Віцебская гарсэс у шоку ад санітарнага стану месца агульнаграмадскага адпачынку на віцебскім вадасховішчы, альбо У чыім воку аскепак крывога люстэрка?
Дарэчы, ва ўсіх
дакументах, гарсэс і выканкамаўскіх, гэтае вадасховішча пазначана як месца
адпачынку каля Сакольнікаў (той самы катэджны пасёлак, дзе мінаку можна памерці
ад смагі). Гэта высветлілася падчас нашага паходу, як і абяцалі, па інстанцыях.
Першай інстанцыяй і стала гарсэс (гарадскі занальны цэнтр гігіены і
эпідэміялогіі).
Сустрэчу галоўны ўрач Мікалай
Якаўлевіч Красоўскі прызначыў на 15-00. Зразумеўшы, аб чым гаворка, паспрабаваў
нас пераканаць, што літаральна 2 жніўня асабіста быў на гэтым вадаёме, і ўсё
там у адпаведнасці з … Але мы былі больш пераканаўчымі. Звесткі пра трубу ў
возера прымусілі яго прызваць супрацоўніцу, замовіць машыну і адправіць нас
разам з Наталляй Мікалаеўнай на вадасховішча, даручыўшы ёй ўсё зафіксаваць на
фотаапарат.
Надвор’е не спрыяла
вялікай колькасці адпачываючых. Вакол вадасховішча панура і адказна хадзіў патруль.
База з катамаранамі была зачынена, біяпрыбіральня ўразіла сваім станам (прабачце
за здымкі), смецце па усёй пляцоўцы. Усяго бакаў 2: адзін – прыватніка, другі –
камунальны.
На пасту нёс вахту зменшчык
Мікалая Іванавіча. Ён нам распавёў, што гэтае вадасховішча – улюбёнае месца
трэніровак віцебскіх мнснікаў. І буі на вадзе пазначаюць, дзе ёсць “тапельцы”.
Так што няма тут і звычайных буёў, а глыбіня дасягае 5 метраў…
У возеры плёхаліся аматары
водных лыж, лебедзь і качкі, на беразе медытавала пара раварыстаў.
А вакол…
Не трэба быць Шэрлакам
Холмсам, каб зразумець, што пілі і чым закусвалі адпачываючыя ў бліжэйшыя
выходныя: тут грызлі рыбку салёненькую – вунь які хрыбет. І піва спатрэбілася
шмат -колькі балонаў нават у вадаёме, калышуцца на хвалях. А тут недаелі салату
з таматаў. Ага, а тут палілі вогнішчы – да гэтай пары пахне рамантыкай і аддае
свінінай, бо надта ўжо брудна. Тут праводзіліся спаборніцтвы па шчоўканні
семак, колькасці спаленых цыгарэт – усё ў шалупінні і бычках. А вось і дзве
гары смецця-нехта натхніўся нашым прыкладам і да нашых пакетаў, што складалі
каля іржавай пакамячанай скрыні, накідаў сваіх. Непадалёку яшчэ адна куча.
Адзначаем, што ўжо добра, наш прыклад меў уздзеянне. Вось толькі хто іх адсюль
вывязе?
З гэтым пытаннем глядзім
на бедную Наталлю Мікалаеўну, а тая прычытае: “Мы ж правяраем, а скрыні для
смецця не наша кампетэнцыя! Мы ж як начальства загадае”.
…А смецце, як ажыўшае,
прэ на вочы, гушкаецца ля берага ў шмаццях бруднай ціны і пены. Наталля
Мікалаеўна паслухмяна ўсё фіксуе, пагаджаецца, што гэтае месца ў такім стане
цяжка назваць месцам агульнаграмадскага адпачынку і яе перадзёргвае ад
перспектывы самой тут адпачыць, нават проста зайсці ў ваду… Вядзем яе да трубы.
Па дарозе знаёмімся з
прыватнікам, што адчайна рабіў кульбіты на сваёй лыжыне, біўся аб ваду з вышыні
сальта-мартале – правяраў сваё прыстасаванне. У яго дамова аб прыборцы месца,
дзе праходзяць трэніроўкі кліентаў. А па вялікім сакрэце распавялі нам ягоныя
кліенты пра шмат труб -не адну!, якія з пасёлка ад дамоў вядуць у возера і
хаваюцца ў хмызняку, а туды не падысці, бачна толькі з вады.
Труба, што бачылі мы і
задаліся пытаннем, ці не каналізацыя, аказалася дрэнажнай. Так патлумачыў
гаспадар дома, ад якога і праведзена гэтая труба ў возера, і паказаў нам
калодзежы для збору вады. А вось што спускаюць у возера менавіта каналізацыю
гаспадары іншых дамоў, таксама выказаў здагадку, бо бачыў тое на асабістыя
вочы.
Не магла нам дакладна
адказаць Наталля Мікалаеўна, ці будуць бараздзіць вадаём якія вадалазы ад
гарсэс ці камунальнікаў у пошуках тых труб. Яна чалавек маленькі…
Усю зваротную дарогу мы
ўпэўнівалі супрацоўніцу гарадской санітарнай службы, што ўсе намаганні трэба
прыкласці, каб навесці на вадасховішчы ў Сакольніках належны парадак, што гэта
залежыць і ад яе, быццам маленькага чалавека…
Прыбіральні, іх чыстка,
сметніцы, вываз смецця, знішчэнне баршчэўніку, які сквапна душыць у сваіх
атрутных абдымках наваколле, калонкі для ідучых на адпачынак людзей, пітная
вада на пляжы (увогуле няма, што аніяк не адпавядае “Правілам…”), тыя трубы,
што быццам угнойваюць ваду – задачы, на выкананні якіх настойваем мы. Так
павінна быць па тых жа “Правілах аховы жыцця людзей на водах РБ”. Па правілах
ЧАЛАВЕЧАГА стаўлення да людзей.
Адказ папрасілі даць
пісьмова. Заўтра ідзем далей.
P.S. Зноўку ў нас пыталі,
што мы за людзі, ад якой арганізацыі. Партыя БХД! А-а-а— з павагай, чулі –
чулі.
PPS. І пытанне да журналіста
Аляксандра Кутынка з газеты “Витебские вести”, аўтара матэрыялу ад
04.08.2017.”Жара погнала всех к воде. Что происходит в эти дни на витебских
пляжах”, і да тых, хто “маніторыў” стан у тым ліку і гэтага вадаёма: памочніка
пракурора Людмілы Пазняковай, памочніка ўрача-гігіеніста гарадскога цэнтра
гігіены і эпідэміялогіі Галіны Багданавай і галоўнага спецыяліста Віцебскай
інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы асяроддзя Вольгі Ясінскай
“Возле деревни Сокольники
под Витебском, рядом с искусственным водоемом, — сотни людей, десятки машин,
для которых оборудована стоянка. Сразу видно, что хозяин здесь имеется.
Работает биотуалет, есть спасатели, раздевалка, скошена растительность.
Встречаем здесь сотрудников патрульно-постовой службы, которые следят за
порядком.
Но отдыхающих устраивает
не все: кому-то не нравится состояние пляжа, кто-то жалуется на отсутствие урн.
Но в целом состояние места для отдыха вполне приличное. В конце концов, это не
платный пляж на заморском курорте.”(???????… пытальнікі мае – Т.С.)
Чытаць цалкам: https://news.tut.by/society/554419.html
Дзіўна мы глядзім на адно
і тое ж, спадарства! У чыім воку аскепак крывога люстэрка?
P.P.P.S Уздыхае Наталля
Мікалаеўна: “Вось, каб у нас так выхоўвалі, як за мяжой: давалі б за смецце ў
агульнаграмадскіх месцах вялікія штрафы, было б па-іншаму”. Згодны! Толькі
спачатку трэба зрабіць так, каб людзей не правакаваць на тыя штрафы. Сметніца –
вось яна, а ты кінуў міма – давай,
заплаці тым, хто падбярэ за табой. І г.д. Дарэчы, за паркоўку на беразе возера
ўжо можна штрафаваць. Толькі чамусьці даішнікаў тут няма.
Таццяна Севярынец, БХД