Віцэ-прэзідэнт ЕНП узначаліў Еўрапарламент
53-гадовы італьянец Антоніё Таяні абраны 17 студзеня старшынёй Еўрапарламента, замяніўшы на гэтай пасадзе нямецкага сацыяліста Марціна Шульца. Кандыдат ад правацэнтрысцкай Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) набраў у апошнім чацвёртым раўндзе 351 голас пры неабходных 346-і.
Членамі ЕНП таксама з’яўляюцца кіраўнікі Еўракамісіі і Рады ЕС Жан-Клод Юнкер і Дональд Туск. Такім чынам, правацэнтрысты кантралююць цяпер асноўныя галіны ўлады ў ЕС.
Другое месца на выбарах кіраўніка Еўрапарламента ў іншага італьянца – сацыяліста Джані Пітэлы, які заручыўся 282 галасамі. Усяго ў выбарах бралі ўдзел шэсць кандыдатаў.
Антоніё Таяні да гэтага займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі.
У маладосці Антоніе Таяні быў членам Манархічнай партыі Італіі. Хоць з 1994 года ён з’яўляецца членам правацэнтрысцкай партыі «Наперад, Італія!» (У 2009-2013 гадах партыі – «Народ свабоды»), ён яшчэ ў 2002 годзе выступаў за вяртанне ў Італію выгнанай Савойскай дынастыі.
У першым кабінеце Сільвіё Берлусконі (1994-1995) Таяні быў яго прэс-сакратаром. З 2002 года з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай народнай партыі. У 2008-2010 гадах быў еўракамісарам па пытаннях транспарту, 2010-2014 – прамысловасці і прадпрымальніцтва.