Кампанія назірання «Права выбару-2016» заклікае ўлады да зменаў у выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку
Заклік кампаніі стаў вынікам прыняцця 12 лютага Цэнтрвыбаркамам пастановы аб стварэнні міжведамаснай экспертнай групы па вывучэнні рэкамендацый АБСЕ і выпрацоўцы прапановаў па іх прымяненні.
На думку прадстаўнікоў кампаніі «Права выбару-2016» для спрыяння дэмакратызацыі выбараў і адкрытасці падліку галасоў удасканальваць варта і правапрымяняльную практыку і заканадаўчую базу.
Кампанія назірання за выбарамі «Права выбару-2016» у чарговы раз заклікае ўлады да ўнясення змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў» і выражае гатоўнасць прыняць удзел у працы створанай міжведамаснай экспертнай групы.
Прапановы засноўваюцца на высновах і рэкамендацыях, якія былі зроблены ў межах нацыянальных кампаній назірання за падрыхтоўкай прэзідэнцкіх выбараў 2010 і 2015 гг, выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27 склікання 2014 года і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2012 года. У законапраекце ўлічаны рэкамендацыі міжнародных місій АБСЕ, а таксама перадавая практыка выбарчага заканадаўства ў Еўропе.
Раней гэтыя прапановы ўжо агучваліся ў красавіку 2015 года, аднак ніякага эфекту ні на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ні на членаў Савета Рэспублікі, ні на супрацоўнікаў Цэнтрвыбаркам яны не мелі.
У прыватнасці ў законапраекце прапануецца ўзвышэнне рэпрэзентацыйнасці тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, пашырэнне магчымасці палітычных партый да ўдзелу ў правядзенні выбараў шляхам накіравання сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, прадугледжваецца ўвядзенне інстытута сябраў Цэнтрвыбаркама з правам дарадчага голаса на выбарах дэпутатаў парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў; уводзяцца дадатковыя гарантыі для свабоднага і бесперашкоднага назірання за ходам галасавання, пашыраюцца магчымасці інфарміравання грамадзян аб дзейнасці выбарчых камісій праз інтэрнэт; ствараецца рэспубліканскі рэестр выбаршчыкаў; перыяд датэрміновага галасавання скарачаецца да двух дзён, уводзяцца дадатковыя меры, якія накіраваны на прадухіленне прымусу да датэрміновага галасавання без дастатковых падставаў; прадугледжваецца магчымасць вядзення ан-лайн трансляцый, відэаназірання і відэазапісаў з выбарчых участкаў, а таксама з’яўлення на ўсіх участках празрыстых скрыняў для галасавання; здымаюцца абмежаванні на правядзенне агітацыйных масавых мерапрыемстваў у тым ліку агітацыі за байкот выбараў і рэферэндумаў; уводзіцца статус асабістай недатыкальнасці для ўсіх кандыдатаў у Прэзідэнты; уводзіцца інстытут членства ўчастковай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіі з правам голаса, накіраванага ў якасці прадстаўніка кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь пасля яго рэгістрацыі; пашыраюцца магчымасці для грамадскага кантроля на выбарах усіх узроўняў за дзейнасцю СМІ, кандыдатаў і іншых суб’ектаў у перыяд перадвыбарчай агітацыі шляхам урэгулявання працэдуры стварэння і фарміравання складу Нацыянальнай рады па кантролю за адпавяданнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі, у тым ліку шляхам ўстанаўлення абавязковага ўдзелу ў яго дзейнасці прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ, праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый; пашыраюцца магчымасці для судовага кантроля за дзейнасцю органаў, якія здзяйсняюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў, у тым ліку шляхам абскарджвання дзеянняў (бяздзейнасць) выбарчых камісій і іншыя парушэнні заканадаўства.
Пра мэты распрацаванага законапраекта нагадвае адзін з каардынатараў кампаніі назірання Дзяніс Садоўскі:
– Мэта распрацаванага законапраекта – дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. У ім выкладзеныя канкрэтныя прапановы па прадухіленні фальсіфікацый у часе датэрміновага галасавання, павелічэння паўнамоцтваў назіральнікаў і палітычных партый у якасці удзельнікаў выбарчага працэсу, прадухіленне выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Рэальна павялічыць празрыстаць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу падчас Парламенцкіх выбараў 2016 году магчыма, але для гэтага патрэбна палітычная воля кіраўніцтва краіны.
У кампанію назірання за выбарамі «Права выбару-2016» уваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, Партыя БНФ, «Рух «За Свабоду», Аб’яднаная Грамадзянская партыя, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Кампанія скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх. «Права выбару-2016» грунтуецца на сваім вопыце назірання за галасаваннем на мясцовых выбарах 2014 года і прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
Прэс-служба «Права выбару-2016»