А ў нас жылкамунгас – конь незацугляны
Атрымалі жыроўку… Вочы вялікія-вялікія сталі і ў мяне, і ў мужа. Задумаўся, пабег у нычку, узрадаваўся:” Як раз 620 тысячаў з пенсіі засталося! Блін, я ж ужо 400 тысячаў сплаціў!” Палез у лядоўню: “Так, костак на супчыкі набыў, ёсць закладачка для катлетак, калі ўнучыкі прыйдуць, алея… Маці, а хлеб, малако за што купляць?” У мяне рэакцыя — шукаць справядлівасці.
Зранку, сабраўшы 3 апошнія жыроўкі, дзе былі пазначаны кошты за кватэру і ўсё, што туды ўваходзіць (лістапад – 301200, снежань – 348500, студзень – 616700), выправілася па тлумачэнні. Прыхапіла фотаапарат, па дарозе з свайго 8-га да першага паверху засведчыла на яго стан калідораў, лесвіц, вокнаў. Уразілася, які брудны наш пад’езд (па нашай пляцоўцы гэтага не скажаш, бо ўжо месяцы са два пачалі з суседзямі яе прыбіраць, як толькі некуды знікла прыбіральшчыца з жэу), колькі не хапае падвойных рамаў, колькі вокнаў з кавалкаў шкла.
Спачатку – у разліковы цэнтр, дзе дзяўчо, сумна ўздыхаючы – сама незадаволена такімі зменамі – дала мне тэлефоны вышэйстаячых, тлумачэнне да пастановы аб падвышэнні тарыфаў. У тлумачэнні між іншым сказана, што ЖКГ імкнецца да еўрапейскага ўзроўню аплаты, спасылаючыся на Нямеччыну, Польшчу і іншыя краіны. Сама сябе пытаю: а ўзровень пенсій і заробкаў такі ж? Пачынаю закіпаць.
Побач дрыжачы голас нейкага старога: “Дзетка, а гэта ж палова маёй пенсіі… А як жа жыць? А памерці як?” – суе ў вакенца сваю жыроўку. Заўважаю прадстаўнічага мужчыну, прыстроіўся за мной у чаргу. Паказвае сваю жыроўку: мільён пяцьсот з нечым. Кажа, што набыў сваю кватэру гадоў 20 таму. Камусьці яшчэ цяжэй. Ужо пускаю пары, бо крыўдна і за яго, і за таго старога…
Нясуся ў радыёцэнтр, каб хоць выключыць з жыроўкі аплату за радыё, бо 30 гадоў, што жывем у Віцебску, не слухаем яго і ўвогуле не маем радыёкропкі. Заяўнікоў шмат. Працаўніца спакойна выдае ўжо падрыхтаваныя бланкі заяў аб адключэнні. Драбяза, але ж паменшыць выплаты хоць як, мае рацыю.
Потым – у домаўпраўленне. Зразумела, што я там не першая і не апошняя. Стомлены, а яшчэ ранак, старшыня Янчылаў, выправадзіўшы жанчынку з яе жыроўкай, запрашае мяне.
Тыцкаю ў радкі, выслухоўваю тлумачэнні, доўга высвятляем, чаму за карыстанне ліфтам трэба плаціць двойчы і нямала, чаму не прыбіраецца пад’езд, а мы аплочваем штомесяц, чаму пад’езд не рамантуецца, а грошы на рамонт амаль 65 тысячаў з нас спаганяюць.
Некуды тэлефануе, каб дакладней растлумачыць, чырванее(!?) ад паказаных здымкаў пад’езду, выклікае майстра, дае загад прыбраць і ўставіць шкло ў вокны, скардзіцца, што ён у гэтым крэсле толькі другі месяц, разводзіць рукамі, выцірае пот з твару. Папярэджваю, што даю тыдзень на выпраўленне недахопаў. Г-м!
Інтэрнэт кіпіць: у Менску сабраліся прадпрымальнікі на мітынг (драпанула сэрца – сын жа туды пойдзе!); еўрапейцы адмяняюць санкцыі (яшчэ раз драпанула – здрада, што нам ад іх разлікаў, хоць 1000 разоў кажыце, што тут няма геапалітыкі!); спадар Лябедзька выклаў жыроўку Мясніковіча. Вось яно!
Значыць, усё насельніцтва, што не ўваходзіць у лік чыноўнікаў, аплочвае іх кватэры і катэджы? Выпадае так. А-а, яшчэ ж 11 ці колькі там рэзідэнцый “народнага абранніка”. Дакажыце, што гэта не так!
Я пакуль не ведаю, што рабіць. Толькі адчуванне агіды і пагарды да ўлады. Як незацугляныя коні, якія, не разбіраючы дарогі, нічога не бачачы, топчуць у шалёным галопе людзей…
P.S. Партыя БХД выпрацавала шмат прапаноў па рэфармаванні самых розных галінаў ладу Беларусі. Улада, карыстайся!