Свята на вуліцы правых. Сацыял-дэмакраты прайгралі выбары ў яшчэ адной зямлі Нямеччыны

15 мая 2017 09:53  |  Свет

Свята на вуліцы правых. Сацыял-дэмакраты прайгралі выбары ў яшчэ адной зямлі Нямеччыны

 

14 мая адбыліся
выбары ў самай вялікай федэральнай зямлі Нямеччыны – Паўночным Райне – Вестфаліі
(17 млн насельніцтва).

На табліцы даюцца
вынікі выбараў у ландтаг, якія адбыліся пяць гадоў таму і ўчора.

Як відаць,
сацыёлагі недаацанілі магчымасцяў Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу Ангелы
Мэркель. Саюзу прарочылі 31% галасоў (некаторыя 32), а набралі хадэкі 33%. У
параўнанні з выбарамі 2012 г. гэта азначае прырост галасоў на 6,7%.

Трошкі
перабольшылі сацыёлагі магчымасці Свабоднай дэмакратычнай партыі. Але,
атрымаўшы падтрымку 12,6% выбаршчыкаў, лібералы “падраслі” роўна на 4%.

Поспех лібералаў
– гэта і асабісты поспех цяперашняга маладога старшыні СвДП Крысціяна
Вольфганга Лінднэра (Lindner). 38-гадовы зямляк Фрыдрыха Энгельса з’яўляецца
таксама лідарам зямельнай партыйнай арганізацыі і кіраўніком партыйнай фракцыі
ў ландтагу Паўночнага Райну – Вестфаліі. На мітынгу партыйцаў адразу пасля
абвяшчэння першых вынікаў галасавання ён заявіў, што цяпер трэба змагацца за
Берлін. (Нагадаю, што ў Бундэстагу СвДП не мае ніводнага мандата).

З другога боку,
як сваю асабістую паразу ўспрыняла вынікі выбараў пакуль яшчэ (да сфармавання
новага кабінета) прэм’ер-міністр Паўночнага Райну – Вестфаліі Ханалора Крафт
(Hannelore Kraft). Адразу пасля абвяшчэння першых вынікаў галасавання яна
заявіла, што вырашыла пакінуць усе партыйныя пасады. А да 14 траўня
56-гадовая Ханалора Крафт была і лідаркай зямельнай арганізацыі СДПГ, і
намесніцай старшыні партыі Марціна Шульца. Яе прозвішча як члена Прэзідыума СДПГ
ужо знята з сайту партыі, а на сайце зямельнай арганізацыі СДПГ з учорашняга
вечара пазначана, што пасада старшыні вакантная.

У параўнанні з
2012 г. сацыял-дэмакраты страцілі падтрымку 7,9% выбаршчыкаў. А саюзнікі эсдэкаў
– зялёныя – страцілі 4,9%. Як тыдзень
таму назад у Шлезвіг-Гольштайне
, так цяпер і ў Паўночным Райне – Вестфаліі
чырвона-зялёная ўрадавая кааліцыя немагчымая. Абедзве партыі будуць займаць у
ландтагу менш як 50% крэслаў (СДПГ – 69, зялёныя – 14).

Праўда, і ў
пераможцаў – кансерватараў і лібералаў – таксама ёсць праблема. Нягледзячы на
прыкметнае паляпшэнне электаральных вынікаў, ХДС і СвДП маюць у ландтагу трошкі
больш за 50% мандатаў. Пазіцыі чорна-жоўтага ўраду, калі ён складзецца, будуць
даволі хісткія. Таму хадэкам давядзецца або запрашаць у кааліцыю зялёных, або
ствараць, як, напрыклад, пасля нядаўніх
выбараў у Саары
, вялікую кааліцыю з сацыял-дэмакратамі.

Ведама, ніводная
са старых партый нават не думае пра партнёрства з Альтэрнатывай для Германіі.
Як і прадказвалі сацыёлагі, з палітычнай арэны знікла Партыя піратаў.
Затое крэслы у ландтагу Паўночнага Райну – Вестфаліі цяпер будзе мець
правапапулісцкая Альтэрнатыва. Яна атрымала падтрымку 7,4% выбаршчыкаў – на 0,6%
больш, чым прадказвалі сацыёлагі, – і будзе мець 16 мандатаў.

Пасля учорашніх
выбараў прадстаўнікоў Альтэрнатывы няма толькі ў парламентах трох зямель – Баварыі,
Гесэна і Ніжняй Саксоніі. Выбары ў гэтых землях адбудуцца ў наступным годзе.
Не спраўдзіліся прагнозы наконт Левай партыі. Хоць духоўныя пераемнікі Карла
Лібкнехта і Розы Люксемург і палепшылі свае электаральныя паказчыкі (4,9% супраць
2,5 у 2012 г.), ім трошачкі не хапіла для таго, каб стаць парламенцкай партыяй
у Паўночным Райне – Вестфаліі.

Выбары ў
Паўночным Райне – Вестфаліі разглядаюцца як старт федэральнай выбарчай
кампаніі. Выбіраць дэпутатаў Бундэстага немкі і немцы будуць 24 верасня. І,
бадай, усе назіральнікі і каментатары скептычна ацэньваюць магчымасці лідара
СДПГ Марціна Шульца, галоўнага канкурэнта Ангелы Мэркель, стаць федэральным
канцлерам.

“Vom Schulz-Hype
bleibt nur die Erinnerung” – можна прачытаць на сайцеSüddeutsche Zeitung.Мякка
гэта можна перакласці так: “Ад шумнай рэкламы Шульца засталіся толькі
ўспаміны”.

Пішуць і так:
“Pleite für die SPD” (“Банкруцтва СДПГ”). І ў спартыўных тэрмінах: “Der Boxer
SPD hat einen Leberhaken bekommen” (“Баксёр СДПГ атрымаў удар у печань”).

“Гэта цяжкі дзень
для СДПГ. Гэта цяжкі дзень таксама і для мяне асабіста”, – сказаў Марцін Шульц
журналістам і аднапартыйцам.І ён жа заявіў: “Мы змагаемся далей”. Іншага
яму і не дадзена: узяўся за гуж – не кажы, што не дуж. Але відавочна, што
былога аптымізму і ў Шульца, і ва ўсёй Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі ўжо
няма.

Выбары ў ландтаг Паўночнага Райну – Вестфаліі ў 2012 і 2017 гг.

2012

2017

Партыя

% галасоў

% галасоў:
пададзена і прагназавалася (у дужках)

+, –
у параўнанні з 2012 г.

Мандатаў

СДПГ

39,1

31,2 (32)

-7,9

69

ХДС

26,3

33,0 (31)

+6,7

72

СвДП

8,6

12,6 (13,3)

+4,0

28

Зялёныя

11,3

6,4 (6,8)

-4,9

14

Левыя

2,5

4,9 (5,5)

+2,4

0

Піраты

7,8

АдГ

Не існавала

7,4 (6,8)

+7,4

16

 

Анатоль Сідарэвіч, Krynica.info

Болей навін