“Даўно пара!” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў зняцце абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША

11 студзеня 2019 10:24  |  Галоўныя навіны

“Даўно пара!” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў зняцце абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў зняцце беларускімі ўладамі абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША ў Менску.

“Даўно пара! Зацяжны канфлікт з ЗША, абмежаванні прадстаўніцтва гэтай краіны ў Беларусі нічога акрамя шкоды нашай краіне ў міжнароднай палітыцы і ў эканоміцы не прынёс. Шкада толькі, што гэты крок зроблены не зыходзячы са змены нацыянальнай палітыкі, а толькі ў піку ціску Расійскай Федэрацыі – пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным. Пакуль ніякіх кардынальных зменаў у падыходах ні ў міжнароднай палітыцы, ні ва ўнутранай няма”, – заявіў сустаршыня БХД.

На яго думку, у сённяшняй сітуацыі зняцце абмежаванняў з амбасады ЗША пазітыўны, але мала на што ўплываючы крок.

“Для таго, каб па-сапраўднаму палепшыць адносіны з заходнімі краінамі, трэба праводзіць свабодныя выбары, выконваць правы чалавека, рабіць рэальныя крокі ад дыктатуры да дэмакратыі. Лукашэнка да гэтага абсалютна не гатовы. Пакуль беларускія ўлады не разумеюць, што асноўная крыніца нашых праблем – не знешнія пагрозы з Усходу, Захаду, Поўдня або Поўначы, а ўнутраныя праблемы – карупцыя, неэфектыўная эканамічная і палітычная сістэма. Беларусі неадкладна патрэбныя сістэмныя эканамічныя палітычныя і сацыяльныя рэформы. Нават самая добрая міжнародная палітыка не зможа іх замяніць”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
<!–[if !supportLineBreakNewLine]–>
<!–[endif]–>

Болей навін