Чарговага сябра БХД пазбаўляюць працы за палітыку

31 сакавіка 2015 02:26  |  Галоўныя навіны

Услед за Сяргеем і Мікалаем
Верамеенкамі з Гародні
ўлады вырашылі пазбавіць працы яшчэ аднаго сябра
аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” – Сержука Васільева
з Мёраў. Чалавек, які мае дзве вышэйшыя адукацыі і шмат гадоў прапрацаваў
настаўнікам, не можа ўладкавацца на працу нават вартаўніком.

 

Праблемы
з працай у яго пачаліся пасля 15-суткавага арышту за Плошчу 2010 года. Да
красавіка 2012 года ён даглядаў сваю хворую маці, а пасля таго, як маці
памерла, яго не хацелі нідзе ўладкоўваць на працу. У рэшце рэшт, ён уладкаваўся
грузчыкам на камбікормавы завод. Але ціск на яго не спыніўся. 2 ліпеня 2013
года, раённыя ўлады баючыся яго актыўнасці на афіцыйны дзень Незалежнасці,
прымусілі дырэктара заводу паставіць актывісту дзве працоўныя змены запар.

 

У выніку
з-за праблемаў са здароўем Сяржук Васільеў быў вымушаны звольніцца і
ўладкавацца на працу ахоўнікам у краму. Аднак пасля таго, як ён стаў прамоўцам
БХД падчас мясцовай кампаніі 2014 года, калектыў крамы прымусілі напісаць, што
яны яму не давяраюць і яго звольнілі. І гэта нягледзячы на тое, што абараняючы
маёмасць крамы актывіст перад гэтым пацярпеў ад злачынцы.

 

Сяржук
Васільеў зноў уладкаваўся на працу грузчыкам. Але з-за праблемаў са здароўем
дактары забаранілі яму падымаць больш за 5 кілаграмаў. Паводле кантракту яго
перавялі ў пункт другаснай сыравіны вартаўніком. Але працуе ён там толькі да 10
красавіка 2015 года, калі скончваецца кантракт.

 

У размове
з старшынём райвыканкама Кузняцовым апошні прагаварыўся, што ўсе праблемы з
працай у Васільева з-за сувязяў з апазіцыяй. “Вы ж самі ўсё разумееце”, – дадаў
ён.

 

Пра тое,
што праз апазіцыйную дзейнасць актывіст нібыта шкодзіць Беларусь заяўляў і
начальнік раённага аддзелу адукацыі, намякаў на гэта і галоўны ідэолаг.

 

“Гэта не
проста пераслед, гэта здзекі. З мяне фактычна зрабілі палітбамжа”, – адзначае
Сяржук Васільеў.

Болей навін