Таццяна Севярынец. Што не аплаціць ні адна страхавая кампанія
Чарговы раз назіраю, як
дзяржаўная палітыка з касмічнай хуткасцю вядзе краіну да жудаснага калапсу.
Выканаўцы ж, самі ні на што не здольныя, глядзяць кіраўніку дзяржавы ў рот
істуканамі, ажываючы толькі тады, калі адтуль выляце якая бздура кшталту
Кольканевысыпаецца.
7 ліпеня ў Копысі
кіраўнік ударыў акцэнтам па стварэнні у населеных пунктах (словазлучэнне якое!)
якасных умоў для жыцця людзей. Мне ўжо нецікава, як гэта будзе выглядаць, бо па
досведу мінулых гадоў, а я сведка яго кіравання адпачатку, вядома: крыварукія
выканаўцы набудуюць чарговых пацёмкінскіх дамкоў, паголяць вакол траўку ці
пясок, пасадзяць у вокны лялек, апранутых у новыя фланелевыя халацікі на той
выпадак, калі кіраўніку ўздумаецца праверыць, як той акцэнт дзейнічае.
Менш чым за кіламетр ад
Віцебска ў Заронаўскім накірунку вёска Суйкава. Даволі вялікая па сённяшнім
часе: 5 вуліц, школа, крама, больш за 200 жыхароў. Насельніцтва скарачаецца, бо
пра якасныя ўмовы тут не ідзе нават гаворка: працы няма, зачыненыя ферма,
пітомнік. Калісьці быў заможны калгас, але зараз гэта толькі ўспаміны. 5
калодзежаў, 4 з якіх летам перасыхаюць, і вёска, дзе рака Ужніца, азёры
Іскраўскае, Дэйкаўскае, Бяздонка, нават ёсць закінутая ваданапорная вежа, пакутуе
ад смагі, і гэта асноўная праблема. Людзі турбавалі ўладу і мясцовую, і
абласную, збіралі подпісы, клікалі журналістаў, тыя красамоўна пісалі. Але
зноўку лета, зноўку праблема. Кажуць, і школку хутка закрыюць, бо тыя, хто мае
дзяцей школьнага ўзросту, пакідаюць чароўныя родныя мясціны ў пошуках …вады.
Між тым у амбіцыйных
планах раённых і абласных дзеячоў у нейкім лахматым годзе плануецца будаўніцтва
117 дамоў індывідуальнай забудовы на паўднёва-ўсходнім накірунку ад вёскі. Вы
што-небудзь разумееце? Я-не…
Людзі ў Суйкова – тыповыя
беларусы. Хтосьці самааддана вядзе сваю гаспадарку, зранку да вечара
апраўдваючы пагалоску, што ўлетку дзень год корміць, як Алена Янушкоўская. У
Суйкова працы аніякай, толькі што, напрыклад, у крамцы, ці ў школцы , дзе
пару-тройку месцічаў працуе. Калгас жа сканаў. І хоць ёсць яшчэ людзі
працоўнага ўзросту, то для іх тры выйсця:
1.шукаць працу ў горадзе,
2. жыць нейкім чынам з
агароду (але ж тут падатак на “дармаедства” пагражае),
3.піць і пляваць на ўсё,
што з поспехам і вялікім досведам робяць некаторыя.
Апошніх відаць адразу –
па сядзібках-агародзіках…
А можна быць старшынёй
сельсавета шмат-шмат гадоў нязменна, як Раіса Ярошкіна. Жыве яна тут, у
Суйкова, за высачэзным нятанным плотам, за якім хаваецца заможны дом з прыбудовамі,
аўчаркам на ланцугу, сельгастэхнікай (мо, таму і калгас згалеў?).
На яе вуліцы
Камуністычнай ажно дзве калонкі, калодзеж – для жыхароў гэтай вуліцы вада не
праблема, а ў сп. Раісы і свой вадаправод ёсць, уласны. У тых, хто жыве
насупраць старшыні, праблем няма, як няма і прэтэнзій, бо з галавой ад яе
залежаць. Тым не менш паказалі нам людзі, як засмеччаная дрэнажная сістэма
знішчае і падтапляе іх агароды, пераўтварае ў багну, а колішнія выратавальныя
сажалкі зацягнула цінай, і сталі яны прытулкам для гадаў. Забалочванне і дарогі
–тыя яшчэ суйкаўскія праблемы.
88-гадовая стараста вёскі
Сцяпанаўна на старшыню не нахваліцца, праўда хатку сваю з фундаментам у расколінах,
што на вачах прасядае да зямлі, паказвае з усіх бакоў, як і гаражык, што з
прычыны падтаплення разваліўся, а страхавая не аплачвае, бо гэта здарылася не з
прычыны стыхійнага бедства.
Спадарыня Наталля з
вуліцы Партызанскай кажа: “Нам на вуліцу (2 км) хаця б адну калонку, то было б
добра, усё б цудоўна”.
Божачкі, якія ж у нас
залатыя людзі! Ну райвыканкам Віцебскі, ну пастаўце вы людзям гэную калонку,
вас век у малітвах памінаць суйчане будуць!
Павязаныя людзі вясковыя
як тыя немаўляці: хочаш ваду, газ – ствары кааператыў, плаці штогод унёскі,
дамагайся. Піць ваду хочаш з калонкі – заключай дамову з вадаканалам, плаці. Не
падабаецца мясцовая ўлада – зараз да цябе прыскача санстанцыя: на падворку
смецце, дровы каля хаты, яшчэ што – вока санстанцыі ведае, куды глядзець і што
заўважаць у залежнасці ад баявога настрою змагара – плаці штраф! Ну, а калі ўжо
і гэта не бярэ, пагражаюць забраць дзяцей – улюбёная зараз уладай зброя. Усё перажылі
і перажываюць жыхары вёскі Суйкава, што побач з фестывальным Віцебскам.
Калі гэтага не ведаеш,
вочы не стамляюцца любавацца прыроднай прыгажосцю мястэчка, наваколлем. А калі
даведаешся, томіць пытанне: якую ж д’ябальскую праграму выконвае ўлада па
знішчэнні беларусаў, краіны. І так паспяхова… Улада – стыхійнае бедства, якое
ні адна страхавая кампанія не аплаціць…
Таццяна Севярынец