Сябры БХД ратуюць вёскі ад несанкцыянаваных сметнікаў (фота)
Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Магілёўскай вобласці правялі экалагічную акцыю ў вёсцы Сяргеевічы Кіраўскага раёну па яе ўратаванні ад несанкцыянаваных сметнікаў. Акцыя па прыбіранні звалкі, якая існуе гадоў 20, зацягнулася на тры дні.
Прыбраўшы смецце, актывісты БХД высадзілі на ачышчанай пляцоўцы алею прыкладна з 20 дрэваў. Таксама да тых, хто выкідае смецце ў недазволеных месцах, была пастаўленая шыльда з заклікам апомніцца і пакінуць чыстую зямлю нашчадкам.
Раней неабыякавыя жыхары вёскі неаднаразова звярталіся ў сельсавет, каб тыя паклалі канец звалцы. Улады пасля шматлікіх просьбаў аднойчы смецце вывезлі, але большасць людзей па-ранейшаму працягвае выкідаць адходы там, дзе больш падабаецца. Зараз рыхтуецца зварот у лясныя ведамствы Бабруйскага і Кіраўскага раёнаў, каб прыцягнуць увагу да праблемы.
«Навакол вёсак усё – лясы, палі, балоты – забруджана сметнікамі, старымі лядоўнямі, тэлевізарамі. І ніхто гэтым не займаецца. Людзі ж, дзе прыдумаюць, там і звальваюць смецце. У гарадах улады прыбіраюць, а на вёску ніхто не звяртае ўвагі. Зарплаты ў дворнікаў у гарадах вышэй, чым у медыкаў. Увогуле ж у краіне шмат трэба прыбіраць. Чыноўнікаў таксама трэба прыбіраць, якія замест паліклінік будуюць сабе дамы, настаўнікаў, якія фальсіфікуюць выбары”, – адзначыла каардынатар аргкамітэту БХД Таісія Кабанчук.