Хрысціянскія дэмакраты выйшлі на першае месца на выбарах у Літве
У першым туры парламенцкіх выбараў у Літве, які прайшоў 9 кастрычніка, перамагае партыя “Саюз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты”. У Літве з 141 дэпутата Сейма 71 абіраецца ў аднамандантных акругах, 70 – у агульнанацыянальнай выбарчай акрузе на падставе прапарцыянальнага прадстаўніцтва. Прахадны бар’ер для партый – 5%, для кааліцый – 8%.
СА-ЛХД набірае 21,63% галасоў і атрымлівае 20 дэпутацкіх мандатаў. Услед за ёй ідзе Саюз сялян і зялёных Літвы (21,57% і 19 месцаў). Трэцяе месца ў кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы (14,45% і 13 месцаў), чацвёртае – у Ліберальнага руху Літоўскай Рэспублікі (9,02% і 8 месцаў). Па пяць дэпутатаў у Выбарчай акцыі палякаў Літвы – Саюза хрысціянскіх сем’яў (5,49%) і партыі «Парадак і справядлівасць».
Саюз Айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы і Саюз сялян і зялёных Літвы застануцца галоўнымі супернікамі і ў другім туры на выбарах у аднамандатных акругах: у СА – ЛХД 42 кандыдаты, у СКЗЛ – 40. На трэцім месцы – Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы, у якой у другім туры будзе 21 кандыдат, на чацвёртым – Ліберальны рух з 12 кандыдатамі.
Таксама ў другі тур выйшлі пяць кандыдатаў Партыі працы, пяцёра самавылучэнцаў, чатыры прадстаўнікі партыі «Парадак і справядлівасць», у Выбарчай акцыі палякаў Літвы – Саюза хрысціянскіх сем’яў і Літоўскага саюза волі (лібералы) – па два. У «Спіса Літвы», Літоўскай партыі зялёных і Антыкарупцыйнай кааліцыі Н. Пуцейкіса і К. Крывіцкаса (Літоўская партыя цэнтра, Літоўская партыя пенсіянераў) – па адным.
У трох акругах ужо ў першым туры выбараў перамаглі два кандыдаты Выбарчай акцыі палякаў Літвы – Саюза хрысціянскіх сем’яў і адзін кандыдат ад Саюза Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты.
Другі тур адбудзецца 23 кастрычніка.
Па выніках выбараў 2012 года большасць месцаў – 38 заваявала СДПЛ. У СА-ЛХД было 33 мандаты.