Заява БХД: Пікеты БХД выклікалі істэрычную рэакцыю ўладаў

03 лютага 2014 12:39  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя абураная дзеяннямі сябраў “выбарчых камісій” Менску і прадстаўнікоў сілавых структураў у цывільным і ў
форме.

 

Падчас правядзення 2 лютага пікетаў на прамоўцаў БХД і
сябраў іх ініцыятыўных групаў аказваўся беспрэцэдэнтны ціск. Іх здымалі ва ўпор
на відэа, пагражалі гвалтам, абражалі. Прадстаўнікі выбаркамаў наўпрост зрывалі
пікеты, патрабавалі зняць “незарэгістраваную” нацыянальную
бел-чырвона-белую сімволіку.

 

Таксама гучалі пагрозы ў бок актывістаў, якія непадалёк
ад пікетаў збіралі подпісы супраць алкагалізацыі насельніцтва. Затрыманняў ля
ўніверсаму “Беларусь” удалося пазбегнуць толькі дзякуючы масавай
падтрымцы звычайных грамадзянаў.

 

БХД адзначае, што ўлады ўжывалі новыя метады падаўлення, парушаючы
дзеючае заканадаўства, у тым ліку права на свабоду выяўлення. Усё гэта сведчыць пра тое, што выбарчая кампанія Ярмошынай – гэта ні
што іншае, як добра арганізаваны спектакль. Выбараў няма – і БХД выкарыстоўвае кампанію, каб узмацніць супраціў рэжыму.

 

Разам з тым варта адзначыць, што простыя беларусы вельмі
добра рэагавалі на пікеты БХД. Яны не проста былі гатовыя падтрымаць
сваімі подпісамі альтэрнатыву дзеючай уладзе, але і баранілі актывістаў ад
гвалтоўных дзеянняў

 

БХД не пакіне факты гвалту без увагі, і будзе падаваць
адпаведныя заявы ў пракуратуру і праваабарончыя арганізацыі.

 

Фота з менскіх пікетаў глядзіце тут: ля Камароўскага рынку, ля ўніверсаму “Беларусь”, ля супермаркету “Гіппо”, ля ГЦ “Глоба”, ля кінатэатру “Кіеў”

Болей навін