У Маладзечне пасля “Маршу недармаедаў” затрымалі лідараў правацэнтрыстаў (відэа, абнаўляецца)
У Маладзечне пасля “Маршу недармаедаў” былі затрыманыя лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі Віталь Рымашэўскі (БХД), Анатоль Лябедзька (АГП) і Юрась Губарэвіч (РЗС), а таксама лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова, журналіст Сяргей Каралевіч і шэраг іншых. Зараз яны знаходзяцца ў Маладзечанскім РАУС, ідзе “разбіральніцтва”.
Віталя Рымашэўскага затрымалі міліцыянты і людзі ў цывільным каля яго машыны, пры гэтым брутальны закінуўшы ў міліцэйскае аўто. У момант затрымання сустаршыня БХД вёў анлайн-трансляцыю. Гэтак жа як і старшыня АГП Анатоля Лябедзька, якога разам з лідарам РЗС Юрасём Губарэвічам затрымалі на пераходзе людзі ў цывільным, закінуўшы ў мікрааўтобус.
Таксама сярод затрыманых і лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова. Яе затрымалі ў момант, калі яна сядзела на лаўцы з кіраўніком АГП у Маладзечне. Па словах адказнага сакратар БХД Дзяніса Садоўскага, з якім яна размаўляла ў момант затрымання па тэлефоне, на актывістаў накінуліся людзі ў цывільным, якія, не прадставіўшыся, паклалі іх тварамі на зямлю і зацягнулі ў машыну. Пры гэтым лідарку ХДР ударылі галавой аб машыну.
“Міліцыі ганьба! Але мы пераможам, бо з намі праўда! Уздымайся, беларускі народ, толькі ты самы моцны супраць гэтага беззаконня!” – паведаміла ў Facebook Вольга Кавалькова.
Паводле яе, апроч лідараў апазіцыі ў РАУС зараз знаходзіцца таксама некалькі шараговых жыхароў Маладзечна, якія кажуць, што затрыманні праводзілі не маладзечанскія міліцыянты.
21:07 Па словах Юрася Губарэвіча ў Facebook на затрыманых пачалі складаць пратаколы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў), што прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь ці адміністратыўны арышт.
21:45 Па словах Вольгі Кавальковай, пры ёй супрацоўнік міліцыі патэлефанаваў жонцы Віталя Рымашэўскага і паведаміў, што ён затрыманы да суду. Дата суду невядомая. Верагодна, у панядзелак. Такім чынам лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі могуць прапусціць акцыі, запланаваныя на 11 і 12 сакавіка ў Пінску, Бабруйску, Рагачове і Воршы.
21:55 Дзяніс Садоўскі разам з сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам прыехалі ў Маладзечна. “Паразмаўлялі з начальнікам РАУС. Па выглядзе ён сам спужаны. Асноўная тэза – разбіраемся, усё разумеем”, – адзначыў ён.
22:40 “Сяджу ў жалезнай клетцы. Гэта нейкая тройка НКУС проста, без адвакатаў і сведак. Усё цёмнае любіць цемру. Відавочна, затрымаюць на суткі. Суд – толькі фармальны цырк. Маладэчна малайцы! Бабруйск, Ворша, Пінск, Менск – вы здольныя правесці пратэст самастойна! Жыве Беларусь!” – паведаміў Віталь Рымашэўскі.
22:50 Павел Севярынец спрабуе пакінуць для затрыманых перадачы, але іх пакуль браць адмаўляюцца. Разам з тым ён напісаў скаргу на тых, хто брутальна затрымліваў людзей за рэалізацыю канстытуцыйнага права на мірны пратэсту. Скаргу ў РАУС прынялі.
23:00 У Маладзечанскі РАУС прыбыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая патрабуе да суду вызваліць усіх затрыманых. Разам з тым сталі вядомыя імёны некаторых міліцыянтаў, якія затрымлівалі палітыкаў. Гэтак, Вольгу Кавалькову затрымліваў маёр міліцыі Корсак Д.Л., старшы інспектар УОПП Менаблвыканкама.
“Сказалі, сёння будзе суд”, – паведаміла Вольга Кавалькова.
23:20 Вольга Кавалькова паведамляе, што міліцыя збіраецца фармаваць канвой, каб адвезці затрыманых у суд.
0:00 Дзяніс Садоўскі паведамляе, што ў будынку суда гарыць адно з вокнаў.
01:00 “Патруль каля суду ў Маладэчна мы знялі. Святло ў будынку суда пагасла. Больш ніхто адтуль не выходзіў і не выязджаў. Што там было, хіба, мы так і не даведаемся. Суд могуць правесці заўтра і да заўтра хіба ўсіх затрыманых пратрымаюць у РАУС”, – паведаміў Дзяніс Садоўскі.
Мітынг у Маладзечне прайшоў нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў і пагрозы адміністратыўнай адказнасцю ад кіраўніка горада Аляксандра Яхнаўца, якога жыхары горада прагналі крыкамі “Ганьба!”. Агулам удзел у маршы ў райцэнтры ўзялі ад 500 да 1000 чалавек, якія пратэставалі не столькі супраць дэкрэту №3, колькі за адстаўку дзеючага кіраўніцтва краіны і персанальна Аляксандра Лукашэнкі.