Павал Севярынец: дзяржава спрабуе выкарыстаць цэрквы ў сваіх мэтах (відэа)

23 студзеня 2014 12:39  |  Галоўныя навіны

Найважнейшымі
падзеямі ў галіне дачынення хрысціянскіх цэркваў і дзяржавы ў 2013 годзе,
лічыць сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская
дэмакратыя” (БХД) Павал Севярынец, былі справа ксяндза Уладзіслава Лазара
для Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі і прызначэнне мітрапаліта Паўла для
Праваслаўнай Царквы. Пра гэта ён заявіў падчас эфіру TUT.by, у якім таксама
ўдзельнічалі міжнародны аглядальнік і журналіст Раман Якаўлеўскі, і тэолаг
Наталля Васілевіч.

 

“Ва ўсім
гэтым відаць боьш палітычную ініцыятыву, спробу дзяржавы або дзяржаваў
умешвацца ў царкоўныя справы. Мне падаецца, напрыклад, палітычным прызначэнне
новага мітрапаліта, што можа быць звязана з падзеямі ва Ўкраіне і жаданнем
перасцерагчы беларусаў ад таго, каб яны пахіліліся ў бок Захаду. Справа Лазара
– увогуле класічны прыклад спробы дзяржавы праз закладніка паставіць на калені
ўсю канфесію, застрашыць святароў і вернікаў. Заканчваецца гэта ўсё развалам
справы, але тым не менш атмасфера дыктату дзяржавы ў дачыненні да царквы
нагнятаецца. Гэта нявельмі добра. Калі Царква ўплывае на грамадства, калі
царква ўплывае на палітыку ў добрым сэнсе – гэта дадатныя прыклады. Тое, што мы
назіраем зараз – гэта савецкая практыка”, – адзначыў ён.

 

“Дзяржава
спрабуе кантраляваць царкоўнае поле. Гэта засталося з савецкіх часоў:
адпраўляйце свой культ, але не лезьце ў грамадскія і публічныя справы.
Пасланне, якое зараз негалосна паўтараецца і Касцёлу, і пратэстантам, і
Праваслаўнай Царкве, на мой погляд, гучыць так: як толькі Царква спрабуе надаць
розгалас нейкім грамадска-значным справам, як тая ж самая праблема абортаў,
забараняецца масавае шэсце, адмяняюцца арганізацыйныя мерапрыемствы. Дзяржава
хоча быць сапраўды падалей ад Царквы. На мой погляд, большасць чыноўнікаў,
уключаючы і Аляксандра Лукашэку, проста не разумеюць ролі Царквы. Яны як
камуністы ці праваслаўныя атэісты баяцца Царквы, для іх гэта нешта чужое,
ідэалагічна варожае. І дзяржаўніцкі падыход, калі Царква разглядаецца як
носьбіт маральных каштоўнасцяў, як носьбіт сацыяльных пераўтварэнняў, як
носьбіт ідэй дабрачыннасці, як інстытуцыя, якая дапамагае выхоўваць сапраўдных
патрыётаў, грамадзян, сем’і і дзяржаву, адсутнічае”, – падкрэсліў
сустаршыня БХД.

 

На яго думку, існуе
толькі спроба ўладаў выкарыстаць Царкву ў сваіх мэтах. “Царква, якая
аб’ядноўвае вернікаў розных канфесій – каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў –
гэта сапраўды сіла, якая можа аб’яднаць беларускі народ, прывеесці да
пераменаў, ажыццявіць іх, стаць маральнай базай для пераменаў”, – заявіў
Павал Севярынец, адзначыўшы, што Царква гэта не толькі іерархі, але перадусім
вернікі.

 

Поўнае версію размовы
глядзіце на відэа:

Болей навін