Палітуцякач Андрэй Жукавец апраўданы

06 лютага 2014 19:59  |  Галоўныя навіны

 

Сябар БХД Андрэй Жукавец ад сёння – свабодны чалавек. Акружны суд у Беластоку, які разглядаў апеляцыйныя скаргі беларускага палітычнага ўцекача ды ягонага адваката, агучыў сваю пастанову.

Суд першай інстанцыі асудзіў Жукаўца на 3 гады зняволення і 15 тысяч злотых штрафу за тое, што нібыта Жукавец ажыццявіў махлярства з крэдытамі ў сярэдзіне 90-х гадоў у Беларусі, калі займаўся бізнесам.

 

Сам Жукавец, а таксама шматлікія прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці сведчаць, што гэта палітычны пераслед за дапамогу апазіцыі.

Андрэй Жукавец кажа, што адчувае радасць ад таго, што ёсць вольным, аднак сама судовая пастанова выклікае здзіўленне:

 

– Згодна з польскім заканадаўствам я чалавек невінаваты, які не здзейсніў ніякага злачынства. Аднак, паводле апеляцыйнага суда, суд першай інстанцыі ўсё зрабіў правільна, толькі апеляцыйны суд не можа мяне прызнаць вінаватым, бо згодна з польскім заканадаўствам справу трэба спыніць.

 

Такое рашэнне: і нашым, і вашым. І каб Лукашэнка быў задаволены, і каб суддзі і пракуроры, якія “столькі ўсяго зрабілі” ў гэтай справе, былі задаволеныя. 

 

У сваёй апеляцыі Андрэй Жукавец адзначаў шматлікія парушэнні ў судовым працэсе, які цягнуўся больш за дзесяць гадоў. У прыватнасці, гэта неіснуючыя сведкі з Латвіі, фальшаванні ў тлумачэнні дакументаў, непрадастаўленне адваката, прыцягненне да справы ў час судовыях дзеянняў у Беларусі суддзі Наталлі Пыкінай, якая ўнесена ў так званы “чорны спіс” Еўразвязу.

 

Аднак апеляцыйны суд не знайшоў парушэнняў у дзеяннях суда першай інстанцыі. Рашэнне на карысць Жукаўца вынесена, зыходзячы з таго, што скончыўся тэрмін даўнасці справы (які складае 15 гадоў), і каб не парушыць прынцып падвойнай каральнасці.

 

На агучванні пастановы апеляцыйнага суда прысутнічалі дэпутаты польскага Сейму ад партыі “Закон і Справядлівасць” Малгажата Гасеўская і Пётр Пызык. Апошні пракаментаў судовую пастанову для нашага радыё:

 

– Андрэй Жукавец не будзе пакараны толькі і выключна таму, што скончыўся тэрмін даўнасці справы… У мяне крыху іншае меркаванне ў параўнанні з тым, што агучыў апеляцыйны суд. Як дэпутат парламенту, я хацеў бы спытаць Міністра справядлівасці і Генеральнага пракурора пра тое, якім чынам навучаюць суддзяў. Постаць, напрыклад, Цанавы, які мардаваў напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя беларусаў, а пазней палякаў, гэтая постаць да сённяшняга дня тут трыюмфуе. Мяне ўражвае тое, што ўплывы “савецкага беларускага КДБ” такія моцныя. Я ўражаны такой сітуацыяй. 

Малгажэта Гасеўская казала пра тое, што ёй сорамна за польскае правасуддзе.

 

Анатоль Міхнавец са Звязу для дэмакратыі ў Беларусі падзякаваў усім, хто дапамагаў у справе Андрэя Жукаўца. У тым ліку Пятру Пызыку, Малгажаце Гасеўскай, старшыні фонду “Вольнасць і Дэмакратыя” Марку Буцько, старшыні незалежнага тэлеканалу “Белсат” Агнешцы Рамашэўскай-Гузы, сродкам масавай інфармацыі, у тым ліку Беларускаму Радыё Рацыё ды старшыні ўправы радыё Яўгену Вапу.

 

Анатоль Міхнавец кажа, што праўда перамагла:

 

– Будзем змагацца і ў іншых справах, каб нарэшце ў нас была нармальная краіна. Каб сумленных людзей за іх сумленнасць не пераследавалі, а яны былі ўшанаваныя і ўганараваныя як праз грамадскасць, так і праз дзяржаву”.   

 

Андрэй Жукавец упершыню быў затрыманы на тэрыторыі Польшчы ў 2001 годзе, калі на 86 дзён трапіў за краты з магчымай экстрадыцыяй у Беларусь, у тым ліку 32 дні галадаў у знак пратэсту супраць несправядлівага працэсу. Дзякуючы заангажаванасці СМІ, а таксама асобных людзей і арганізацый, быў вызвалены.

 

Пасля гэтага доўгія гады даводзіў у судах сваю невінаватасць. Ажыццявіць гэта атрымалася толькі цяпер.

 

* * *

 

Андрэй Жукавец кажа, што ўжо мае досыць судоў. Ягоны адвакат спадзяецца на пазітыўную для Андрэя судовую пастанову.

А 12-й гадзіне ў беластоцкім Акружным судзе абвесцяць вынікі разгляду касацыйнай скаргі на прысуд, паводле якога беларускі палітычны ўцякач асуджаны на 3 гады зняволення і 15 тысяч злотых штрафу. Паводле суда – за махінацыі з крэдытамі ў Беларусі 20 гадоў таму, паводле Жукаўца – за дапамогу апазіцыі.

 

Прэс-сакратар Акружнога суда адзначыў нашаму радыё, што не мае паўнамоцтваў паведамляць падрабязнасці працэсу:

 

– Апеляцыйная справа разглядалася ў мінулы чацвер, а сёння а 12-й гадзіне будзе абвешчаны прысуд. Іншай інфармацыі паведаміць не магу, а запрашаю на сённяшняе абвяшчэнне прысуду.

 

Дэпутатка польскага Сейму ад партыі «Закон і Справядлівасць» Маўгажата Гасеўскаяабураецца пазіцыяй пракурора ў справе Андрэя Жукаўца:

 

– Увесь час гаворачы пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ацэньваючы дакументы і дзейнасць суда і суддзяў у Беларусі, пракурор аспрэчвае, што там ёсць рэжым. Ён увесь час падкрэслівае, што гэта ў ацэнцы спадара Андрэя Жукаўца ў Беларусі ёсць рэжым. Але не, спадар пракурор, рэжым там усё ж ёсць. Калі пракурор пра гэта не ведае, то можа варта пераканацца ў гэтым. Няхай бы ён паехаў у Беларусь, заняў бок апазіцыі і паглядзеў.

 

Андрэй Жукавец упершыню быў затрыманы ў Польшчы ў 2001 годзе. Беларусі бок яго вышукваў у звязку са справай пра махінацыі з крэдытамі. Жукавец, у свой час паспяховы бізнесовец, фінансава дапамагаў апазіцыі, што лічыць і стала сапраўднай прычынай ягонага пераследу.

 

* * *

 

Пастанова суда ў справе палітычнага ўцекача Андрэя Жукаўца мае быць агучана 6-га лютага. Акружны суд у Беластоку разглядае касацыйныя скаргі самога Жукаўца ды яго адваката. У скаргах, у прыватнасці, адзначаюцца шматлікія факты фальшаванняў перакладаў у дакументах, “неіснуючыя” сведкі з Латвіі, непрадастаўленне абвінавачанаму адваката ды іншыя парушэнні ў час судовых разбіральніцтваў.

 

Як кажа Андрэй Жукавец, польскі суд, які не ведае беларускіх рэалій і заканадаўства, тым не менш вынес яму абвінаваўчы прысуд:

 

– Суддзя, які абвесціў прысуд першай інстатцыі, кіраваўся польскім правам. Але так не павінна быць. Калі не ведаеце беларускіх законаў, то не можаце судзіць. Буду чакаць прысуду. Але цяжка мне. Проста маю гэтага ўжо досыць.

 

Андрэй Жукавец у канцы красавіка 2013 года быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі і 15 тысяч злотых штрафу. Польскі суд спаслаўся на інфармацыю з беларускага боку ды абвіваціў Жукаўца ў незаконных дзеяннях з крэдытамі на тэрыторыі Беларусі ў 90-х гадах. Былы бізнесовец і дзеяч апазіцыі лічыць, што ўлады яго пераследуюць за дапамогу апазіцыі.

Болей навін