Георгі Дзмітрук узяў удзел у малітоўным сняданку разам з кіраўніцтвам Украіны (фота)
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Георгі Дзмітрук 2 чэрвеня ва Украіне ўзяў удзел у 5-м Нацыянальным малітоўным сняданку, у якім удзельнічалі лідары ўсіх канфесій Украіны, палітычнага кіраўніцтва краіны, уключаючы прэзідэнта Пятра Парашэнку і прэм’ер-міністра Уладзіміра Гройсмана, міжнародных гасцёў: дыпламатаў, палітыкаў, еўрадэпутатаў.
“Традыцыя малітоўных сняданкаў глыбока ўкаранёная ў палітычнай культуры ЗША і Еўропы. Першы раз іх правёў яшчэ Эйзенхаўэр. Мэта іх у тым, каб прадстаўнікчі розных канфесій і палітычных партый маглі сабрацца разам, памаліцца за сваю краіну, з дапамогай Бога прыняць правільныя для развіцця краіны рашэнні. Таму тут не было палітычных дыскусій, але была цудоўная малітва за Украіну, за ўкраінскіх ваяроў, за мір і вырашэнне эканамічных ды іншых праблем. Усе едныя ў тым, што ўкраінцам важна праявіць хрысціянскую салідарнасць, не дзяліцца і не ціснуць. Падмурак для гэтага – Слова Божае”, – адзначыў Георгі Дзмітрук, які быў адзіным прадстаўніком Беларусі.
Паводле яго, падчас сняданку атрымалася перамовіць з прадстаўнікамі розных палітычных структур. “Было вельмі прыемна, што ўкраінцы вельмі прыязна ставяцца да беларусаў, моляцца за Беларусь. Украіна палітычна гатовая да дыялогу. І для гэтага ў нас ёсць аграмадная палітычная культура, заснаваная на хрысціянскіх прынцыпах дабра, узаемапавагі і узаемаразумення. У нас вялікая сумесная будучыня”, – дадаў сустаршыня БХД.
Ён выказаў шкадаванне, што падобных малітоўных сняданкаў няма ў Беларусі. Георгі Дзмітрук паведаміў, што ў краіне ўжо ёсць ініцыятыўная група, якая магла б стаць арганізатарам падобных сустрэч. “Хацелася б, каб палітыкі – апазіцыйныя і пазіцыйныя – прыслухаліся адно да аднаго, каб праявілі здаровую волю, хрысціянскае яднанне, каб была сумесная пляцоўка збору людзей, якія ў сэрцах хвалююцца за Беларусь”, – заявіў палітык.
Пасля малітоўнага сняданку распачаўся міжнародны форум “Узаемадзеянне палітыкаў і грамадскасці ў прасоўванні хрысціянскіх каштоўнасцяў на міжнароднай арэне”, у якім таксама бяруць удзел палітыкі і хрысціянскія лідары Украіны і краін Еўропы. 3 чэрвеня форум працягнуўся, паведаміў Георгі Дзмітрук.