Іранскія хрысціянкі абвінавачаны ў богаадступніцтве

12 кастрычніка 2009 19:28  |  Свет

Іранскі суддзя абвінаваціў двух зняволеных у турме хрысціянак у богаадступніцтве і прапагандзе хрысціянскай веры. Праваабарончая група International Christian Concern (ICC) са спасылкай на служэнне царквы ў Іране “Элам”, паведамляе, што Мар’ям Растампур і Марзіе Амірзадэ былі нечакана выкліканыя ў суд у аўторак, 6 кастрычніка, і ім было прад’яўлена афіцыйнае абвінавачванне.

Тым не менш, што пазітыўна, у паведамленні сказана, што суддзя зняў прад’яўленае раней абвінавачванне ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Іх справа зараз перададзена з рэвалюцыйнага суду ў звычайны суд. Жанчыны і іх адвакат сказалі, што яны рады такому павароту справы.

Гэтыя жанчыны былі арыштаваныя 5 сакавіка за пераход з ісламу ў хрысціянства. Яны былі змешчаныя ў турму Эвін, дзе былі пазбаўленыя медыцынскага абслугоўвання, і ім часта завязвалі вочы падчас шматгадзінных допытаў перад прад’яўленнем абвінавачвання.

Праз 5 месяцаў іх судзіў рэвалюцыйны суд, дзе ім загадалі адрачыся ад веры, але жанчыны не адракліся. Іх вярнулі ў турму, дзе яны ўтрымліваліся да вынясення прысуду.

“Элам” перадае, што ў абедзвюх жанчын праблемы са здароўем. 4 кастрычніка ў Рустампур было моцнае харчовае атручванне, і пасля доўгіх просьбаў ёй нарэшце была аказана медыцынская дапамога.

У інтэрв’ю адвакат хрысціянак сказаў: “Мае кліенткі не могуць ілгаць аб сваёй веры ні пры якіх умовах”.  

ІСС вітае апошняе рашэнне суду аб здыманні абвінавачвання ў антыдзяржаўнай дзейнасці. “Мы вітаем крок іранскага суду аб здыманні абвінавачвання ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Мы заклікаем таксама іранскія ўлады зняць абвінавачванне ў вераадступніцтве і прапагандзе хрысціянства”, –  сказаў Джонатан Рачо, рэгіянальны мэнэджар ІСС.

“Як чалец міжнароднай дамовы аб грамадзянскіх і палітычных правах Іран мае абавязкі паважаць правы гэтых жанчын абіраць рэлігію”, – сказаў ён.

ІСС просіць усіх хрысціян у свеце працягваць маліцца за вызваленне двух хрысціянак, а таксама за паляпшэнне іх здароўя.

Болей навін