Лужкоўскі мядзведзь і Аршанскае лясніцтва

12 верасня 2018 09:47  |  Блог Таццяны Севярынец

Лужкоўскі мядзведзь і Аршанскае лясніцтва

 

Гэтым летам шмат дзе пабывала ў беларускіх лясах: і на поўдні краіны – Гомельшчына, Берасцейшчына, і безліч разоў ва ўлюбёных Лужках, што за тры прыпынкі ад Воршы і куды мы сям’ёй ездзім ужо больш за 30 гадоў у грыбы з Віцебска.

З беларускімі лясамі бяда: няшчадна высякаюцца – Палессе дык увогуле пераўтвараецца ў стэп. А што самі на продаж не пусцілі, зараз даядае караед (Чула такое, што таго караеда, як у свой час баршчэўнік Сасноўскага ці той жа залатарнік па вынаходжаннях гора-навукоўцаў-лізаблюдаў, блізкіх да ўладных крэслаў, таксама імпартавалі ў Беларусь). І з лясной гаспадаркай бяда. Няшчадна высякаецца класны лес, вагонамі ідзе на экспарт за капейкі, а потым вырабы з нашага родненькага лесу купляем за шалёныя грошы.

Лужкі. Сюды аматараў грыбоў-ягад завозіць дызель, які лягчэе на два-тры дзясяткі чалавек у ягадна-грыбны сезон штодня.

А мы ведаем на шмат кіламетраў усе лужкоўскія куточкі і заманухі.

Калісьці тут быў прыпынак з чыгуначнай касай, крамкай, за чыгункай – дамы мясцовых лясных людзей, сады і гароды, калодзеж са сцюдзёнай вадой і шмат сцяжынак у лес. Бліжні лес змешаны, але можна дабрацца і да бора, і да балота.

Зараз тут жыхароў засталася адна сям’я ды і то набегамі, сабачка адзінокі брэша час ад часу, дамкі з’ела зелле, калодзеж і сцежкі засталіся, і па іх да станцыі калі-некалі выходзіць мядзвежая сям’я – прыкметы яе выхаду бачныя побач са сцежкай. Пэўна, мішкі палохаюцца цяжкавікоў, якія са страшным грукатам праносяцца міма…

Пакуль не бачыш у лесе прысутнасці чалавека, усё цудоўна: поўзаеш сябе па пасадках, забіраешся ў гушчар, бывае, напалохаеш якога гада і сам напалохаешся, цяжка выскачыць з кустоўя заспаны заяц, патрашчыць над галавой дзяцел, недзе падыме скандал сарока.

А калі заўважаеш “клопат” Аршанскага лясніцтва, гамон, застаецца толькі ненарматыўная лексіка… Ніякага хрысціянскага пачуцця…

Пару гадоў таму на чысцюткай чароўнай паляне з’явіліся высечаныя асінкі і бярозкі: што як ссеклі, так і сохне – грыбніца знікла, ягаднік таксама, у валежніку адно гады. У гэтым годзе ў пасадках сасонніка і бярэзніка Аршанскае лясніцтва праводзіць ці то чыстку, ці то яшчэ якое лясное мерапрыемства, але сцежка зараз пераўтвораная ў паласу перашкод, дзе зламаць ніжнія канечнасці – раз плюнуць. Мядзведзь, і той больш разумны, не на сцежку патрэбу вялікую справіў, збочыў… І па пасадках таксама няма чаго рабіць – іх чакае лёс той чароўнай палянкі…

Я не ведаю ўсіх акалічнасцей лясной гаспадаркі, але на прыкладзе Лужкоў бачу, што тут працуюць варвары, невукі крыварукія, бязглуздыя і абыякавыя пачвары, якія не здагадаюцца нават скласці спілаваныя дрэўцы, вывезці іх куды. Калі немагчыма з той сыравіны што добрае зрабіць, а я не ўпэўнена – да гэтай пары школьнікі і арганізацыі збіраюць і здаюць макулатуру, а паўсюль пустыя лозунгі пра “Беражыце прыроду маць вашу” – дык людзям аддайце, прадайце на пратопку ці што яшчэ. А грошай у краіне няма. А эканоміка проста гібее на вачах… Дзе ж яны будуць, калі, куды ні зірнеш, паўсюль безгаспадарчасць і разруха?.

Хутка і мядзведзям няма чаго будзе рабіць не толькі ў Лужках.

Збалелася сэрца.

Таццяна Севярынец

 

Лужкоўскі мядзведзь і Аршанскае лясніцтва
Лужкоўскі мядзведзь і Аршанскае лясніцтва
Лужкоўскі мядзведзь і Аршанскае лясніцтва
Лужкоўскі мядзведзь і Аршанскае лясніцтва

Болей навін