Паедзем-паплаваем
У паўночнай кропцы Беларусі, Віцебску, распачаўся купальны сезон. У горадзе вызначана 7 пляжаў, дзе 350 тысячам жыхароў дазволена купацца.
“Любімы” вадаём сябраў аргкамітэта БХД, ініцыятывы “Віцебск – горад наш” – Сакольнікі, дзе штучнае возера стала прыстанкам качкам, двум бізнэсоўцам, купальшчыкам і аднаму выратавальніку з лодкай.
Летась, трапіўшы сюды выпадкова на адпачынак, чальцы ініцыятывы ўразіліся станам пляжу, свінствам наведвальнікаў, абыякавасцю службаў абласнога цэнтру: зелянгаса, санстанцыі, ОСВОДа – адказных за санітарыю і бяспеку.
Сабраўшы смецце ў пакеты, мы не знайшлі, куды ж яго выкінуць, вымушаныя былі пакінуць проста на беразе – даць волю ветру, птушкам ды бадзяжным сабакам зноўку яго раскідаць, а самі накіраваліся па службах. Плён быў, берагі хоць папрыбіралі, баршчавік выкасілі, але гэта было заканчэнне пляжнага сезону, нам паабяцалі, што ў наступны сезоне ўсё будзе ціп-топ.
І ён прыйшоў. І мы прыехалі. Та-а-ак: баршчэўнік, такі маладзенькі, сакавіты, ужо падабраўся да сцежкі, па якой ад вуліцы 1-й Шэвардзінаўскай ёсць выхад да вадаёма – з голымі ножкамі пасцеражыцеся;
прыбярэжная паласа ў нейкай ванітнага выгляду кашы з багавіння – бррр!; выкашана толькі вакол распраналянь, унутры іх – “трава па пояс”;
бізнэсоўцаў пакуль не бачна: трамплін аднаго сумуе ў адзіноце, будка шапіку “Мир услуг-плюс” другога, дзе можна было замовіць катамаран, выглядае падазрона закінутай, а адзіная на ўвесь вадаём прыбіральня наўпрост развальваецца;
два міліцыянты стала патрулююць і ахоўваюць усё “багацце”;
ужо з’явіліся прыкметы актыўнага адпачынку віцеблян – свінства ж ніхто не адмяняў… З абяцанага – толькі 3 бакі для смецця, па адным на кожны пляжны бок.
З размовы з выратавальнікам зразумелі, што санстанцыя сюды яшчэ не даехала. ”Можа, была, не ведаю”, – удакладніў ён, сцяміўшы, што нездарма ж цёткі такія падазроныя пытанні задаюць…
Так што, якая тут якасць вады і што можна неспадзявана прыдбаць стомленаму сонцам арганізму, невядома – інфармацыі на часоў цара Гароха стэндзе ОСВОДа няма…
Трапілі на вочы дрэнажныя канаўкі ўздоўж сядзіб: яны сталі наўпрост сметніцамі і каналізацыйнымі стокамі для тых, хто на сумленна заробленыя грошы пабудаваў тут шыкоўныя катэджы. І цячэ ўсё гэта ў вадаём. Ага, той самы…
Не спадабалася нам – НЕ паедзем! НЕ паплаваем!
Пойдзем зноўку па інстанцыях. Охці ўжо ж!..