Лідары апазіцыі заклікаюць захаваць санкцыі супраць Лукашэнкі
Апазіцыйныя палітычныя партыі і грамадска-палітычныя рухі Беларусі выступілі з сумесным зваротам да міжнароднай супольнасці.
Сайт charter97.org публікуе поўны тэкст заявы лідараў дэмакратычных сіл.
Зварот палітычных партый і грамадска-палітычных рухаў міжнароднай супольнасці
Нагадваючы, што кропкавыя візавыя і фінансавыя абмежаванні, уведзеныя Еўрапейскім Звязам, а таксама ЗША ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, суддзяў, з’явіліся вынікам парушэнняў гэтымі людзьмі Канстытуцыі Беларусі і міжнародных абавязанняў Рэспублікі Беларусь;
Адзначаючы, што нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў краіне цягам апошніх шасці месяцаў, сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае змяненне сітуацыі ў галіне правоў чалавека, не адбылося;
Прымаючы пад увагу высновы і рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў выніковай справаздачы БДІПЧ АБСЕ аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, а таксама рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў пытанні паляпшэння якасці выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі;
Намагаючы, што галоўнай умовай паляпшэння якасці выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі з’яўляецца наяўнасць палітычнай волі беларускіх уладаў;
Нагадваючы, што важнай умовай нармалізацыі стасункаў з уладамі Беларусі было не толькі вызваленне палітвязняў, але і іх рэабілітацыя;
Мы, прадстаўнікі палітычных партый і грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі, заклікаем Савет міністраў Еўрапейскага Звязу і ўрад ЗША:
1. Не скасоўваць візавыя і фінансавыя абмежаванні (санкцыі) у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія прымалі непасрэдны ўдзел у рэпрэсіях у дачыненні да палітычных апанентаў ці фальсіфікацыі вынікаў выбараў, і вярнуцца да разгляду гэтага пытання па выніках парламенцкай выбарчай кампаніі, якая пройдзе ў 2016 годзе.
2. Прыняць у фармаце заключэння і апублікаваць план першачарговых чаканых ад уладаў Рэспублікі Беларусь захадаў, накіраваных на прагрэс у галіне правоў чалавека (уключаючы рэгістрацыю палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, спыненне пераследу журналістаў), а таксама стандартаў АБСЕ пры правядзенні выбарчых кампаній. Узгадніць з беларускімі ўладамі «дарожную карту» па імплементацыі такога плану, які павінен уключаць поўнае супрацоўніцтва з механізмамі ААН і АБСЕ.
3. Дамагацца ад беларускіх уладаў рэабілітацыі і аднаўлення ў правах вызваленых палітвязняў і вызвалення тых, хто праз палітычныя падставы знаходзіцца цяпер у турме.
4. Прапанаваць беларускім уладам да пачатку парламенцкай кампаніі выканаць асноўныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, а менавіта:
4.1. Забяспечыць прыярытэтнае права палітычным партыям на ўключэнне ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў па адным прадстаўніку, калі палітычная партыя прыняла пастанову аб удзеле ў выбарах.
4.2. Забяспечыць назіральнікам магчымасць аглядаць падлік галасоў такім чынам, каб бачыць змест кожнага бюлетэня (або адзнакі ў бюлетэні прагаласаваўшых грамадзян), атрымліваць любую інфармацыю, што датычыцца выбараў, а таксама фіксаваць працэс падліку галасоў наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі; даць назіральнікам права апячатваць выбарчыя скрыні подпісамі нароўні з сябрамі выбарчых камісій і атрымліваць копіі выніковых пратаколаў пасяджэнняў выбарчых камісій;
4.3. Забяспечыць на практыцы асобны празрысты падлік па кожным з відаў галасавання і па кожнай з выкарыстаных падчас галасавання скрыняў, дэманструючы кожны бюлетэнь кожнаму сябру выбарчай камісіі і назіральнікам. Акрамя таго, забяспечыць адлюстраванне вынікаў раздзельнага падліку галасоў у выніковым пратаколе.
4.4. Забяспечыць права судовага абскарджання любых пастаноў выбарчых камісій усіх узроўняў.
4.5. А таксама, у дадатак да рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, вызначыць падставы, якія даюць выключнае права на датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы жыхарства (дакументальна пацверджаная камандзіроўка, адпачынак, ад’езд на лячэнне, пацверджанне медыцынскай даведкай стану здароўя, якое перашкаджае выбаршчыку асабіста наведаць участак у асноўны дзень галасавання).
4.6 Забяспечыць публікацыю на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі інфармацыю аб выніках галасавання па выбарчых акругах у разрэзе кожнага выбарчага ўчастку.
Мы, прадстаўнікі палітычных партый і грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі мяркуем, што спалучэнне пастаяннага маніторынгу, палітычнага ціску і аб’яднальнага дыялогу, які адкрывае прастору для грамадзянскай супольнасці, неабходнае для прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Ірына Вештард, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
Юрась Губарэвіч, рух “За свабоду”
Анатоль Лябедзька, Аб’яднаная грамадзянская партыя
Віталь Рымашэўскі, Беларуская хрысціянская дэмакратыя
Уладзімір Някляеў, рух за незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі
Мікалай Статкевіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)
Станіслаў Шушкевіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада
Зварот быў перададзены прадстаўнікам міністэрстваў замежных спраў краін Вышаградскай групы(Вугоршчыне, Польшчы, Славакіі, Чэхіі), а таксама Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Нямеччыне, якія 9-10 лютага знаходзяцца ў Менску.