Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)

18 мая 2018 15:33  |  Блог Таццяны Севярынец

Жыў-быў Ліхадзей, доўга жыў. Час ад часу мяняў аблічча, паказваючыся перад падданымі то пад адным імем, то пад іншым.

А ўжо як ён любіў гуляцца ў абяцанкі-цацанкі, што ўсім нават надакучыў, добрыя людзі адмахвацца пачалі ды патаемна пляваліся ўбок Палацу, дзе жыў Ліхадзей са сваімі памагатымі.

Як толькі што наабяцае, пунктаў з 31 (вельмі любіў гэтую лічбу, штогод яна паўтаралася, бо абяцанкі абавязкова запісваліся на шыкоўную паперу, а напрыканцы году глядзеў на запісы і доўга са слугамі-памагатымі смяяўся, што так лоўка напрыдумваў абяцанак, якія толькі ледзь напалову здзейсніліся). Ці атрымаў пад гэта грошы, то таямніца, не ведаю, але людзі кажуць рознае.

Некаторыя пункты тых “абяцанак” паўтараліся год ад году.

Быў у горадзе такі парк 1000-годдзя. Не хухры-мухры вам. Горад, дзе правіў гэты Ліхадзей, быў вельмі старажытны, а Ліхадзей цярпець не мог старых рэчаў і ўсё хацеў ад іх пазбавіцца. Але казка не пра тое.

Дык вось, у апошнім спісе абяцанак гэты парк быў пад №5, і ўсяго толькі наабяцалі пракласці дарожкі. Пратаптана ж іх па парку процьма, бо з моманту першых абяцанак і да апошніх прайшло больш за 30 год — дамоў вакол набудавалі, людзей паразвялося, туды-сюды шныраюць, адпачываць тут прылюбілі.

Сядзіць Ліхадзей, калупае ў носе і думае, што б з паркам зрабіць такое. Накалупаў лядовы палац, потым клініку прыдумаў. Хацеў яшчэ Дыснейленд зрабіць – настрой быў дрэнны, але адмахнуўся: хапае забаў.

А людзі час ад часу нагадваюць: “Ваш сіяцтва, прабачце, ці хутка дарожкі з’явяцца?” (Пасля дажджу гэты парк пераўтвараецца ў непралазную багну). Ды не ведаюць, што даўным-даўно на паперах, у раздзеле “Абяцанкі нявыкананыя”, над якім асабліва гучна смяюцца Ліхадзей з памагатымі, і дарожкі, і арэлі, і цяністыя алеі, і шыкоўныя клумбы існуюць…

Пасярод парку-вадаём. Качак тут, чаек! Рыбку ловяць разам з рыбакамі.

Ой, надакучылі ўжо ўсе! Наця вам дарожкі! .

Пачалі тыя дарожкі рабіць — яшчэ больш бруду нарабілі — ды закінулі… Паціху плітку людзі па дамах расцягваюць – а што? Навучыліся ў Ліхадзея ды ягоных памагатых: за пчолкаю – у мёд, за жуком – у гной.

Ды вось дзіва: прыляцелі ўпершыню на гэты вадаём гусі-лебедзі. Ды шмат! Што б значыла тое для Ліхадзея? Перачытаў бы казкі пра іх на ўсякі выпадак, мо што і змянілася б, закінуў бы ў абяцанкі-цацанкі гуляцца.

Казка – хлусня, але ж на штосьці намякае…

Пачула ды запісала казку Таццяна Севярынец

 

Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)
Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)
Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)
Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)
Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)
Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)
Гусі-лебедзі і Ліхадзей (сумная віцебская казка)

Болей навін