Таццяна Севярынец. Разруха
Прафесар Праабражэнскі, герой аповесці М. Булгакава “Сабачае сэрца”, разважаючы пра разруху, казаў: ”…Если я, входя в уборную, начну, извините за выражение, мочиться мимо унитаза и то же самое будут делать Зина и Дарья Петровна, в уборной начнётся разруха… разруха не в клозетах, а в головах…”. Гэтыя словы, вырваныя з кантэксту, вельмі красамоўныя, каб пазначыць тое, што робіцца ў прыбіральнях медычных устаноў Віцебска, ды й не толькі там. А паколькі ў Віцебску існуе ініцыятыва “За якасную медыцыну для ўсіх”, то не можам абыйсці ўвагай і гэтыя месцы, вельмі патрэбныя людзям, дзе , наведаўшы іх, адчуваеш сябе брудным, неахайным, з дрэнным уедлівым пахам і з фобіяй, якую дрэнь там зачапіў.
Даўно канулі ў Лету часы, калі ў Савецкім Саюзе не было ні сэксу, ні простых чалавечых патрэбаў — усе былі небажыхарамі, дзеці з’яўляліся самі сабой, а для патрэбаў на задворках існавалі брудныя, часцяком без дзвярэй шпакоўні, ідучы куды, сарамліва хаваючыся ад людскіх вачэй, трэба было знайсці вялікі ліст сабачніка ці то мець прачытаную татам газету “Известия”…
Неяк даглядала сяброўку, якая надоўга трапіла ў неўралагічнае аддзяленне Віцебскай абласной клінікі. Бальнічнае жыццё ўражвала шмат чым: болем, надзеяй, перажываннямі – гэта ўнутранае. Знешне – сагнілыя вокны, якія немагчыма было адчыніць, каб даць у палату свежага паветру – усё ж 5 чалавек хворых, драная бялізна, клубы пылу пад ложкамі.
Аднойчы клубы зніклі, у прыбіральні з’явілася папера, на ўмывальніку – мыла, павіс рушнік. Што такое? Праверка. Як толькі знікла пагроза праверкі, зніклі і папера, і мыла, і рушнік. Зноўку закруціліся клубы пылу. Гэта абласная клініка. Пра якую гігіену, а яна, гігіена, засцерагае нас ад хваробаў, ідзе гаворка? І думаеце, загадчыкі аддзяленняў ці галоўныя дактары не ведаюць пра такія аўралы? Добра ведаюць, але ўжо даўно прывыклі эканоміць на такіх рэчах, на рызыцы людзей падхапіць у лякарні і ў яе прыбіральнях якую хваробу. Разруха? Так!
Давялося шмат дзе бываць за мяжой. Зразумела, наведваць там і прыбіральні. Тэма балючая… Нават там, у прыбіральнях, адчуваеш павагу да чалавека, да яго патрэбаў: чысцютка, тут табе і папера, і мыла, і папяровы рушнік. Пры ўключэнні святла адразу падключаецца і вентыляцыя, пакойчык напаўняецца прыемным пахам, быццам пісаеш французскім парфумам. На дарогах Францыі ў прыбіральнях гучыць музыка. Пэўна, каб суседзі не чулі выпадковага гуку.
Калісьці канкрэтна па гарадскіх прыбіральнях звярталася да дэпутата Палаткі сп. Грыцкевіча. З’явіліся ў Віцебску біяпрыбіральні, адрамантавалі прыбіральні на пл. Перамогі, вакзале. Платныя. У вакзальную зайсці немагчыма, выпарэнні раз’ядаюць вочы, пах тэрмаядзерны – не пазбавішся. Пра бія ўвогуле казаць сорамна. Горад міжнароднага конкурсу “Славянскі базар” падчас яго правядзення пераўтвараецца ў велічэзную прыбіральню, дзе пах шашлыкоў змешваецца з пахам чалавечых экскрэментаў, дзе немагчыма вымыць рукі пасля працэдуры, дзе не чысціцца, не прыбіраецца, не вывозіцца… Тычыцца гэта нашага здароўя? Тычыцца! Разруха? Так!
А ці можна нешта змяніць? Ды лёгка! Трэба толькі жаданне гарадскіх уладаў. І павага да чалавека. І клопат аб яго здароўі. Глядзіш, і колькасць пацыентаў, аб чым фармальна, як асноўную сваю задачу, ставіць медыцына, зменшылася б ў разы. А пакуль хварэем… На абыякавасць, нядбайнасць, непавагу. Разруха квітнее.