Памёр Рыгор Барадулін
Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя шчыра смуткуе з прычыны сьмерці клясыка беларускае літаратуры, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 году. Яму было 79 гадоў.
Рыгор Барадулін нарадзіўся 24
лютага 1935 году, на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласьць.
Працаваў
рэдактарам у розных пэрыядычных выданьнях (сярод іх — газэта «Советская
Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь»
і «Мастацкая літаратура». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працаваў больш за
20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай
дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН (1984).
Пачаў друкавацца
з 1953 году, першыя вершы былі зьмешчаныя ў газэце «Чырвоная змена». Першы
зборнік паэзіі — «Маладзік над стэпам» — выйшаў у 1959 годзе.
Да 25-годзьдзя
пантыфікату Папы Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Папы
Рымскага Яна Паўла II «Рымскі трыпціх» і меў магчымасьць пабачыцца з пантыфікам
на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г. У 2005 годзе выйшаў
зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла
выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.
Пераклаў на
беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980), зборнікі твораў
«Блакітны звон Грэнады» Гарсія-Лёркі (1975), «Мэлёдыя каліны» Івана Драча
(1981), «Ветраліст» Габрыелі Містраль (1984), «Рубаі» Амара Хаяма (1989);
«Слова пра паход Ігараў» (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы
Шэксьпіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна,
Гамзатава.
Рыгор Барадулін —
апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (1992). Узнагароджаны
Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і
пераклады з Фэдэрыка Гарсіі Лёркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны,
латыскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званьне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23
красавіка 1997 г.) і мэдалём Францыска Скарыны. Барадулін зьяўляецца Ганаровым
доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёну.
У 2006 годзе
кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію ў галіне
літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).