Курапаты клічуць цябе
Ніхто не здолеў абараніць іх тады, у 30-я мінулага стагоддзя… Іх вывозілі машынамі ў начны курапацкі лес да ўжо гатовых ямаў, выстрайвалі над безданню, небыццём, і кулі энкавэдэшных наганаў абрывалі іх светы і мары…
Доўгія дзесяцігоддзі пра іх ніхто не ведаў, як бы іх і не было. 30 год таму праўда пакрысе пачала выбірацца з тых жудасных ямін чарапамі і косткамі, сосны перапляліся з крыжамі ў агульную памяць па нявінна забітых… Крыжы, пастаўленыя беларусамі, палякамі, габрэямі – іх не злічыць, як не злічыць і тых, хто пад імі, на кожным кроку.
Іх абараніла ў нулявыя купка моладзі, хто пачуў гэты кліч, калі пачалі праводзіць менскую кальцавую. Гэта былі Павел Севярынец, Лёша Шэін, Жэня Скочка, Ганна Соўсь , іх сябры і паплечнікі..
Іх абараніла Ганна Шапуцька з дзясяткам неабыякавых беларусаў, калі пачалі ў ахоўнай зоне будаваць забаўляльны комплекс “Бульбаш-хол”.
Іх абаранілі Зміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі ў лютым 2017-га, калі з другога боку Курапат пачалася будоўля бізнес-цэнтру. І гаспадар той забудовы праз месяц зразумеў абаронцаў і звярнуў тут свой бізнес.
Тут, у Курапатах, бывалі паслы розных краін, якія схілялі галовы перад памяццю дзясяткаў, сотняў тысяч забітых сталінскім рэжымам, тут прэзідэнт Клінтан усталяваў лаўку як сімвал ціхай памяці, пакуты і роздуму.
Тут не было толькі таго, хто чапляецца ў Беларусі за ўладу рукамі і нагамі ўжо трэцяе дзесяцігоддзе і марыць вышкрабсці акрываваўленымі прагнымі лапамі памяць і нацыянальную свядомасць беларусаў…
Нечакана, у парушэнне існуючага заканадаўства, замест “Бульбаш-хола” на тым жа месцы ў ахоўнай зоне Курапат, заткнуўшы сумленне, годнасць, Закон адказным чыноўнікам, нават Міністэрству культуры, пэўна, добрым хабарам – інакш незразумела – новыя (старыя) уладальнікі таго “хола” адкрываюць рэстаран і цэлую зону адпачынку ”Паедзем, паядзім”…
Курапаты зноў клічуць жывых, каб абараніць мёртвых. Каб абараніць памяць, годнасць, гонар, незалежнасць маленькай шматпакутнай Беларусі, каб не паўтарылася, каб пад каранямі сасны, паваленай ветрам, не з’явіліся твае, беларус, чэрап і косткі.
І зноўку на абарону Курапат паўсталі Ганна Шапуцька, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Туровіч, Ніна Багінская, Наталля Гарачка, Яўген Батура, Дзяніс Садоўскі…
13 чэрвеня сюды “высадзіўся дэсант” з Віцебска і Бабруйска. Далекавата ад Менска, штодня немагчыма быць сярод абаронцаў, але немагчыма не пачуць сэрца Курапат… Каб людзьмі звацца.
Чацвёра віцеблян, чацвёра бабруйчан, сябраў аргамітэта БХД, прабылі тут амаль дзень, пазнаёміліся і з ахоўнікам Дзімам, пакрыўджаным абаронцамі, што спакойна не даюць яму зарабляць грошы на костках – а яму не баліць!, даішнікамі, гатовымі задавіць голымі рукамі ўсіх абаронцаў, толькі б яны адсюль зніклі ды не кідаліся пад машыны, што вязуць у рэстаран харчы, – а ім таксама не баліць, замест крыжоў – у вачах зорачкі на пагонах мільгацяць, суворы надзьмуты маёр міліцыі, які праразае натоўп абаронцаў як мурашыны строй: “Павел Канстанцінавіч, я вас апошні раз папярэджваю!” – яму таксама абыякава.
А нам?
У купе плацкартнага вагона “Брэст-Санкт-Пецярбург” размаўляем з пецярбуржцам – наведваў у Менску маму: “А што такое Курапаты?”
У начной віцебскай таксоўцы малады кіроўца: “А што такое Курапаты?”
Калі не можаце пад’ехаць на некалькі гадзін у Курапаты дапамагчы абаронцам, а сэрца Курапат вам чутно, распавядзіце хаця б родным і знаёмым, бо БТ і “Советская Белоруссия” пра гэта не распавядуць…
На мапе Беларусі дзясяткі месцаў, дзе адбывалася ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя тое, што і ў Курапатах, дзе трэба ствараць народныя мемарыялы памяці, дзе трэба ўсвядоміць, як кожнаму з нас, ЖЫВОМУ, пашчасціла не быць наканаваным нарадзіцца ў тых, хто ляжыць у Курапатах, Хайсах, пад Паляямі, пад Кабыляцкай гарой… Пра каго мастачка Наталля Бордак не напіша карціну “Сэрца Курапат”. Каб не здарылася, пачуй!
Курапаты клічуць цябе!