Віталь Рымашэўскі: Кожны беларускі пенсіянер павінен жыць не горш за міністра-пенсіянера Шчоткіну
Сустрэліся з прадстаўнікамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Уражанне: мы жывем у розных краінах. Чыноўнікі жывуць у краіне, у якой усё добра: заробкі і пенсіі выплачваюцца, беспрацоўе не расце. Няма жадання рэфармаваць пенсійную сістэму. Магчыма, у працаўнікоў міністэрства сапраўды ўсё добра…
Для ілюстрацыі прывяду невялікую вытрымку з дыялогу з чыноўнікам:
Намеснік міністра: «Назавіце хаця б аднаго пенсіянера, якому пасля развалу СССР не выплачвалася пенсія».
БХД: «Назавіце хоць аднаго пенсіянера (за выключэннем дзяржчыноўнікаў), якому дзяржава забяспечыла годны ўзровень жыцця на пенсіі».
Намеснік міністра: «Ну, што такое годны ўзровень жыцця? Гэта паняцце адноснае, філасофскае, гледзячы што лічыць годным узроўнем жыцця.
БХД: «Хрысціянскія дэмакраты лічаць, што годны ўзровень жыцця – гэта прыблізна такі, як у міністра сацабароны спадарыні Шчоткінай. Хай хоць бы ў два разы ніжэй, катэдж у два разы меншы, але для кожнага беларускага пенсіянера».
Намеснік міністра: «Давайце пяройдзем на іншую тэму».
Спадары міністры і іх памочнікі! Годны ўзровень жыцця для беларускіх пенсіянераў – узровень міністра-пенсіянера Шчоткінай!
Мы не хочам забраць у Марыяны Акіндзінаўны катэдж ці пазбавіць яе права на адпачынак на дарагіх курортах. Мы хочам, каб кожны беларускі пенсіянер мог жыць не горш, чым міністр сацабароны, каб ў КОЖНАГА пенсіянера былі магчымасці і дастатак хоць бы ў палову спадарыні Шчоткінай. Думаю, з такім вызначэннем годнага жыцця на пенсіі пагодзіцца кожны беларус.
І гэта не пытанне філасофіі – гэта пытанне сацыяльнай справядлівасці!