Разгляд касацыйных скаргаў Мікалая Саляніка, Галіны Ламашэвіч і Вольгі Верамеенка прадоўжыцца

31 сакавіка 2017 16:45  |  Палітыка

Разгляд касацыйных скаргаў Мікалая Саляніка, Галіны Ламашэвіч і Вольгі Верамеенка прадоўжыццаГарадзенскі абласны суд не здолеў за адно паседжанне разгледзець касацыйныя скаргі незаконна засуджаных грамадскіх актывістаў за ўдзел у Маршы неДармаедаў, які прайшоў у Гародні 19 лютага.

14 сакавіка суддзя Ленінскага раённага суду Руслан Гурын засудзіў актывістаў Мікалая Саляніка да 8 базавых штрафу, Галіну Ламашэвіч – да 7 базавых штрафу, Вольгу Верамеенку – да 15 базавых штрафу, а актывіста ПБНФ Вадзіма Саранчукова – да 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Усе засуджаныя не пагадзіліся з такой пастановай і падалі касацыйныя скаргі.

Суддзя абласнога суду Уладзімір Янкоўскі 20 хвілін разглядаў скаргі. Верамеенка, Ламашэвіч і Саранчукоў падтрымалі свае скаргі. Вадзім Саранчукоў звяртаў увагу абласнога суду на недарэчнасці ў пратаколе, складзеным міліцыянтамі ў дачыненні да яго. Там абсалютна няправільна быў пазначаны час знаходжання Саранчукова на Савецкай плошчы 19 лютага. Саранчукоў таксама паясніў, што ён не браў ніякага ўдзелу ў мітынгу, а проста збіраў подпісы за адмену “дармаедскага” дэкрэту №3, на што меў поўнае права згодна з заканадаўствам. Трэцяя акалічнасць, на якую звяртаў увагу Вадзім Саранчукоў – гэта неадэкватнасць, і празмернасць пакарання, якое было ўжытае да яго, як да бацькі трох малалетніх дзяцей.

Паколькі ў суд на разгляд касацыйнай скаргі не мог з’явіцца Мікалай Салянік, які зараз адбывае адміністрацыйны арышт па іншай пастанове Ленінскага суду, суддзя зрабіў перапынак. У звязку з тым, што Салянік падаў хадайніцтва аб сваёй прысутнасці на разглядзе скаргі, суддзя перанёс працяг разгляду скаргаў на 10 красавіка.

Гарадзенская Вясна

Болей навін