У Мінску прайшла канферэнцыя «Украіна: міфы і гістарычная праўда»

04 красавіка 2014 22:32  |  Галоўныя навіны

«Тысячагадовая гісторыя Украіны – бясконцая тэма для размовы. Украіна князя Уладзіміра, Хмяльніцкага, Бандэры, Януковіча, Майдана. Хто герой, а хто здраднік?», — гэтымі словамі палітык Павел Севярынец пачаў канферэнцыю, якая адбылася на сядзібе БНФ. Зрэшты, па свайму фармату яна больш нагадвала круглы стол, прысвечаны найбольш актуальным гістарычным праблемам.

Арганізатарам выступіў Камітэт салідарнасці з Украінай. У імпрэзе прынялі ўдзел гісторыкі Фёдар Клімчук і Алесь Пашкевіч, палітолаг Валерый Карбалевіч, паэт Сяргей Законнікаў, палітыкі Зміцер Дашкевіч, Мікола Дземідзенка, Віталь Рымашэўскі і Ігар Рынкевіч. А невялікая заля сядзібы БНФ была цалкам запоўнена гасцямі, передае “Наша Ніва”.

 

Як адзначыў Севярынец, камітэт вырашыў арганізаваць канферэнцыю, каб не заблытацца і разабрацца ў складаных гістарычных пытаннях. І каб прысутныя маглі скласці самастойнае меркаванне: дзе праўда, а дзе мана.

 

Цікава, што з украінскага пункту гледжання, літоўцы захапілі беларускія землі. І на іх думку, Украіна ўвайшла ў склад ВКЛ мірна і дабраахвотна. Нашыя паўднёвыя суседзі лічаць, што пры вялікакняжацкім двары ў Вільні гучала ўкраінская мова. А ВКЛ (прынамсі, да ХV стагоддзя) з’яўлялася пераемніцай Кіеўскай Русі. А таму часткова і украінскай дзяржавай. Вельмі высока ацэньваецца Вітаўт. Менавіта ў гады яго кіравання поўдзень Украіны ўвайшоў у склад ВКЛ.

Каментуючы такі падыход, гісторык Алесь Пашкевіч зрабіў іранічную заўвагу. Гэткім чынам украінцы спрабуюць даказаць свой унёсак у спадчыну княства. Але «ўбіцца» цяжка, бо тэрыторыя сённяшняй Украіны была ў ВКЛ перыферыяй. Нашыя паўднёвыя суседзі робяць акцэнт хутчэй на галіцка-валынскім перыядзе, які лічыцца адной з калысак украінскай дзяржаўнасці.

Павел Севярынец, які вёў канферэнцыю, паспрабаваў «раскруціць» фразу Пашкевіча пра перыферыю. Адкуль паходзіць слова «Украіна», спытаў Севярынец. Ад слова «краіна» або «ускраіна», як паблажліва казалі ў Маскве? З адказу Пашкевіча можна было зразумець, што ён схіляецца да другога варыянта, але не бачыць тут ідэалогіі.

З шэрагу тэмаў, якія абмяркоўваліся цікавасць прысутных выклікаў феномен Палесся. Як яго разглядаць: як рэгіён, які належыць да пэўнай культуры або нацыі ці да памежжа? Лінгвіст Фёдар Клімчук мае ўласны погляд.

 

Казаць пра самастойны палескі этнас не выпадае. Ніхто не змог дакладна вызначыць іх межы. Ды і саміх палессяў надзвычай шмат.

Асобна вылучаюць тураўска-мазырскае Палессе, Берасцейшчыну, усходнюю Гомельшчыну. На тэрыторыі Украіны – валынскае і жытомірска-кіеўскае. Свае Палессі існуюць і на тэрыторыі Расіі (напрыклад, заходне-бранскае, якое блізкае да гомельскага). Аднак мясцовыя гаворкі сапраўды адрозніваюцца ад літаратурных моў. На Палессі захавалася шмат архаічнасці.

 

Невялікую дыскусію выклікала відэа пра Запарожскую Сеч. Сітуацыю, калі Рада (сход свабодных людзей) распараджалася ўладай, Севярынец параўнаў з Майданам.

 

Разважанні пра Сеч як свабодную «рыцарскую» дзяржаву натхнілі аднаго з прысутных на крытыку твора «Тарас Бульба». «Чаму Гогаль адлюстраваў там норавы Масквы, а не Запарожскай Сечы? – спытаў ён. – Тарас не мог самастойна вырашаць лёс свайго сына, а быў павінен аддаць яго пад суд». Але ўдзельнікі канферэнцыі абаранілі рэпутацыю Гогаля. Літаратар мае права на фантазію.

 

Чарговым прыкладам таго, як гісторыя паўтараецца ў стагоддзях, стаў эпізод, які прагучаў у выступленні Алеся Пашкевіча. Гісторык расказваў пра ўкраінскі нацыянальны рух. У пачатку ХХ стагоддзя ён развіваўся ў двух накірунках. Бо адна частка Украіны знаходзілася ў складзе Расійскай імперыя. Другая частка – у складзе Аўстра-Венгрыі.

 

У пачатку ХХ стагоддзя на Галіччыне, якая належала Аўстрыі, развіваўся рух за адзінства з Масквой. Яго прыхільнікі называлі сябе русінамі. Але пачалася Першая сусветная вайна. На Галіччыну прыйшла руская армія, і сваімі паводзінамі хутка знішчыла ўсю прыхільнасць да сваёй дзяржавы.

 

Пакрысе ад гістарычных тэмаў выступоўцы перайшлі да больш сучасных. Валер Карбалевіч падзяліўся сакрэтамі перамогі першага Майдану. А яго маладыя калегі расказалі пра сваю прысутнасць у Кіеве падчас другой па ліку ўкраінскай рэвалюцыі. Зрэшты, гэтыя падзеі таксама сталі гісторыяй. Толькі менш далёкай ад нас па часе, чым Кіеўская Русь або Запарожская Сеч.

 

Гаворачы пра Ўкраіну, фактычна кожны параўноўваў сытуацыю ў ёй са становішчам у Беларусі. «Нават у савецкія часы была вялікая розьніца», — казаў знакаміты паэт Сяргей Законьнікаў. Ён даў два вызначэньні гэтай розьніцы. Спачатку жартаўлівае:

«У нас любяць „чынашанаваньне” — шанаваць чыны. А ўкраінцы любяць самі чыны. Вось у чым адрозьніваюцца беларусы ад украінцаў. Гэта чыста маё жартоўнае назіраньне. Але яно праяўляецца. Яно праяўляецца і сёньня», паведамляе “Радыё Свабода”.

А затым і яшчэ адно вызначэньне розьніцы назваў спадар Законьнікаў:

«Усё-такі нацыянальная сьвядомасьць на Ўкраіне больш авалодвала людзьмі. Нашмат больш, чым у нас. І „размываньне” ішло не такое, як у нас. У нас, давайце скажам шчыра, што Ўсходняя, што Заходняя Беларусь — ужо ўсё размыта. І па вялікім рахунку, мы можам знайсьці дзесьці толькі выспачкі нашага нацыянальнага. А там — не. Там нацыянальная сьвядомасьць, нягледзячы на русыфікацыю, заставалася.

Чым адрозьніваецца Майдан першы ад Майдана другога? Гэты Майдан украінцам даў магчымасьць зразумець, што ў іх ёсьць Айчына, якую яны любяць. Ёсьць такая Радзіма, за якую можна памерці, пайсьці на сьмерць. Той, першы Майдан яшчэ ня даў такога адчуваньня вялікай масе народу».

Чаму дэмакратычныя сілы Ўкраіны здольныя перамагаць, а беларускія — не,— патлумачыў палітоляг Валер Карбалевіч:

«Формула перамогі, на першы погляд, гучыць вельмі проста. Гэта заваёва электаральнай большасьці плюс вулічныя акцыі. Спроба перамагчы аўтарытарны рэжым толькі з дапамогай аднаго з гэтых чыньнікаў не спрацоўвае. Што пацьвярджае і беларускі досьвед».

«Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай пакуль працуе як ініцыятыўная група», — сказаў Свабодзе сябра камітэту Ігар Рынкевіч:

«Мы далучаем прадстаўнікоў ад сур’ёзных арганізацыяў Беларусі (палітычных партыяў, рухаў) для таго, каб скаардынаваць акцыі салідарнасьці, распаўсюджваць інфармацыю пра сучасныя падзеі ва Ўкраіне. І каб салідарнасьць з дэмакратычнай Украінай была больш шырокай на міжнародным узроўні».

Болей навін