Віталь Рымашэўскі. Надзея Саўчанка – выклік для Расіі і Еўропы
Суд над Надзеяй Саўчанка не стаў проста чарговай ганьбай для судовай сістэмы Расіі. Несправядлівасцю суддзяў, нялюдскасцю пуцінскай сістэмы наўрад ці каго-небудзь можна здзівіць. Нечаканасцю стала неверагодная мужнасць гэтай жанчыны, яе гатоўнасць ісці да канца, да смерці.
У выніку, у судзе Надзея Саўчанка нанесла нашмат большыя страты рэжыму Пуціна, чым магла б нанесці на лініі фронту. Дзяржаўная машына Пуціна з усімі танкамі і ядзернымі боегалоўкамі, сотнямі ўкормленых алігархаў, тысячамі верных чыноўнікаў і генералаў апынулася нямоглай перад адным адзіным чалавекам.
Свет поўны цынізму. Але велізарныя драконы дыктатур ламаюць зубы аб маленькіх людзей з вялікай верай – аб такіх, як Надзея. Прыклад гэтых людзей пасаромлівае ўсе прагматычныя стратэгіі палітыканаў і адраджае веру ў каштоўнасці і надзею на перамогу.
І гісторыя Надзеі Саўчанка – менавіта такі прыклад.
Цяпер яе лёс не толькі ў руках пуцінскага рэжыму, але і ў руках кіраўнікоў дэмакратычных краін, якія гандлююць, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Пуціна. Без гэтага супрацоўніцтва пуцінскі рэжым – банкрут.
Дэмакратыя заканчваецца тады, калі дзяржава не здольна абараніць жыццё аднаго адзінага чалавека, паступаючыся прагматычнымі інтарэсамі. Гэтая ж мяжа аддзяляе чалавека ад падонка.
Гэта аснова, каштоўнасная сутнасць дэмакратыі. Калі яе няма – у краіне якой заўгодна лад, але толькі не дэмакратычны.
Менавіта таму суд над Надзеяй Саўчанка і дзеянні па яе абароне – самы важны тэст для Украіны і для ЕС.