Замалёўкі бабулі-2, 7-га траўня ў Віцебску
Зранку дзед вядзе Грыньку на трэніроўку. Той будучы грэка-рымлянін. Мы з Сонечкай на гаспадарцы, потым ідзем за нашым барцом, каб далей, як заўсёды, прагуляцца па травеньскім Віцебску. Соня – на роліках, бабуля – подбегам за ёй.
Вось і Грыня нас пабачыў, бяжыць з залі.
Прапаную маршрут у батанічны сад, маю думку праверыць: што там з капліцай? (Па восені змагаліся, каб будынак не зносілі, а перадалі каталікам, так і павінна было атрымацца). Але ў унукаў свой маршрут, што зробіш, -плошча Перамогі. Там ўжо працуюць фантаны. Сонечцы ёсць дзе разгуляцца. Грыня цягне ў парк Пераможцаў, праз вуліцу, на беразе Дзвіны – музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Народу амаль няма. Групка падлеткаў рыхтуецца да якога ўрачыстага прабегу, пара-тройка бацькоў з малымі. Віцебск, пэўна, выехаў на лецішчы, каб папрацаваць на будучую абяцана галодную зіму.
Грыня дае волю фантазіі, даследуе тэхніку, вядзе нябачны бой. Сонечка прытамілася, скінула ролікі, асядлала самалёт, пазіруе. Паддаўшыся Грышкаваму азарту, вядзе з ім прыцэльны агонь з ракетнай устаноўкі.
Гэты парк любяць дзеці, круцяць у танкаў-самалётаў-самаходак-гармат-верталётаў усё, што круціцца, поўзаюць па іх, скачуць. Забава! Амаль на ўсіх машынах пазначана: “…Прымаў удзел у ваенных дзеянняў у Афганістане”. Ганебная для былога СССР вайна… Пакуль не хачу малым сапсаваць настрой ды распавядаць, што ўсё гэта створана, каб забіваць. Няхай пакуль гуляюць… Сама гэты музей не люблю з-за гэтай тэхнікі, з кожнага жэрла – хлусня, смерць, бяда.
Каб пазбавіцца гэтых думак, запрашаю ўнучыкаў наведаць нашае міндалёвае дрэўца, адзінае ў горадзе, якое так прыгожа-экзатычна квітнее. Расце яно недалёка – толькі з горкі спусціцца да тэатру. Па дарозе “экзаменую” малых: што за вуліца? Колькі гадоў царкве? Чыё імя носіць наш Віцебскі акадэмічны тэатр? – ужо ведаюць!
Вось і міндаль! Як жа прыгожа расквітнеў! Вітаемся з ім.
Стаміліся мае шчабятунчыкі, едзем дадому, дзе ўжо чакаюць дзядулевы прысмакі.