Праграма БХД. Канкурэнтны эканамічны парадак
9.2.1. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца ладам канкурэнтнага парадку. Гэты парадак закліканы забяспечыць канкурэнцыю ўсюды, дзе яна магчыма, ажыццяўляючы рэгуляванне там, дзе гэта неабходна. Дзяржава мусіць забяспечыць рэалізацыю прынцыпаў канкурэнтнага эканамічнага парадку, канстытуючымі прынцыпамі якога з’яўляюцца:
-цэнавы механізм, які спраўна працуе на ўсіх шматлікіх рынках у нацыянальнай эканоміцы;
-стабільнасць пакупной здольнасці грошай;
-адкрытыя рынкі, прыватная ўласнасць як дамінуючая форма ўласнасці ў эканоміцы, эканамічная адказнасць гаспадарчых суб’ектаў за вынікі сваёй дзейнасці;
-нязменнасць эканамічнай палітыкі, якая стварае спрыяльныя магчымасці для інвестыцыяў у эканоміку і прытоку капіталу, адзінства і комплекснае прымяненне вышэйназваных прынцыпаў.
9.2.2. Рэгулюючымі прынцыпамі канкурэнтнага эканамічнага парадку з’яўляюцца кантроль за дзейнасцю натуральных манаполіяў і антыманапольная палітыка ў іншых галінах, барацьба з нядобрасумленнай канкурэнцыяй, палітыка ў галіне даходаў, мэтай якой з’яўляецца памяншэнне няроўнасці матэрыяльных шанцаў грамадзян Беларусі.
9.2.3. Канкурэнцыя з’яўляецца важнай умовай для надзейнай абароны спажыўца, паколькі любая манапалізацыя, якая абмяжоўвае канкурэнцыю, абмяжоўвае разнастайнасць і свабоду выбару спажыўцоў. Правы спажыўцоў з’яўляюцца грамадзянскімі правамі, таму абарона спажыўца з’яўляецца надзённай палітычнай задачай. Яна павінна быць часткай шырокай спажывецкай палітыкі, якая шукае раўнавагу паміж інтарэсамі спажыўцоў і эканомікі для таго, каб забяспечыць у Беларусі высокую ступень якасці жыцця.
9.2.4. Надзейная, шырокая і дзелавая інфармацыя аб прадуктах і іх якасці робіць магчымым адказныя спажывецкія паводзіны. Абарона спажыўца – гэта справа не толькі дзяржавы, яна залежыць таксама ад удзелу і адказнасці вытворцаў, перапрацоўшчыкаў, гандлюючых прадпрыемстваў і спажыўцоў. БХД не вітае аніякага кіравання спажываннем з боку дзяржавы.