Вінаваты пракурор?
Прыбіралі мы нядаўна
бераг вадасховішча, што знаходзіцца на ўскрайку Віцебска па адрасе вуліца 2-я
Шэвардзінаўская (так дае Вікіпедыя). З двух бакоў яго агінае пасёлак з
прыватных дамоў. Той, дзе амаль усе калонкі пазачыненыя. Узніклі пытанні:
Куды складаць смецце?
Ці ёсць тут, у месцы
агульнаграмадскага адпачынку, прыбіральні і смеццевыя бакі?
Хто ўвогуле адказвае за
яго санітарны стан і якія ёсць нормы?
Жаданне атрымаць адказы
прывяло нас да выратавальнага паста “высока сяджу-далёка гляджу”. Побач з
пастом – інфармацыйны стэнд, як і павінна быць па “Правілах аховы жыцця на
водах РБ”, праўда, ўжо моцна пакоцаны жыццём. Матрос-выратавальнік Аўдзееў
Мікалай Іванавіч нам і распавёў пра месца сваёй службы.
“Гэтае вадасховішча-
штучнае ўтварэнне былога калгаса “Сялюты”, які тут разводзіў калісьці рыбу. У
даўжыню яно 620 метраў, у шырыню – 380. Бачыце, вунь там была іх сталоўка,
зараз будынак гібее, а вось там, у вадзе, бетоннае прыстасаванне – гэта каб
было зручна закідваць рыбалоўныя сеткі. Адтуль адчайныя галовы ныраюць, але
гэта надта небяспечна. Калі возера паглыблялі, дакапаліся да ключоў, лішкі вады
скідваюцца ў Лучосу. Калісьці й чысцілі яго… З 2009-га году аблвыканкам вырашыў
тут зрабіць зону адпачынку. Зараз перададзена адміністрацыі Першамайскага раёна
Віцебска. Берагі выкасілі, прыватнік накупіў катамаранаў – вунь там база,
паставілі колькі распраналень, грыбкоў для ценю, на кожным баку-прыбіральні(!),
зараз толькі адна засталася, каля прыватніка з катамаранамі (?), па два
смеццевыя бакі з кожнага боку(!), два разы на тыдзень спецкамбінат збіраў
смецце(!), а зараз таксама толькі адзін бак(?) І спецкамбінат на нас забыўся(?).
Санстанцыя робіць замеры, апошні рабілі літаральна тыдзень-паўтары таму. Але
вынікаў не кажуць. Я пытаўся, дык адказалі, што калі не кажуць, то няма чаго і
пытацца – усё нармалёва”.
– А дзе зараз бакі для смецця,
прыбіральні?
– Гэта зараз МЕСЦА
агульнаграмадскага адпачынку, а не пляж. Каб быў пляж, патрэбен подпіс
пракурора. Той не падпісаў, вось і не хапае ні таго, ні другога, – паціскае
плячыма.
Дык што, каб на гэтым
АДЗІНЫМ для віцеблянаў возеры ў межах горада былі нармалёвыя стандартныя ўмовы,
не хапіла ўсяго толькі подпісу нейкага міфічнага пракурора?
Пачуўшы нашу размову,
адзін адпачываючы далучаецца да яе, каментуе, потым дадае інтрыгуючыя факты па
стане вады – паказвае нам трубу, што наўпрост выведзена ў возера ад блізкага да
яго дома. Каналізацыя? Прыглядзіцеся, на фатаздымку лявей ад зялёнага
стартавага мастка (гэта яшчэ адзін прыватнік правёў тут лінію для водных лыж,
нават трамплін у возера ўторкнуў), у вадзе, паралельна яму, бачна тая труба.
Вось гэта так!!! Можа, таму і вынікі аналізу вады ўтойваюцца?
Па адказы пойдзем па
інстанцыях.
Не будзе нам, віцебскім
хадэкам, спакою, пакуль ў горадзе такая ўлада. Што б ні зрабілі чыноўнікі, што
б ні прыдумалі, за што б ні ўзяліся – усё не па-людску, усё праз пень-калоду,
без павагі да людзей.
Куды той пракурор
глядзіць?
P.S. Ёсць месцы адпачынку
на вадзе ў Віцебску і на Дзвіне, у р-не Мазурына, на Лучосе і Віцьбе, але
пытанні тыя ж самыя.
Таццяна Севярынец