Сяргей Верамеенка: мы бачым абурэнне людзей дзеяннямі ўлады
У Цэнтры Гарадскога жыцця Гродна 9 лютага прайшло паседжанне праваабарончага Гарадзенскага дыскусійнага клуба. Тэмай першага паседжання было “Дармаеды мусяць плаціць?”, што была звязана з сумнавядомым прэзідэнцкім дэкрэтам №3 “аб сацыяльным утрыманстве”.
Свой погляд на праблему выказвалі адмыслова запрошаныя госці – былы палітвязень Мікола Аўтуховіч, гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў і актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка.
У час узніклай дыскусіі прагучала шмат крытычных словаў у бок беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Так, Мікола Аўтуховіч падкрэсліў: “Калі на сённяшні дзень палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі не маюць канкрэтнага ўзгодненага паміж сабой плану дзеянняў супраць антыканстытуцыйных дзеянняў улады, у дадзеным выпадку прэзідэнцкі дэкрэт №3, пра якія акцыі пратэсту мы можам казаць, хто абароніць людзей ад непазбежных рэпрэсій? Хто аплаціць гэтыя велізарныя штрафы, якімі фактычна мы папаўняем бюджэт гэтага рэжыму? Калі выходзіць на плошчу, то з яе нельга зыходзіць, трэба стаяць да канца, і нават калі адменяць гэты ганебны дэкрэт, нашы праблемы нікуды не знікнуць, ужо больш за 20 год кожная з гэтых праблем у Беларусі мае адно канкрэтнае імя – Аляксандр Лукашэнка. Дзяржава загнала грамадства у страх, людзі баяцца гаварыць і нешта рабіць. Таму я лічу, што гэтыя акцыі бессэнсоўныя”.
Па словах Сяргея Верамеенкі: “Праблема, якую мы сёння абмяркоўваем, закранула вялікую частку нашага грамадства. Так можна пагадзіцца з тым, што дзеянні апазіцыйных партый не вытрымліваюць самай рэзкай крытыкі. Але мы збіраем подпісы супраць гэтага дэкрэту і бачым настроі людзей, абурэнне дзеяннямі улады з аднаго боку, разгубленасць з другога, што рабіць і як ратавацца ад гэтых “наездаў”… Мы – палітыкі, праваабаронцы, грамадскія актывісты – павінны даць адказы на гэтыя пытанні: як абараніць свае правы і застацца людзьмі, а не нейкім там быдлам”.
На пасяджэнні клуба прыйшло даволі шмат грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычных партый, а таксама іншых жыхароў гораду, якія ўзялі актыўны удзел у абмеркаванні ўзнятай праблемы. Прагучала шмат супрацьлеглых думак, але прысутныя пагадзіліся з тым, што актыўная меншасць павінна быць кансалідаванай і быць рухавіком непазбежных зменаў у нашым грамадстве.
Арганізатарамі праваабарончага дыскусійнага клуба з’яўляюцца Цэнтр гарадскога жыцця Гародні і Гарадзенская філія праваабарончага цэнтру “Вясна.” Наступнае паседжанне клуба адбудзецца 22 лютага з удзелам Алеся Бяляцкага і будзе прысвечана тэме “Смяротнае пакаранне”.
Эдвард Дмухоўскі