Павел Севярынец: Кантракт са злом павінен быць разарваны

16 студзеня 2014 11:25  |  Галоўныя навіны

Малады беларускі
палітык Павел Севярынец стаў вядомы ў 1997 годзе, калі ўзначаліў Моладзевую
фракцыю БНФ у Менску. У 2000-м Севярынец стаў каардынатарам грамадскага
аб’яднання «Хрысціянская ініцыятыва», а з 2008 года – старшынёй, а затым
сустаршынёй камітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Гэты пост ён займае і сёння.

 

На прэзідэнцкіх
выбарах 2010 года быў даверанай асобай кандыдата Віталя Рымашэўскага, 19 снежня
арыштаваны пасля разгону «Плошчы». Спачатку Севярынцу было прад’яўленае
абвінавачванне па арт. 193 (масавыя беспарадкі, да 15 гадоў пазбаўлення волі).
Пазней абвінавачванне перакваліфікаванае на больш мяккі арт. 342 КК (дзеянні,
якія груба парушаюць грамадскі парадак) – па ім Севярынец быў прыгавораны да
трох гадоў абмежавання волі (“хімія”). Вызваліўся 19 кастрычніка 2013
года.

 

– Як Вы думаеце,
як будзе выглядаць склад кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2015 года?

 

– Ёсць некалькі
чалавек, якія ўжо заявілі, што гатовыя ўдзельнічаць. Сярод іх, напрыклад,
Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька. Ёсць яшчэ некалькі чалавек, якія,
напэўна, павінны самі заявіць пра сваё жаданне – я не буду называць прозвішчы,
але мы з імі таксама вядзем перамовы. Ёсць тыя, пра каго думаюць, што яны
будуць вылучацца, але самі яны пакуль што адмаўляюцца, скажам так. Напрыклад,
лічыцца, што Мілінкевіч можа ўдзельнічаць, але ён сам не кажа адкрыта, што пойдзе.

 

Зараз я вяду
перамовы, напэўна, з сямю або васьмю палітыкамі, якім гэтая тэма, скажам так,
цікавая. Некаторыя з іх яшчэ не вызначыліся, іншыя вызначыліся, але абвесцяць
аб сваім рашэнні пазней.

 

– Вы цяпер, калі
можна так выказацца, займаецеся “чоўнавай дыпламатыяй” паміж
палітычнымі альянсамі «Талака» і «Народны рэферэндум». Як вы ацэньваеце шанцы
дамовіцца аб правядзенні Кангрэса ў красавіку?

 

– На дадзены
момант няма цвёрдай дамоўленасці паміж усімі, ёсць, скажам так, пажаданні і
чаканні. Напрыклад, Някляеў – прыхільнік Кангрэса, гатовы яго праводзіць як
мага раней, і ў гэтым нашы погляды супадаюць. Мы хочам як мага больш шырокую
працэдуру з максімальным уцягваннем людзей у працэс вызначэння адзінага лідэра.
Гэта могуць быць і праймерыз, і інтэрнэт-галасаванне, – на праймерыз,
напрыклад, настойвае Анатоль Лябедзька. І некалькі тэставых выпрабаванняў з
нагоды праймерыз нас яшчэ чакаюць у бліжэйшыя месяцы – прынамсі, так плануе
«Талака». Калі яны будуць паспяховымі – тады будзе мець сэнс абмеркаванне праймерыз
як элемента абрання адзінага кандыдата. Калі яны не апынуцца паспяховымі, тады
размова пойдзе ў іншым рэчышчы.

 

– А што тычыцца
абрання адзінага кандыдата на Кангрэсе?

 

– Абранне
адзінага лідэра апазіцыі на Кангрэсе дэмакратычных сіл – гэта адзін з
варыянтаў. Усё пытанне – як вылучаць дэлегатаў на гэты кангрэс. Большасць з
тых, хто гатовы ўдзельнічаць у працэсе, хочуць гарантый таго, што будзе на
самой справе справядлівае суперніцтва, якое выявіць наймацнейшага, выявіць
пераможцу. Таму гэта і складана – у Беларусі ўсе коса глядзяць на канкурэнтаў,
шукаюць падвох.

 

– Якімі могуць
быць гэтыя гарантыі?

 

– Паколькі гэта
дэмакратычная апазіцыя, то гарантыямі павінны быць празрыстасць і адкрытасць.
Галоўнай гарантыяй у тым працэсе, які мы задумалі, стане стварэнне моцнага
дэмакратычнага ЦВК – альтэрнатыўнай Выбарчай камісіі з прадстаўнікоў усіх
прэтэндэнтаў. Менавіта гэтая камісія зможа забяспечыць і абранне дэлегатаў, і
галасаванне на Кангрэсе, яго адкрытасць, даступнасць усіх формаў агітацыі для
кожнага кандыдата, і ў цэлым пракантраляваць увесь працэс.

 

– Хто будзе
фармаваць гэтую выбарчую камісію?

 

– Прадстаўнікі
ўсіх прэтэндэнтаў. Прынамсі, такая прапанова зыходзіць ад нас, ад БХД. Тут не
павінна быць нейкіх трацейскіх суддзяў, тут проста павінны прысутнічаць усе.
Механізм фарміравання альтэрнатыўнай выбарчай камісіі вельмі просты, ён мае на
ўвазе аднаго-двух прадстаўнікоў ад кожнага з прэтэндэнтаў на званне адзінага
кандыдата. І, магчыма, яшчэ некалькі чалавек, якія ня выклічуць ні ў каго
пярэчанняў.

 

– Як будуць
вылучацца дэлегаты на Кангрэс?

 

– Хутчэй за ўсё,
гэта будзе збор подпісаў у тым ці іншым выглядзе. Магчыма – тыя, хто вылучае
свае кандыдатуры ў мясцовай кампаніі (і збірае для гэтага подпісы), маглі б
стаць такімі дэлегатамі. Частка апазіцыянераў гэтую прапанову падтрымлівае,
частка – яшчэ думае. Таксама гэта магла б быць квота аргкамітэта, таму што ёсць
ўсім вядомыя паважаныя людзі, такія людзі маглі б быць выбраныя па гэтай квоце.

 

Магчыма яшчэ
вылучэнне шляхам збору подпісаў менавіта на сам Кангрэс, як гэта было ў 2006
годзе, і на сходах актывістаў.

 

Тут я хачу
падкрэсліць, што мы, БХД, не ўдзельнічаем у ярмошынскіх «выбарах» і не
заклікаем ўдзельнічаць у «галасаванні». Мы выкарыстоўваем кампанію 2014 года,
каб сабраць подпісы па мясцовых праблемах, стварыць альтэрнатыўныя мясцовыя
ўрады і паралельна вызначыць дэлегатаў на Кангрэс. Паўтаруся: гэта не прынятая
пакуль усімі схема, гэта наша прапанова.

 

– Калі Ваша
прапанова наконт Кангрэсу будзе прынята, ці будзеце Вы афіцыйна рэгістраваць
ўсю гэтаю дзейнасць? Бо гаворка ідзе аб масавым мерапрыемстве, на якое
патрабуецца атрымаць дазвол.

 

– Мерапрыемства
можа прайсці як у Менску, так і за межамі Беларусі. Гэта першае. Другое: пра
гэта можна будзе казаць толькі тады, калі на правядзенне Кангрэсу будзе
атрымана згода ўсіх удзельнікаў працэсу. У залежнасці ад сітуацыі, якая будзе
складвацца да вясны 2014-га, магчымыя самыя розныя камбінацыі варыянтаў. Іх так
шмат, што цяпер, напэўна, нават няма сэнсу іх абмяркоўваць.

 

Адразу абмоўлюся:
мы не выбіраем спарынг-партнёра для Лукашэнкі. Адзіны лідэр апазіцыі – гэта
можа быць і адзіны кандыдат у прэзідэнты, і лідэр байкоту «выбараў», і кіраўнік
альтэрнатыўнага ўрада. Мы ўпэўненыя, што патрэбен адзін лідэр, адна стратэгія,
адна каманда – апазіцыя павінна гаварыць адным голасам з народам, рэжымам і
Захадам, і мець магутны цэнтр прыняцця рашэнняў. А фармат удзелу ў «выбарах»
2015 застаецца пакуль пад пытаннем.

– З 1 студзеня
2015 года стартуе новая форма інтэграцыі на постсавецкай прасторы – Еўразійскі
Саюз. Як гэта адаб’ецца на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе таго ж года?

 

– Безумоўна, гэта
будзе адной з тэм агітацыйнай кампаніі. Перадача часткі суверэнных паўнамоцтваў
на наднацыянальны ўзровень можа матываваць частка беларусаў, якія не жадаюць
зноў апынуцца ў Савецкім Саюзе ці ў складзе Расіі, да больш актыўнай
мабілізацыі ў рамках кампаніі 2015 года. Тут можа дайсці і да масавых
выступленняў, як было ўвесну 1996 года, або да Майдана, як ва Ўкраіне.

 

– Вы лічыце, што
ў Беларусі магчымы Майдан?

 

– У Беларусі
будзе хутчэй «Плошча», чым Майдан. Можа быць, будзе нешта больш падобнае на
маўклівыя акцыі або на «Стоп падатак», можа, будзе нешта яшчэ, але ў любым
выпадку гэта будзе масавая акцыя. І, улічваючы партызанскі менталітэт
беларусаў, яе можа быць складана кантраляваць і пагасіць.

 

– Існуе
меркаванне, што ў апазіцыі мала шанцаў па той прычыне, што дастаткова эфектыўна
дзейнічае сацыяльны дагавор паміж уладай і грамадствам. Грамадзяне не лезуць у
палітыку. Не імкнуцца змяніць уладу, а ўлада наўзамен гарантуе ім “чарку і
скварку”. На самай справе, у Беларусі ў апошнія месяцы назіраецца
сапраўдны спажывецкі бум. Якая сітуацыя з сацыяльнай дамовай на дадзены момант?
Як гэта можа паўплываць на ход выбараў 2015?

 

– У пэўным сэнсе
сацыяльны дагавор сапраўды ёсць. Хоць ён не перашкодзіў адбыцца «Плошчы» ў 2010
годзе, а тады заробкі таксама былі дастаткова высокімі. Тут пытанне не
сацыяльнага характару – справа проста ў тым, што Лукашэнка ўсіх дастаў. Гэта
выяўляецца ў шматлікіх сферах жыцця, ад эканомікі да кіравання, культуры і
гэтак далей. Таму патэнцыял пратэсту ў любым выпадку ёсць.

Нашмат складаней
з тым, што апазіцыя павінна выступіць, перш за ўсё, як маральная альтэрнатыва
Лукашэнку, а не толькі як альтэрнатыва палітычная, эканамічная і гэтак далей.
Таму што ў часы Лукашэнкі стала нормай хлусіць, красці, баяцца. Вядома, гэта
працяг камуністычнай традыцыі, але зараз гэта выяўлена больш груба, больш
нахабна. Так што апазіцыя павінна быць сумленнай, праўдзівай, адкрытай. Калі
хтосьці з апазіцыянераў спрабуе хлусіць, палохаць, красці, ён аўтаматычна
перастае быць часткай апазіцыі. Ён сам становіцца часткай праблемы.

 

Вось гэты
кантракт са злом, які частка беларускага народа заключыла, прымаючы як норму
крадзеж, хлусню, страх, ён таксама павінен быць разарваны, у тым ліку і працай
апазіцыі. Асабіста я бачу толькі адну сілу, якая можа дапамагчы вярнуць
маральнасць як норму жыцця ў беларускае грамадства і палітыку. Гэта царква.
Калі царквы – не ў выглядзе структур і іерархій, а ў выглядзе вернікаў у Ісуса
Хрыста, якія з’яўляюцца носьбітамі маральнасці, – лінуць ў грамадскае жыццё, у
палітыку, тады можа адбыцца маральная рэвалюцыя, якая апярэджвае ўсе астатнія
рэвалюцыі – эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя. Вядома, маецца на ўвазе
бяскроўная рэвалюцыя, ў поглядах, у свядомасці, якая ў далейшым можа мірным
шляхам, па-еўрапейску, прывесці да змены гэтага рэжыму.

 

І кампанія 2015
можа стаць рашучым крокам у гэтым кірунку. Таму што перамены, якія нясуць
толькі змену дзеючых асоб, не змяняючы маральныя нормы ў грамадстве, прывядуць
толькі да правалу. Нам не патрэбны ні другі Лукашэнка, ні «аранжавая» ўлада, як
пасля першага ўкраінскага Майдана, якая лаецца паміж сабой, дзеліць ўласнасць,
і ў рэшце рэшт прайграе краіну. Трэба адзінства тых, хто за праўду, свабоду і
справядлівасць, агульны фронт тых, хто любіць Беларусь.

Болей навін