Віталь Рымашэўскі заклікае дэмсілы прызнаць затрыманых графіцістаў палітвязнямі
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі заклікае дэмакратычныя сілы Беларусі прызнаць палітвязнямі асобаў, затрыманых па так званай “справе графіцістаў”.
“Вызваленне шасцёх палітвязняў – радасная навіна для ўсіх дэмакратычных сілаў, але сітуацыя пасля гэтага ў Беларусі ніяк не змянілася. Прынамсі тры чалавекі, затрыманыя за беларускамоўныя графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе”, зараз застаюцца палітвязнямі. І гэта пры тым, што за ўвесь час у Беларусі не было ніводнай справы за нацысцкія і ім падобныя графіці”, – адзначыў ён.
“Арышты графіцістаў праходзілі са збіццём і шматлікімі парушэннямі. Крымінальныя артыкулы, якія ім інкрымінуюць, не маюць ніякіх падстаў. Максімум, як яны могуць быць пакараныя, – гэта па адміністратыўным артыкуле. Відавочна, справа палітычная. Сітуацыя паўтарае падзеі перад “выбарамі” 2010 года, калі быў вызвалены Аляксандр Казулін, але былі зняволеныя іншыя, у тым ліку Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч, якія выйшлі на свабоду ў суботу”, – дадаў сустаршыня БХД.
“Нельга зноў дапусціць гандаль людзьмі. Не павінна быць “аплаты” рэжыму за вызваленне палітвязняў: ні эканамічнай, ні палітычнай, бо гэта матывуе браць новых закладнікаў. Нармалізацыя стасункаў Беларусі с дэмакратычным светам павінна суправаджацца сапраўднай дэмакратызацыяй у Беларусі і паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека. Сёння такога не адбываецца, назіраецца толькі пагаршэнне”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Палітык заклікаў дэмакратычныя сілы Беларусі выступіць адзіным фронтам і прызнаць затрыманых графіцістаў палітвязнямі, патрабуючы іх тэрміновага вызвалення. “Бліжэйшыя дні БХД складзе адпаведную заяву і накіруе яе да ўсіх нашых партнёраў як унутры Беларусі, так і за межамі, а таксама мы заклікаем улады да вызвалення затрыманых”, – паведаміў ён.