Віншуем з Божым Нараджэннем!
Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя шчыра віншуе ўсіх хрысціянскіх вернікаў Беларусі, якія
святкуюць Божае Нараджэнне 25 снежня, з гэтым велічным святам.
Нараджэнне больш
за дзве тысячы год таму ў маленькім горадзе Бэтлееме на ўскраіне Рымскай
імперыі Бога Сына Ісуса Хрыста змяніла ўвесь свет. Нездарма нават атэісты і
вернікі нехрысціянскіх канфесій падзяляюць гісторыю чалавецтва на перыяды да
нараджэння Хрыста і ад Яго нараджэння – да нашай эры і нашай эры.
За дзве тысячы год
хрысціяне ўвесь час пераследваліся, не спыняюцца ганенні і сёння, не спыняцца
яны і заўтра. Але ж дзе сёння Рымская імперыя, дзе Трэці Рэйх ці СССР? Іх няма,
але хрысціянства існуе, адчыненыя дзверы храмаў і па ўсім свеце на розных мовах
моляцца да Таго, Хто больш за дзве тысячы год нарадзіўся ў маленькай стаенцы,
Таму, Каму не знайшлося месца ў гасцініцы.
Беларускія
Хрысціянскія Дэмакраты жадаюць усім хрысціянскім вернікам і людзям добрай волі,
каб ў сэрцы кожнага з нас нарадзіўся Ісус Хрыстос. Каб мы, як некалі Дзева
Марыя, сказалі “Так!” Божай волі і скіравалі свае крокі за Ісусам
Хрыстом.
Са святам вас,
браты і сёстры! Вясёлага і шчаслівага Божага Нараджэння! З Богам!