Бычкі – куток, дзе сустракаюцца беларусы
Калі заве сэрца сустрэцца з самымі лепшымі людзьмі, едзеш у Бычкі, на радзіму Васіля Быкава. Нагода – дзень народзінаў славутага беларуса. Такая склалася добрая традыцыя з ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча, старшыні “Руху “За свабоду”.
Менавіта тут, сярод лясоў і палёў Віцебшчыны, каля хаткі-музея Васіля Быкава штогод адбываецца ўрачыстая імпрэза святкавання і ўзнагароджвання самых мужных і смелых беларусаў прэміяй “За свабоду думкі”. Іх ўжо 12: паэт Рыгор Барадулін, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, палітык і пісьменнік Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі, краязнаўца і настаўнік Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, актор і музыка Віктар Шалкевіч, рэжысёр Валерый Мазынскі, які стаў лаўрэатам гэтага году.
Менавіта іх імёны вызначае журы, якое зараз складаецца з гэтага ганаровага легіёну. “З думкі пачынаецца дзейнасць, справа на карысць Беларусі і Свабоды”,- так адзначае спадар Мілінкевіч.
Тут можаш сустрэцца з людзьмі, якіх даўно не бачыў, але яны блізкія табе па духу, тут можна паразмаўляць з творцамі, якія па крупіцы збіраюць беларускую гісторыю, музыку, мову, узбагачаючы спадчыну. Тут праводзяцца пленэры мастакоў, якія спыняюць час, каб пакінуць нам цудоўныя краявіды і памяць аб людзях, якія ведалі Васіля Быкава з дзяцінства. У гэтым годзе мастакі ўтварылі тут галерэю.
Вельмі шкадавалі прысутныя, што не было гэтым разам роднай сястры пісьменніка – Валянціны Уладзіміраўны. Яна ў рэанімацыі Віцебскай абласной бальніцы пасля нападу злачынцы. Напярэдадні свята ўдалося перадаць ёй падарунак: партрэты Васіля Быкава і сям’і, што зрабіў віцебскі сябра БХД Валерый Спаткай.
Выступы, спевы, танцы, сустрэчы, сонца – усё спрыяла цудоўнаму святочнаму настрою.
Яго не сапсавалі ціхушнікі, што сядзелі курамі на плоце сядзібы, пільна назіраючы за прысутнымі.
Для віцебскіх гасцей свята пачалося ля Віцебскай мастацкай школы, дзе вучыўся Васіль Быкаў, каля памятнай дошкі з выявай пісьменніка, а на зваротнай дарозе завіталі на мемарыял “Прарыў”, наведалі ў Вушачах магілу сябра Васіля Быкава, аднаго з першых лаўрэатаў Прэміі, паэта Рыгора Барадуліна.