БХД разам з іншымі патрыямі і арганізацыямі падпісала “Еўрапейскую дэкларацыю”

19 лістапада 2013 11:44  |  Галоўныя навіны

Кіраўніцтва
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі 15 лістапада разам з прадстаўнікамі іншых апазіцыйных
партый Беларусі падпісала зварот да ўдзельнікаў саміту «Ўсходняга партнёрства»ў Вільні.

 

ЕЎРАПЕЙСКАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ

 

Мы, лідэры дэмакратычных партый, рухаў, арганізацый
Беларусі,

 

1 . Канстатуем, што сучасны нізкі ўзровень узаемаадносін
паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам, абумоўлены невыкананнем
беларускімі ўладамі нацыянальнага заканадаўства і ратыфікаваных Беларуссю
міжнародных пагадненняў у галіне правоў і свабод грамадзян, не адпавядае
інтарэсам развіцця беларускай дзяржавы і грамадства.

 

2 . Высока ацэньваем ініцыятыву Усходняга партнёрства,
накіраваную на недапушчэнне раздзяляльных ліній паміж каштоўнаснай,
эканамічнай, палітычнай, культурнай прасторай Еўрапейскага Саюза і краінамі,
якія знаходзяцца на яго ўсходняй мяжы.

 

Разам з тым адзначаем неабходнасць павышэння
канкурэнтаздольнасці палітычных і фінансавых інструментаў, якія ўжываюцца
Еўрапейскім Саюзам пры рэалізацыі мэтаў Усходняга партнёрства.

 

3 . Вітаем і падтрымліваем рашэнне аб падпісанні
пагаднення аб асацыяцыі з Украінай і парафіяванне пагаднення аб асацыяцыі з
Малдовай і Грузіяй падчас саміту, які адбудзецца 28-29 лістапада ў Вільні.
Гэтае гістарычнае рашэнне адкрывае новыя перспектывы і магчымасці для
прыхільнікаў перамен у Беларусі.

 

4 . Заклікаем Еўрапейскі Саюз даць ясны і адназначны
пасыл народу Беларусі аб рэальнасці перспектывы інтэграцыі нашай краіны ў ЕС.

 

5 . Лічым, што ўсёахопнай нармалізацыі адносін паміж ЕС і
беларускімі ўладамі павінны папярэднічаць:

 

– Вызваленне і рэабілітацыя палітычных зняволеных;

 

– Стварэнне ўмоў для правядзення свабодных і справядлівых
выбараў;

 

– Аднаўленне канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду
аб’яднанняў і бесперашкодная рэгістрацыя створаных палітычных партый і
грамадскіх арганізацый;

 

– Адмена крымінальнага пераследу грамадзян Беларусі за
грамадска-палітычную дзейнасць, у тым ліку ў складзе незарэгістраваных
грамадскіх аб’яднанняў.

 

6 . Заклікаем Еўрапейскі Саюз у бліжэйшай перспектыве
пачаць рэалізацыю ў аднабаковым парадку захадаў і дзеянняў, накіраваных на
папулярызацыю Усходняга партнёрства ў Беларусі, а менавіта:

 

– Максімальна знізіць кошт і спрасціць працэдуры
атрымання шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян;

 

– Павялічыць інвестыцыі ў інфраструктуру памежных
пераходаў, што дазволіць істотна зменшыць чэргі на мяжы Беларусі з краінамі-членамі
ЕС;

 

– Пачаць практычную рэалізацыю пагаднення аб малым
памежным руху з Беларуссю ў 50 км. зоне з Літвой і Польшчай;

 

– Пашырыць магчымасці для беларусаў атрымліваць
еўрапейскую адукацыю;

 

– Пашырыць і павялічыць падтрымку для арганізацый і
аб’яднанняў, якія працуюць унутры краіны на вяртанне Беларусі на шлях
дэмакратыі і вяршэнства закона.

 

Мінск , 15 лістапада 2013

Аб’яднаная грамадзянская партыя

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

 

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет»

 

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)

 

Беларуская партыя працоўных

 

Кампанія «За справядлівыя выбары»

 

Беларускi Рух

 

Беларуская партыя «Зялёныя»

 

Беларуская жаночая партыя «Надзея»

Болей навін