усімі сваймі праблемамі – і з вадою, і з газам. І з пургою, і з усялякаю непагаддзю. З усімі праблемамі мы звяртаемся сюды і часта атрымліваем дапамогу».
Калі ж Свіслацкі сельсавет зліквідуюць, са сваймі праблемамі вяскоўцы вымушаныя будуць ездзіць у суседнія цэнтры.
Хвалюе жыхароў і тое, што скасаванне закране мясцовую інфраструктуру і сацыяльную сферу: пад пагрозаю закрыцця можа апынуцца мясцовая школа і дзіцячы садок.
ТАІСІЯ КАБАНЧУК, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:
«Амаль усе жыхары не толькі гэтай вёскі, а ўсяго сельсавету – 700 чалавек – яны ўсе паставілі подпісы. Яны за тое, каб захаваць свой сельсавет, захаваць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны».