“Хрысціянская дэмакратыя была храбтом беларускай дзяржаўнасці”: БХД адзначае юбілей

25 мая 2017 13:24  |  Галоўныя навіны

“Хрысціянская дэмакратыя была храбтом беларускай дзяржаўнасці”: БХД адзначае юбілей

 

24 траўня ў Мінску адбылася канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю заснавання 24-25 траўня 1917 года партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Пачалася канферэнцыя з малітвы “Ойча наш” і прэзентацыі кніг пра гісторыю БХД і дзеячоў беларускай хадэцыі, якія выйшлі сёлета – “Беларуская хрысціянская дэмакратыя: 1917-2017” і “100 асобаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”.

Хрысціянская дэмакратыя – не еўрапейская вынаходка
Як адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец, увогуле гісторыя хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі налічвае больш за тысячу гадоў. У якасці прыкладу гэтага ён прывёў вечавы лад у Полацкім княстве і шляхецкую дэмакратыю ў Вялікім княстве Літоўскім, імкненне да дэмакратыі і хрысціянства лідараў вызваленчых паўстанняў ХІХ стагоддзя. “За 1000 гадоў існавання беларускай дзяржаўнасці менавіта хрысціянская дэмакратыя была яе храбтом”, – адзначыў палітык.
Пры гэтым ён нагадаў, што з 50 лідараў міжваеннай БХД 1920-1930-х гадоў, 15 сталі ахвярамі нацыстаў, 32 – камуністаў.стагоддзе БХД 6“Хрысціянская дэмакратыя – не еўрапейская вынаходка, прыўнесеная ў Беларусь. Хрысціянская дэмакратыя была натуральнай на тэрыторыі Беларусі”, – заявіў Павел Севярынец, дадаўшы, што Беларусь – адзіная краіна, дзе хрысціянска-дэмакратычная партыя незарэгістраваная.
З вітальнымі словамі на канферэнцыі выступілі лідары іншых беларускіх партый і рухаў. Гэтак, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падкрэсліў, што гісторыя хрысціянскай дэмакратыі з’яўляецца “неад’емнай часткай змагання беларусаў за ўласную дзяржаву і нацыянальнае адраджэнне”.  “Магчыма, зараз засноўваецца новая традыцыя, калі 1917 год будзе асацыявацца не з Кастрычніцкай рэвалюцыяй, а з утварэннем БХД”, – падкрэсліў ён, пажадаўшы рэалізацыі тых задач, якія былі закладзеныя заснавальнікамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі 100 гадоў таму.
Абрантовіч, Гадлеўскі, Станкевіч мусяць быць вядомыя ўсім беларусам
У сваю чаргу былы старшыня Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык назваў міжваенную БХД вяршыняй палітычнай думкі Беларусі ХХ стагоддзя. Паводле яго, у часы таталітарызму было вельмі мала палітычных плыняў, якія адстойвалі менавіта беларускія нацыянальныя інтарэсы. На яго думку, імёны такіх заснавальнікаў і лідараў БХД, як Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч мусяць быць вядомыя ўсім беларусам. Сёння ж наяўнасць беларускіх партый – адзінае, што не дазваляе загнаць беларускі народ у таталітарызм, заявіў ён.стагоддзе БХД 4
Лідар Маладога фронту Зміцер Дашкевіч у сваім выступе адзначыў, што ідэі хрысціянскай дэмакратыі сёння падзяляюць людзі з розных партый і непартыйныя. “Ісус Хрыстос і хрысціянства – тое асноўнае, што яднае прадстаўнікоў ідэі хрысціянскай дэмакратыі”, – адзначыў ён, пажадаўшы БХД наступны юбілей святкаваць фракцыяй у парламенце.
Паводле яго, “толькі тое грамадства паспяховае, якое заснаванае на трывалым падмурку, а трывалей за Ісуса Хрыста няма нічога”.
Пачатак хрысціянска-дэмакратычнаму руху на Беларусістагоддзе БХД 8
Уласна канферэнцыя распачалася з выступу галоўнага рэдактара Krynica.info Максіма Гацака, які распавёў пра гісторыю першай беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі – Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, якая ўзнікла ў лютым 1906 года па ініцыятыве віленскага каталіцкага біскупа Эдварда Ропа і адразу ж здолела правесці сваіх дэпутатаў у Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі. Хоць пад ціскам уладаў яна неўзабаве і спыніла сваё існаванне, але яна паклала пачатак хрысціянска-дэмакратычнаму руху на Беларусі, адзначыў выступоўца.
Палітолаг, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч у сваю чаргу распавёў пра падабенства і розніцу хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі і свеце. Паводле яго, прычынай узнікнення хрысціянскай дэмакратыі ў Заходняй Еўропе сталі рост сацыялістычных і атэістычных рухаў і паслабленне сувязі паміж Царквой і дзяржавай, а засноўвалі яе святары і іншыя людзі, звязаныя з царкоўнай іерархіяй. “Беларусь тут не была выключэннем”, – адзначыў ён.стагоддзе БХД 9
Збліжае беларускую хадэцыю з еўрапейскай і тое, што ад пачатку гэты рух узнікаў у каталіцкіх краінах, у Беларусі – сярод яе каталіцкага насельніцтва. Больш за тое, як і ў Заходняй Еўропе, хрысціянская дэмакратыя ў Беларусі належыць да правага флангу палітычнага спектру, тады як у Лацінскай Амерыцы яна больш левая. Асаблівасцямі ж сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі ў параўнанні з еўрапейскай палітолаг назваў большую ўвагу на нацыянальнае пытанне, што тлумачыцца актуальнасцю нацыянальнага адраджэння, а таксама адсутнасць сталай сувязі з царкоўнымі інстытутамі, прычына чаго – беларускі рэжым і перапыненне традыцыі ў СССР.
Савецкі таталітарызм не быў асуджаны як абсалютнае зло
Палітык, былая намесніца старшыні Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі Людміла Пеціна падзялілася з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра аднаўленне хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі ў 1990-я гады. Паводле яе, пры далучэнні да хадэцыі яе найбольш уразіла тое, што менавіта дзякуючы хрысціянскай дэмакратыі ў Заходняй Еўропе ў пасляваенны перыяд праз асуджэнне фашызму і нацызму адбылося прымірэнне людзей і краін. “Гэтая ідэя дапамагла хрысціянскай дэмакратыі стаць вядучай сілай”, – дадала яна, нагадаўшы, што хрысціянская дэмакратыя стаіць ля вытокаў ЕС.стагоддзе БХД 11
“Тое ж, што на постсавецкай прасторы савецкі таталітарызм не быў асуджаны як абсалютнае зло, і паўплывала на тую сітуацыю, якую мы маем на сённяшні дзень”, – падкрэсліла выступоўца.
Людміла Пеціна адзначыла першыя спробы па ўсталяванні экуменічнай злучнасці ў Беларусі, якія неўзабаве пачалі сутыкацца з перашкодамі, асабліва з боку Праваслаўнай Царквы, уступленне БХДП у Хрысціянска-дэмакратычны інтэрнацыянал і правядзенне ў Мінску кангрэсу на тэму хрысціянскай дэмакратыі ў сучаснасці з удзелам палітыкаў з Заходняй Еўропы, аб’яднанне хрысціянска-дэмакратычных партый Усходняй Еўропы, якое, тым не менш, не здолела развіцца з прычыны забойства ў 1994-1995 гадах грузінскага і расійскага лідараў хрысціянскай дэмакратыі – Георгія Чантурыі і Віталя Савіцкага. У 1999 годзе беларускімі ўладамі была зачыненая і БХДП. “Я вельмі рада, што з’явіліся новыя сілы, якія падтрымалі ідэі хрысціянскай дэмакратыі. Яны сёння вельмі актуальныя”, – заявіла палітык.стагоддзе БХД 17
Анатоль Астапенка, адзін з былых сустаршынёў адроджанай БХД і лідар у 1995-1999 гадах Беларускай нацыянальнай партыі, якая таксама стаяла на пазіцыях хрысціянскай дэмакратыі, адзначыў, што ўсе беларускія партыі пачалі марнець пасля рэзкага росту паўнамоцтваў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў 1996 годзе, у выніку чаго засталіся толькі найбольш масавыя. “Усе хрысціянска-дэмакратычныя партыі ў 1999 годзе былі зачыненыя, і ўтварыўся вакуум, які запоўніла ўжо новае пакаленне хрысціянскіх дэмакратаў”, – заключыў ён.
Хрысціянская дэмакратыя – гэта палітычнае і сацыяльнае служэннестагоддзе БХД 12
Стаялі ж ля вытокаў адраджэння БХД у 2000-х гадах лідары Маладога фронту, якія ў 1997-1998 гадах, кожны са сваіх прычын, паверылі ў Бога, адзначыў былы намеснік старшыні МФ, а потым сустаршыня БХД у 2004-2011 гадах Аляксей Шэін. Паводле яго, кіраўніцтва Маладога фронту вырашыла стварыць хрысціянска-дэмакратычную партыю, першае паседжанне па ўтварэнні якой адбылося 18 снежня 2004 года ў Мінску. Удзел у ім прынялі таксама пастары і вернікі евангельскіх цэркваў, якія таксама актыўна ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях. Асаблівасцямі ствараемай партыі стала калегіяльнае кіраванне, што дазваляла не спыняць яе працу нават ва ўмовах зняволення некаторых лідараў, і стаўка на кампаніі за вырашэнне сацыяльных праблем: “За свабоду сумлення”, “Моцная сям’я – моцная Беларусь”, “Пакаянне”, якія дапамаглі прыцягнуць да дзейнасці БХД людзей, якія раней не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці. У выніку 28 лютага 2009 года адбыўся першы ўстаноўчы з’езд Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, якая, тым не менш, дагэтуль незарэгістраваная.
стагоддзе БХД 14
На сённяшні дзень БХД прайшла шлях ад стадыі неафіта, які спрабуе вучыць іншых, да служэння беларускаму грамадству і беларускаму народу, адзначыў сустаршыня аргкамітэту Віталь Рымашэўскі. Паводле яго, шматлікія кампаніі прынеслі свой плён і паўплывалі на змяненне законаў (аб абортах, рэкламе і абароце алкаголю і іншыя). “Мы не змагаемся супраць кагосьці канкрэтна, мы змагаемся супраць зла”, – дадаў палітык.
Ён адзначыў, што за апошні час у БХД таксама атрымала міжнароднае прызнанне і стала сябрам Еўрапейскай народнай партыі, бо “міжнародная салідарнасць вельмі важная ва ўмовах аўтарытарнай краіны”, а таксама прызнанне ўнутры Беларусі. “Хрысціянская дэмакратыя – гэта палітычнае і сацыяльнае служэнне. Ад нас людзі чакаюць адказу, як упарадкаваць жыццё ў розных сферах, і мы разам з экспертамі распрацоўваем яго, каб стаць народнай партыяй з хрысціянскім сэрцам”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
стагоддзе БХД 16
Кіраўнік шматлікіх кампаній БХД Вольга Кавалькова адзначыла, што хрысціянскія дэмакраты выкарыстоўваюць розныя механізмы для лабіявання сваіх прапаноў. Тут і распрацоўка заканадаўчых прапаноў, і збор подпісаў, і правядзенне круглых сталоў, і сустрэчы з чыноўнікамі. “Калі мы штосьці дасягнулі, мы не спыняем сваю дзейнасць і працуем, пакуль большасць прапаноў не будзе прынятая”, – дадала яна.стагоддзе БХД 19
Нягледзячы на рост і развіццё партыі, галоўнай мэтавай аўдыторыяй, галоўнай падтрымкай і галоўнай крыніцай кадравага патэнцыялу Беларускай хрысціянскай дэмакратыі дагэтуль з’яўляюцца вернікі, падкрэсліў сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук.
Лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч распавяла ўжо пра кампаніі МХД, сярод якіх самыя буйныя – “Стоп-спайс” і “Беларусь – у Балонскі працэс”.
А выканаўчы дырэктар Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку Зміцер Кухлей звярнуў увагу на працэс распрацоўкі заканатворчых ініцыятыў БХД, падрыхтоўку праграмы рэформ і законапраектаў.
Пра працу над кампаніяй “Пакаянне”, калі ўдалося сабраць ўспаміны больш за 70-і ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Беларусі, распавяла Валерыя Чарнаморцава. “Для нашага грамадства гэта яшчэ актуальна, бо вуліцы дагэтуль носяць імёны савецкіх катаў, а на плошчах стаяць ідалы Леніну”, – адзначыла яна.
стагоддзе БХД 21

Болей навін