Круглы стол па рэформе ЖКГ: дзяржава абкрадае беларусаў двойчы

23 студзеня 2015 15:04  |  Галоўныя навіны

У Мінску 22 студзеня Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
правяла круглы стол “Канцэпцыя Рэфармавання сістэмы жыллёва-камунальнай
гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Як паменшыць карупцыю і зрабіць сістэму ЖКХ
больш эфектыўнай?”. Удзел у абмеркаванні канцэпцыі ўзялі эксперты, гарадскія
ініцыятывы менчукоў.

 

Канцэпцыя рэформы ЖКГ прадугледжвае адмову ад усялякага
павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ. Паводле экспертаў, беларусы ўжо плоцяць за
некаторыя паслугі больш за 100% кошту. Пацверджаннем гэтага з’яўляецца той
факт, што ўсе новыя дамы прымушаюць заключаць кантракты з ужо існуючымі ЖРЭА,
тады як многія дамы, якія абслугоўваюцца самі, плацяць не больш, а часам нават
менш за паслугі ЖКГ.

 

“Дзяржава абкрадае беларусаў двойчы. Першы раз, калі выстаўляе
высокія тарыфы, а другі – калі крадзе грошы з бюджэту, які ніхто не кантралюе”,
– адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі.

 

У якасці першых крокаў па рэформе ЖКГ прапануецца спрыяць
стварэнню прыватных камунальных службаў дзеля стварэння рынку паслугаў ЖКГ.
Таксама прапануецца ліквідаваць карумпаванае міністэрства ЖКГ, якое непасрэдна
ўдзельнічае ў абкраданні беларусаў.

 

БХД заклікае іншыя партыі, арганізацыі і ініцыятывы далучацца
да правядзення кампаніі за рэформу жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Болей навін