Салігорскія ўлады забаранілі правядзенне пікету да Дня правоў чалавека
Галоўны
ідэолаг Салігорскага райвыканкаму Мікалай Маскевіч забараніў мясцовым
грамадскім актывістам правядзенне пікету, прымеркаванага да Міжнароднароднага
Дня правоў чалавека.
Паводле чыноўніка, змест заявына правядзенне масавага мерапрыемства 10 снежня 2013 году на
Цэнтарльнай плошчы гораду не адпавядае патрабаванням артыкула 5 Закона “Аб
масавых мерапрыемствах”. Якія менавіта часткі згаданага артыкула нібыта
парушаныя арганізатарамі пікету, галоўны ідэолаг Салігоршчыны не тлумачыць.
– Няма тут
чаго каментаваць. Свабоды сходаў у наша краіне ўжо даўно няма. Такое, мабыць,
магчыма толькі ў Паўночнай Карэі – забараніць пікет у абарону правоў чалавека ў
Міжнародны Дзень правоў чалавека, – кажа заяўнік акцыі, сябар аргкамітэту БХД Уладзімір Шыла. – Чыноўнікі нават баяцца
патлумачыць, што менавіта стала фармальнай прычынай забароны. Безумоўна, будзем
абскарджваць гэтае рашэнне.
Арганізатары пікету звяртаюць увагу, што ў сваёй заяўцы прасілі ад
уладаў, у выпадку нейкіх перашкодаў для правядзення дадзенага масавага
мерапрыемства, прапанаваць ім альтэрнатыўныя варыянты згодна з заканадаўствам
Беларусі. Гэтую просьбу чыноўнікі наўпрост праігнаравалі.