Віталь Рымашэўскі. Дзень Волі: МЫ – АДЗІН НАРОД!
У Беларусі хутка не застанецца катэгорый грамадзян, не абражаных, не прыніжаных і не абабраных дзеючай уладай. Штогод у Беларусі пагаршаецца эканамічны стан, зніжаюцца заробкі і пенсіі, расце карупцыя і беспрацоўе. Беларусы пакутуюць ад несправядлівых пабораў і хлусні чыноўнікаў. Прадпрымальнікі і працоўныя, студэнты і пенсіянеры, вайскоўцы і дзяржслужачыя –кожны прыгнечаны па-свойму.
Рэжым хоча працягваць душыць кожнага па-асобку: асобна прадпрымальнікаў, асобна працоўных, асобна пенсіянераў, асобна палітычных актывістаў. “Падзяляй і пануй” – гэта той прынцып, якім кіруецца кожны аўтарытарны рэжым. Але, як вядома, “ні адна дзяржава, ні адзін народ падзелены між сабой, не можа выстаяць” (Мц. 12:25) Зараз беларусы падзеленыя, не гатовыя салідарна выступаць у абарону адзін аднаго. Таму ўладам так лёгка ўводзіць новыя паборы, кідаць людзей за краты… Менавіта таму з кожным годам расце пагроза для незалежнасці Беларусі, усё болей арганізацый “русского мира” засноўваецца ў нашай краіне.
Насамрэч, ёсць толькі адзіны істотны падзел сярод грамадзянаў Беларусі – на тых, хто згодны далей цярпець бяспраўны прыніжаны стан – і тых, хто гатовы змагацца за ўласную і народную годнасць і свабоду. І я веру ў тое, што слова “Воля”, “салідарнасць”, свята Дня Волі – набудзе новы, агульнанацыянальны сэнс для ўсіх беларусаў.
Сітуацыя ў краіне зменіцца, калі людзі зразумеюць, што немагчыма ў гэтай сістэме дамагчыся зменаў у асобнай галіне жыцця. Змены магчымыя толькі калі палітычныя патрабаванні будуць ісці разам з сацыяльнымі, эканамічнымі патрабаваннямі.
Таму фармат сённяшняга святкавання 25 сакавіка — гэта не толькі святкаванне Дня незалежнасці , але і заклік да нацыянальнага адзінства. Дзень Волі мусіць стаць днём нацыянальнага яднання. На святкаванне мы запрашаем і прадпрымальнікаў, і працоўных, і студэнтаў, і пенсіянераў. Бо мы – адзін народ. Мы мусім аб’яднацца каб абараніць адзін аднаго, каб абараніць права на годнае жыццё кожнай беларускай сям’і, абараніць будучыню Беларусі.
Толькі тады, калі беларусы стануць салідарнымі, будуць клапаціцца і бараніць адзін аднога – мы пабудуем справядлівае грамадства. Толькі разам мы здолеем змяніць аўтарытарную ўладу ў Беларусі на народную, дэмакратычную, асноўным прынцыпам якой будзе: “не чалавек для дзяржавы, а дзяржава для чалавека”.
Калі Вы любіце Беларусь, і гатовыя бараніць правы іншых – далучайцеся да святкавання Дня Волі!
Зробім крок да свабоды разам!