Заява Правацэнтрысцкай кааліцыі. Гандаль незалежнасцю Беларусі недапушчальны

29 снежня 2018 11:44  |  Галоўныя навіны

Заява Правацэнтрысцкай кааліцыі. Гандаль незалежнасцю Беларусі недапушчальны

 

Правацэнтрысцкая кааліцыя заяўляе аб недапушчальнасці здачы незалежнасці Беларусі ў абмен на эканамічныя прэферэнцыі з боку Расійскай Федэрацыі.

Любыя саступкі суверэнітэту Расійскай Федэрацыі прыводзяць да войнаў, гібелі тысяч людзей, эканамічнай дэградацыі краін і рэгіёнаў. Сведчанне гэтаму – Абхазія, Прыднястроўе, Крым і Данбас.

Заява з боку расійскіх чыноўнікаў, прэм’ер-міністра Мядзведзева, дэпутатаў дзяржаўнай думы змяшчаюць пагрозы акупацыі Беларусі па Крымскім сцэнары, абражаюць нашу краіну і з’яўляюцца недапушчальнымі.

Патрабуем ад ўрада Лукашэнкі і МЗС неадкладнай рэакцыі на дадзеныя правакацыйныя выказванні прадстаўнікоў расейскіх уладаў.

Неабходна спыніць прыніжальны гандаль Беларускай незалежнасцю і замест гэтага рэструктураваць эканоміку, пазбавіцца ад неэфектыўных метадаў кіравання, спыніць разбурэнне нацыянальнага бізнесу. Сыход ад субсідзіравання неэфектыўнай беларускай эканомікі праз танныя нафту і газ – шанец для нашай краіны правесці рэформы і пабудаваць канкурэнтаздольную эканоміку.

Мы заклікаем Беларускі ўрад выкарыстаць гэты шанец і правесці тэрміновыя эканамічныя і палітычныя рэформы з мэтай умацавання беларускай эканомікі і беларускай незалежнасці

Мы заяўляем, што менавіта палітыка беларускіх уладаў апошнія 20 гадоў паслядоўна падрывала асновы незалежнасці і суверэнітэту: дыскрымінавала беларускую культуру і беларускую мову, знішчала прыватны бізнес і прадпрымальніцтва, Беларусь была ўцягнутая ў небяспечныя ваенна-палітычныя саюзы. Гэтая палітыка паставіла беларускую эканоміку ў татальную залежнасць ад Расейскай Федэрацыі, напоўніла беларускія сілавыя структуры і ідэалагічны апарат прыхільнікамі “рускага свету”, гатовымі ў любы момант здрадзіць Беларусі.

Мы патрабуем ад беларускага ўрада спыніць злачынны гандаль суверэнітэтам і нацыянальнымі інтарэсамі краіны.

Мы заклікаем беларускіх грамадзян ўстаць на абарону незалежнасці, на абарону канстытуцыйных правоў.

Аснова моцнай, дзяржавы – канкурэнтаздольная эканоміка, патрыятызм і прафесіяналізм сілавых структур, адзінства нацыі на аснове каштоўнасцяў нацыянальнай культуры, незалежнасці і абароны правоў кожнага грамадзяніна. Галоўны і адзіны надзейны гарант незалежнасці – свабодныя грамадзяне, гатовыя добраахвотна абараняць сваю краіну.

Мы патрабуем ад уладаў краіны неадкладнага спынення рэпрэсій супраць уласнага народа, неадкладнай рэформы праваахоўнай сістэмы, выбарчага заканадаўства.

Заклікаем усе дэмакратычныя палітычнай сілы Беларусі да аб’яднання для абароны суверэнітэту і незалежнасці нашай бацькаўшчыны.

Старшыня АГП Мікалай Казлоў

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі

Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч

Болей навін