Актывіст БХД абскарджвае ў Вярхоўным судзе штраф за партрэт Дзмітрыя Завадскага

27 снежня 2013 13:56  |  Палітыка

Актывіст аргкамітэту па
стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павал
Пракаповіч падаў у Вярхоўны суд скаргу на рашэнне суда Савецкага раёну Менска,
які 8 ліпеня аштрафаваў яго на 2,5 млн рублёў за акцыю памяці зніклага
журналіста Дзмітрыя Завадскага.

 

Скарга складзеная з
дапамогай прадстаўнікоў праваабарончага цэнтру “Вясна”. Адпаведная
скарга ў Менскі гарадскі суд была раней пакінутая без зменаў.

 

Актывіст лічыць незаконным
пастанову суду Савецкага раёну, які пастанавіў, што ён, размясціўшы 7 ліпеня ў падземным
пераходзе
станцыі метро “Плошча імя Якуба Коласа”, узяў удзел у
несанкцыянаваным пікетаванні. Павал Пракаповіч адзначае, што размясціў плакат
не дзеля таго, каб парушыць заканадаўства, а ў памяць пра Дзмітрыя Завадскага,
ніякіх словаў не выкрыкваў, грамадскі парадак не парушаў і не замінаў руху
мінакоў.

 

“Яны (суддзі – рэд.) памылкова
палічылі законным і абгрунтаваным парушэнне майго канстытуцыйнага права на
свабоду выказвання меркаванняў. Я меў права размясціць на кароткі час плакат з
грамадска-палітычнай мэтай, гэта з’яўлялася формай выражэння мною павагі памяці
загінулага журналіста”, – адзначыў актывіст, падкрэсліўшы, што права на
свабоду выказвання меркаванняў, што замацавана ў Канстытуцыі Беларусі і
ратыфікаваных беларускімі ўладамі міжнародных пагадненнях.

 

“Маё затрыманне ў
дадзеным выпадку абмежавала права на свабоду выказвання меркавання і права на
правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў. Затрыманне і прыцягненне да
адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе грашовага штрафу ў вялікай суме
з’яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежаванні свабод і накіравана не на абарону
грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкод выражэння мною павагі да памяці
загінулага журналіста”, – гаворыцца ў скарзе.

 

Адзначыўшы
неканстытуцыйнасць законаў, якія абмяжоўваюць свабоду выказванняў меркаванняў,
Павал Пракаповіч просіць Вярхоўны суд адмяніць пастанову суддзі Савецкага раёна Менска ад 8 ліпеня і пастанову Менгарсуда
ад 26 ліпеня і спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама паставіць
пытанне аб унясенні прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб
прызнанні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у
Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года неканстытуцыйным.

Болей навін