Садоўскі: выбары несвабодныя і недэмакратычныя, а іх вынік сфальсіфікаваны
Кампаніі назірання “Права выбару-2015” цягам асноўнага дня галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь здзяйсняла назіранне на 642 выбарчых участках.
На 450 выбарчых участках назіральнікі кампаніі валодалі лічбамі аб агульнай колькасці грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчых ўчасткаў, што дала магчымасць зрабіць падлік яўкі выбаршчыкаў.
Такім чынам на 450 выбарчых участках у асноўны дзень галасавання па падліку назіральнікаў прагаласавала 336577 чалавек. Паводле афіцыйных звестак – 368878 чалавек. Разыходжанне ў падліку колькасці прагаласаваўшых грамадзян склала – 32 301 чалавек, альбо 9,6%. Яўка ў асноўны дзень галасавання на гэтых участках па звестках назіральнікаў склала 42,2%.
У Мінску ў асноўны дзень галасавання, на 82 выбарчых участках, дзе назіральнікі валодалі лічбамі аб агульнай колькасці грамадзян, у асноўны дзень галасавання прагаласавала 58 476 выбаршчыкаў. Паводле афіцыйных звестак на гэтых жа ўчастках прагаласавала 63 022 чалавекі. Разыходжанне ў падліку колькасці прагаласаваўшых грамадзян склала – 4 546 чалавек, альбо 7,8%. Яўка па Мінску ў асноўны дзень галасавання на гэтых участках па звестках назіральнікаў склала 40,7%.
Па звестках назіральнікаў кампаніі “Права выбару-2015”, якія мелі поўныя звесткі аб агульнай колькасці грамадзян, якія зарэгістраваны на 552 выбарчых участках яўка на датэрміновам галасаванні ў цэлым па краіне склала 29,8%. Па афіцыйных звестках яўка на гэтых жа ўчастках склала 31,1%. У цэлым па краіне, па афіцыйных звестках ЦВК яўка склала 36,05%.
Па падліку назіральнікаў найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання выяўлена на наступных участках:
№2 Мазыр, Гомельская вобласць: па звестках назіральнікаў – 280 чалавек, па афіцыйных звестках – 584 чалавек. Розніца складае 304 чалавекі, альбо 108%;
№51 Мікашэвічы, Брэсцкая вобласць: па звестках назіральнікаў – 781 чалавек, па афіцыйных звестках – 1148 чалавек. Розніца складае 367 чалавек, альбо 47%;
№16 Цэнтральны раён Мінска: па звестках назіральнікаў – 633 чалавек, па афіцыйных звестках – 1223 чалавекі. Розніца складае 590 чалавек, альбо 93,2%.
Усяго назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2015” у дзень асноўнага назірання было пададзена 509 скаргаў. Агульная колькасць скаргаў, якія назіральнікі падалі ў выбарчыя камісіі за ўвесь час назірання склала 900. За увесь час галасавання было пазбаўлена акрэдытацыі 36 назіральнікаў. Рэкорд па выдаленні з выбарчых участкаў паставіў назіральнік Арцём Лява. Яго члены ўчастковых выбарчых камісій выдалялі тры разы.
Найбольш часта фіксуемымі інцыдэнтамі назіральнікамі “Права выбару-2015” у асноўны дзень галасавання былі: пазбаўленне акрэдытацыі назіральнікаў, недопус назіральнікаў да падліку галасоў, а таксама непрадастаўленне інфармацыі аб спісах выбаршчыў, колькасці прагаласаваўшых і іншае.
У дзень асноўнага галасавання прадоўжылася маніпуляцыя са спісамі выбаршчыкаў. На раніцу 11 кастрычніка агульная колькасць выбаршчыкаў па дадзеных, прадастаўленых назіральнікам членамі ўчастковых выбарчых камісій на 584 участках склала 1042008 чалавек, а па выніках дадзеных напісаных у выніковых пратаколах гэтая лічба склала 1015137 чалавек, што склала розніцу ў 26871 чалавека, альбо 2,7%.
Назіральнікі кампанія назірання “Права выбару – 2015”, якія ажыццяўляюць назіранне на 642 выбарчых участках па усёй краіне зафіксавалі, што на 106 з іх галасаваць па месцу жыхарства па дадзеных участковых камісіі выказалі жаданне больш за 100 чалавек.
На некаторых з участкаў колькасць жадаючых прагаласаваць на даму ўвогуле зашкалівала. Найбольшая колькасць жадаючых прагаласаваць на даму была зафіксавана на наступных выбарчых участках: г. Віцебск, Кастрычніцкі раён, участак №5 – 577 чалавек; г. Орша, ўчастак №16 – 503 чалавекі; г. Полацк, ўчастак №10 – 491 чалавек, Віцебская вобласць, г.п. Езярышча, участак №8 – 481 чалавек, г. Магілёў, Ленінскі раён, участак №41 – 400 чалавек.
Тое, што такая колькасць чалавек нават фізічна не можа прагаласаваць па месцы жыхарства яскрава дэманструе прыклад такога галасавання, які быў зафіксаваны на ўчастку №8 у горадзе Орша. Там па дадзеных камісіі яшчэ з самай раніцы выказалі жаданне прагаласаваць па месцы жыхарства каля 350 чалавек (дакладную лічбу кіраўнік выбарчай камісіі адмовілася прадаставіць). У 10.00 выехала 2 групы па 2 чалавекі з ліку сябраў участковай выбарчай камісіі. Адна група ўзялася аб’язджаць 50 чалавек, другая – 300 чалавек. Узяць з сабой назіральнікаў, група якая мела намер аб’ехаць 300 чалавек, катэгарычна адмовілася, спаслаўшыся на адсуднасць свабодных месцаў у машыне. Вярнулася гэта группа ў 15.50. Такім чынам, 300 чалавек яны паспелі аб’ехаць за 4 гадзіны 50 хвілін. На аднаго чалавека камісія траціла 1 хвіліну 10 секунд. Ці рэальна гэта? Канешне не. На гэтым жа участку быў зафіксаваны выпадак, калі на датэрміновае галасаванне запісаўся памерлы ў верасні грамадзянін.
Агульныя высновы назірання ў асноўны дзень галасавання падводзіць адзін з каардынатараў кампаніі “Права выбару-2015”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі:
– Тое, што мы назіралі падчас датэрміновага галасавання і на этапе фарміравання выбарчых камісій прадоўжылася і ў асноўны дзень галасавання. Нашы назіральнікі зафіксавалі маніпуляцыю з яўкай і спісамі выбаршчыкаў, а таксама маніпуляцыі з колькасцю запісаўшыхся прагаласаваць на даму. Усё гэта, а таксама нядопуск нашых назіральнікаў да падліку галасоў, дае нам падставы лічыць гэтыя выбары несвабоднымі і недэмакратычнамі, а іх вынік сфальсіфікаваным.
Другі каардынатар кампаніі назірання Алесь Сілкоў лічыць, што выбары адбываюцца па сцэнары папярэдніх выбарчых кампаній:
– Сыходзячы з таго, што не было адкрытага падліку галасоў мы канстатуем, што выбарчая сістэма Беларусі прадэманстравала чарговую негатоўнасць да свабоднага і адкрытага галасавання. На жаль мы канстатуем, што краіна яшчэ на пяць год стала закладніцай недэмакратычнай улады.
У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.