У школах Беларусі зменшаць колькасць груп вывучэння замежных моваў. Віталь Рымашэўскі: Карпенка павінен сысці ў адстаўку

16.05.2018, 11:15  |  Галоўныя навіны, Палітыка

У школах Беларусі зменшаць колькасць груп вывучэння замежных моваў. Віталь Рымашэўскі: Карпенка павінен сысці ў адстаўку

 

У беларускіх школах паменшаць колькасць груп для вывучэння замежных моваў: цяпер у кожным класе будзе па дзве групы замест трох. З гэтай нагоды і з прычыны магчымых скарачэнняў да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі звярнуліся настаўнікі замежных моваў.

“Відаць, міністр-камуніст вырашыў, што ў сучаснай Беларусі ўсе павінна быць як у СССР: там пасля школы ніхто не ведаў замежных моваў - і ў Беларусі не павінны. Адначасна абвешчаны маразматычны план увесці абавязковую сярэднюю адукацыю, што не прынясе нічога, акрамя дадатковых выдаткаў з бюджэту. Пры гэтым міністры беларуская адукацыя за цывілізаваным светам не пойдзе”, - пракаментаваў “адукацыйныя” ініцыятывы міністра сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

«У Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ёсць канцэпцыя рэфармавання сістэмы адукацыі з улікам сусветнага вопыту. Замест таго, каб марнаваць грошы на нікому непатрэбную абавязковую сярэднюю адукацыю, яна прадугледжвае неабходнасць даць магчымасць людзям, якія з якіх-небудзь прычын не змаглі атрымаць патрэбную адукацыю ў дзяцінстве альбо маладосці, працягваць адукацыю на любым этапе. У Беларусі тэрмінова трэба рэфармаваць сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, якія не рыхтуюць кваліфікаваных спецыялістаў, але дорага каштуюць для дзяржавы. Таксама трэба даць магчымасць развіцця прыватным школам, што паменшыла б нагрузку на бюджэт і дазволіла б зэканоміць грошы для павелічэння зарплаты настаўнікам. Ініцыятыва міністра-камуніста скараціць колькасць груп вывучэння замежных моў на фоне іншых нікому не патрэбных ініцыятыў выглядае проста здзекам са школьнай сістэмы адукацыі», - заявіў ён.

Паводле яго, БХД будзе ініцыяваць зварот з мэтай не дапусціць гэтага новаўвядзення, якое знізіць ўзровень ведання замежных моў. «Але відаць ужо зараз, што Беларусі патрэбны новы міністр. Карпенка павінен тэрмінова сысці ў адстаўку, а міністэрства - пачаць распрацоўку маштабных рэформаў з улікам сусветнага вопыту і меркаванняў незалежных экспертаў», - падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Навіны па тэме