Традыцыя, спёка, калонкі і не толькі…
Ёсць у нас сямейная
традыцыя: прыбіраць там, дзе адпачываем на прыродзе. За сабой зразумела, але і проста прыбіраць месца
агульнага адпачынку. І гэта павялося даўно. Далучаем да яе і сябраў БХД, і
іншых.
Тыдні са два таму былі з
унучыкамі на Віцебскім вадасховішчы, куды любяць збірацца ў добрае надвор’е
віцебляне. Быццам бы нешта ёсць тут, каб адпачынак быў утульным і бяспечным,
але, на жаль, як заўсёды болей за гэта хапае смецця і бруду, які пакідаюць
пасля сябе бесклапотныя адпачывальшчыкі: балоны з-пад піва, пластыкавы
аднаразавы посуд, процьма сурвэтак, пакетаў і пакецікаў.
Бачылі тады і такое:
прыехала сям’я на аўто, разлажыліся-расклаліся на беразе, паелі-папілі,
выгулялі брахлівага сабачку, сабраліся і паехалі, пакінуўшы пасля сябе раскіданыя
ашметкі піру.
Вось і выбраліся мы
прыбраць за такімі адпачываючымі – карона не зваліцца, а каму, магчыма, і стане
прыкладам, бо пакідаць пасля сябе смецце непрыгожа, не па-людску. Людзей шмат,
хто машынай, хто роварам, а хто і пешкі, малымі і вялікімі кампаніямі. Нехта
глядзіць са здзіўленнем, нехта пачынае хуценька вакол сябе збіраць смецце,
кідаюць нам у пакеты, просім ветліва пасля сябе смецце не пакідаць – абяцаюць.
Нейкі маладзён, прыкончыўшы піва з гарла, змінае балон, кідае праз плячо.
Сусед, заўважыўшы нацэлены на гэта аб’ектыў, падскоквае, хапае балон, сварыцца
на сябра за такі непрыгожы ўчынак і крычыць нам, што абавязкова за сабой
прыбяруць… Было б добра. Сметніц тут няма. Знаходзім нешта на яе падобнае, ужо
іржавае, складваем вакол пакеты са смеццем. Таварышы адказныя за санітарны стан
пляжнага месца, ці бываеце вы тут? Нехта ж вывязе гэныя пакеты? (Чакайце нас у
гарадской санстанцыі са скаргай і прапановай…)
На водасховішча вырашылі
ісці пешкі. Ад Білева-2 далекавата: мікрараён, гарохавае поле, забудовы
спецкамбінату, выспай – прыватны сектар з прыгожымі нятаннымі сядзібамі. Сонца
паліць неміласэрна, выратоўвае вадзічка, што ўзялі з сабой, але па дарозе разумеем,
што гэтага мала і трэба было б падзаправіцца. У прыватным сектары бачым калонкі.
Адна, другая, трэцяя- марныя спадзяванні – не працуюць. Чаму? На вулачках
мінакоў шмат. Усе крочаць да вады. Як і мы, кідаюцца да калонак, клацнуўшы
колькі разоў рычагом, расчаравана адыходзяць. І раптам цуд: адна калонка
працуе! Якая палёгка!
Вярталіся мы пасля
прыборкі менавіта вуліцай з працуючай калонкай, бо не жартам дапякала сонца,
пагражала цеплавым ударам. І падумалася: вось ва ўсім праблемы ў Віцебску. Выйшаў
ты з дому і павінен сам паклапаціцца аб уласнай бяспецы, камфорце. Ты можаш
весела крочыць па дарожцы, а яна ў цябе раз! – і скончылася пад нагамі. Да
наступнай літаральна 1,5-2 метра, але іх трэба неяк пераадолець. Прыкладам
падчас дажджу, пасля яго, як снег сыдзе, і ўсе пратаптаныя дарожкі ў Віцебску
пераўтвараюцца ў багну. А вось скончылася, а хто недарабіў і чаму -невырашанае
пытанне. Так і тут, на вуліцах гэтага сектару з прыгожымі дамамі калонкі ёсць,
але іх няма. Хто, навошта адключыў, зачыніў, пазбавіў людзей магчымасці папіць
вады ў спёку, асвяжыцца? Няўжо вадаканал на ўсе калонкі ў Віцебскай вобласці
налажыў лапу? І бясплатна папіць вады мінаку зараз немагчыма?
У эўразвязаўскай Вільні
пасажырам грамадскага транспарту ў спёку бясплатна раздаюць ваду. Нават зайцам (Кантралёры
усміхаюцца, што калі вось так да чалавека паставіцца, яму наступны раз будзе
сорамна ехаць, не аплаціўшы праезд. Да слова,у Беларусі ж вырашана, каб зайцоў
лепш выкрываць, кантралёры будуць устрайваць аблогі без апазнавальных знакаў.
Ужо ёсць прыклады мардабіцця).
Стаўленне улады да людзей
грэблівае, падазронае, непаважлівае. Адсюль і нашая недакладнасць, няўдзячнасць
да таго, што даў нам Госпад – найпрыгажэйшую ў свеце краіну. Хто разумее
адказнасць за гэты ДАР, станавіцеся побач!
Таццяна Севярынец, БХД