Пра Плошчу, антычную дэмакратыю і прыгажуню Кліо
Прыгожую, маляўніча ілюстраваную газету “Советская Белоруссия” я чамусьці ніколі не чытаю. Можа таму, што ўжо даўно не існуе такой краіны як “Белоруссия” і тым больш “савецкая”, а можа таму, што яна выдаецца на мове суседняй дзяржавы і толькі на гэтай мове можна, як сказаў наш прэзідэнт, выразіць разумныя думкі. А можа і тое і другое.
Але ў адну з субот студзеня я паступіўся са сваімі прынцыпамі і пайшоў купляць “Советскую Белоруссию”, бо як я даведаўся, яшчэ ў пятніцу выйшаў нумар з вычарпальна аблічальным артыкулам пра Плошчу пад грознай назвай “За кулисами одного заговора”.
Якое ж маё было зьдзіўленьне, што газеты і за пятніцу і за суботу ў кіёску не было. Толькі пабадзяўшыяся па Мінску і абышоўшы з дзясятак кропак продажу СМІ, я ўсё ж набыў патрэбныя нумары. Сакрэт папулярнасьці СБ, канешне, быў просты – як і я, СБ пайшлі набываць тыя ж неабыякавыя да падзей 19 снежня людзі, а як гэтую прэсу амаль ніхто звычайна не бярэ, то і заказ на яе ў кіёсах вельмі абмежаваны.
Па-звычцы я дастаў купленую газету ў вагоне метро і адразу злавіў сябе на незвычайнай думцы – мне сорамна. Сорамна за тое, што я трымаю ў руках гэты прыгожае выданьне, якое тым не менш нармальны чалавек чытаць не будзе. Здавалася людзі асуджальна глядзяць на мяне і думаюць: “Вось едзе лукашыст!”
Аднак сорам мой быў апраўданы. Згаданы опус быў напісаны па ўсім канонам савецкай дэмагогіі. Па слядам тэкстаў таго “трактата”, надрукаванага ў некалькіх нумарах СБ, было сказана ўжо нямала самымі рознымі людзьмі і ў розных месцах і ўсе яны адзіныя ў адным – гэты матыэрыл чысцейшая брахня, дэмагогія і напісаны з адной мэтай абяленьня, апраўданьня злачынных дзеяньняў спецназа пры зачыстцы плошчы Незалежнасьці 19 снежня і абгрунтаваньня беззаконнага утрыманьня кандыдатаў у прэзідэнты і іх паплечнікаў у турме.
Таму паўтарацца я тут не зьбіраюся, а выкажу толькі некалькі відавочных тэзісаў. Адзначу хаця б згаловак артыкула “За кулісамі одного заговора”, які зусім не адпавядае зместу артыкула, бо ні пра які “заговор” там нідзе не сказана нават слова. Падрабязна разглядваюцца механізмы рэалізацыі падчас прэзідэнцкай кампаніі двух асноўных праектаў – “Гавары праўду” і “Стратегия победы» і…. нідзе ані воднага слова пра нейкі “заговор”. Тут вам і копіі кантрактаў на атрыманне гранта, вытрымкі з стратэгічнагі плана ГК ГП, падрабязныя справаздачы работнікаў КДБ за мінулы год, якія “пасьлі” гэтыя кампаніі. Вы мне прабачце, але ж у нашай краіне сотні, нават тысячы (!) грамадскіх арганізацый, якія цалкам законна ўжо дваццаць гадоў атрымліваюць гранты, таксама складаюць аналагічныя справаздачы – інакш ніхто аніякіх грантаў не дасьць. Можа іх таксама “к ответу”? А што ў прыведзеных вытрымках з дакуметаў гаворыцца пра этапы выбарнай кампаніі, пра тое як прыйсьці да ўлады, што рабіць і як – дык якая ж у гэты крамола? Менавіта з мэтай стаць прэзідэнтам – г.зн. прыйсці да ўлады – і вылучаліся ўсе кандыдаты.
У нашай краіне афіцыйна дзейнічаюць каля 15-ці палітычных партый. Кожная з іх ставіць за мэту – прыход да ўлады. Гэта сэнс стварэння любой партыі. Пра гэтую галоўную функцыю партый можна прачытаць у любым падручніку паліталогіі. Напрыклад у падручнику А.Мельника “Политология” мы чытаем: “Политическая партия представляет собой общность людей, объединенных организационно и идеологически, которая выражает интересы определенного класса, социального слоя или общественной группы и ставит своей целью их реализацию путем завоевания государственной власти или участия в ее осуществлении”. А паліталогію вывучаюць ва ўсіх ВНУ краіны і кожны студэнт павінен ведаць, што выбары якраз для таго і прызначаныя каб прадстаўнікі пэўных партый прышлі да ўлады. Інакш ён атрымае двойку.
Аўтары ж артыкула СБ мала таго, што не вывучалі паліталогіі і гэтую двойку сабе атрымліваюць аўтаматам, яны назвалі працэс перадвыбарачай кампаніі “загаварам”, што ўжо падпадае пад артыкул “паклёп” ці “абраза” і караецца законам. На жаль у нас законы не дзейнічаюць і наўрад ці мы патрапім на суд, які будзе разьбірацца з аўтарамі гэтага паклёпніцкага тэксту.
Я збіраўся дадаць толькі некалькі слоў да хвалі абурэння многіх людзей з нагоды публікацыі ў СБ артыкула “За кулисами одного заговора” і на гэтым скончу. Бо можна завесціся і “мятаць бісер” вельмі доўга. А ці варта?
Галоўнай мэтай майго артыкула ёсць трохі іншая нагода, хоць, на маю думку, і маючая непасрэднае дачыненне да выбараў. Нагода вось якая. У тым жа нумары СБ, дзе і шэдэўр дэмагогіі пра загавар, быў змешчаны іншы артыкул, а дакладней “Политические диалоги”, якія падрыхтаваў да друку прафесар Вячаслаў Оргіш. “Мифы и реальность демократии” – так называліся “дыялогі”.
Трохі пазней – у лютаўскім нумары СБ В. Оргіш друкуе ўжо дзейсны артыкул, так бы мовіць, палітычны трактат пад назвай “Уроки насмешницы Клио”, дзе падрабязна фармулюе сваю палітычную пазіцыю пра якую я і павяду ніжэй гаворку.
Ведаючы В. Оргіша па ягоных ранейшых публікацыях у НВ і іншых дэмакратычных выданнях, я спачатку падумаў, што пачытаю ў СБ хоць нешта талковае і значыць не дарэмна купляў газету. Але мяне чакала вялікае расчараванне. Не, хутчай і не расчараванне, а нейкая гідлівасць і адчуванне здрады якое бывае, калі цябе прадаў чалавек – нядаўні сябра.
Змест дыялогаў і асабліва спосаб выкладання іх зместу нагадаў мне савецкія часы, калі з любой нагоды ў масавым парадку штампаваліся патрэбныя ідэялагічныя матэрыялы. У тыя часы ўсё было проста. Як толькі сказаў нехта адмоўнае пра савецкія парадкі ці проста не крыкнуў “Ура!” адзіна правільнаму курсу на пабудову камунізма, тут жа знаходзіліся патрэбныя ідэолагі, якія, карыстаючыся адінай правільнай марксісцка-ленінскай тэорыяй, кляймілі такіх іншадумцаў па чым свет стаяў, ганьбавалі любога чалавека не згоднага з афіцыйнымі ўстаноўкамі.
Кадры для ідэялагічных аддзелаў па ўсім СССР каваліся на кафедрах навуковага камунізму і філасофіі універсітэтаў ці Вышэйшай партыйнай школы (ВПШ).
Пасля ўсталявання шматпартыйнасьці і ліквідацыі камуністычнай партыі – КПСС, многія кадры савецкай грамадскай навукі тэрмінова пераарыентаваліся, яны рынуліся асвойваць новыя гарызонты паліталогіі, сацыялогіі і іншых сучасных навук аб грамадстве. Асабліва шмат стала з іх дэмакратаў, бо пасля скапраментаваўшага сябе слова “камунізм” самым модным стала слова “дэмакратыя”.
Адным з такіх філосафаў, не прапаўшых ў новы бурлівы час перабудовы, і быў Вячаслаў Оргіш. Праўда кола ягоных навуковых інтарэсаў не надта і пярэчыла новай ідэалогіі, калі ўзгадаць хоць бы манаграфію “Древняя Русь: Образование Киевского государства и введение христианства” і да глыбокай пенсіі сядзеў бы ў Акадэміі наву РБ Вячаслаў Пятровіч з такой тэмай. Але хацелася большага. У 2001 годзе В.Оргіш узачальвае штаб адзінага тады кандыта ў прэзідэнты У.Ганчарыка за што яго і звальняюць з працы. «Меня за политическую деятельность уволили из Академии наук. Меня просто подло, нахально, с грубым нарушением законодательства выкинули с работы» – гаварыў тады пацярпелы ад рэжыму філосаф. Але доўга не бедаваў. Сэрдабольны Іосіф Сярэдзіч бярэ яго палітычным аглядальнікам НВ і нават робіць сваім намеснікам!
Адзін за адным у НВ выходзяць артыкулы прафесара Оргіша, аб’явіўшага інтэлекуальную вайну ненавіснаму лукашэнкаўскаму рэжыму. Ён становіцца рупарам апазіцыі. Вось што піша на сваім сайце адзін з тагачасных апазіцыянераў Леванеўскі: “Наиболее полный анализ происшедшего представил недавно в выпусках газеты «Народная воля» №22-28 доктор философских наук Вячеслав Оргиш. Его работу можно отнести к выдающимся произведениям такого характера за последние 5лет. Еще никто из деятелей оппозиции, и уж тем более из идеологов правящего режима не создавал такой целостной картины происходящего в Беларуси, никто не создал такой конструкции знаний, которая многое делает понятным и ясным”. (5.03.2002).
Што ні кажы, а прыёмамі навукападобнасці Оргіш авалодаў бездакорна. Толькі за душой у яго што стаяла? Прага да славы? Слава была, праўда, у асяроддзі апазіцыі. Грошы? Вось тут, відавочна, ёсць загвоздачка. Якія ж грошы у апазіцыйнай газеты? НВ ўвесь час ледзь канцы з канцамі зводзіць. Хоць па сводках той жа СБ – у апошняй прэзідэнцкай кампаніі праз апазіцыю прайшлі мільёны баксаў. Але В.Оргіш не стаў чакаць гэтага зорнага часу. Навука і закалка савецкага філосафа, здольнага імгненна прыстасоўвацца да чарговых патрабаванняў партыі і ўраду, а таксама прыродная схільнасць “трымаць нос па ветру” далі плён. І вось нечакана ужо не ў НВ, а ў “Савецкай Беларусіі” выходзіць артыкул В.Оргіша “Прыйшоў час сыходзіць з барыкад”, дзе ён выкладае дыяметральны процілеглую пазіцыю сваім нядаўнім антыдыктатарскім публікацыям ў апазіцыйнай прэсе. Канешне, новага для многіх у гэтым нічога не было. Як напісаў адразу В.Карабалевіч: “Відаць, сп. Оргіш вырашыў паўтарыць “подзьвіг” Людмілы Масьлюковай”. І аналізуючы тэкст здрадніка, прама піша – “Вячаслаў Пятровіч не сышоў з барыкады, а проста перабег на яе другі бок”.
Служыць нядаўнім апанентам, тым каго ты зусім нядаўна бэсціў на чым свет стаіць – на першы погляд складана. Але не Вячаславу Пятровічу. І вось мы бачым новыя, ідэялагічна вытраманыя артыкулы, “Дыялогі” – усё як у лепшыя савецкім часы.
І вось цяпер я вярнусь да “Палітычных дыялогаў”, змешчаных у студзеньскіх нумарах СБ. Лёгка бачыць, што мэта дыялогаў – поўнае апраўданне існуючаму рэжыму, асуджэнне Плошчы і ўсёй дэмакратычнай апазіцыі. І будуецца “тэорыя” – зусім у духу 70-х гадоў мінулага веку. Праўда, ў адрозненне ад тых спецыялістаў па навуковым камунізме, якія грунтаваліся на адзіна правільным марксісцка-ленінскім вучэнні – у Оргіша наадварот – тэорыя падтасоўваецца пад ужо здзейсненныя палітычныя падзеі і працэсы.
Тэкст “Дыялогаў” цягнецца праз два нумары і займае ажно 18 старонак фармату А4, якія складаюцца з 113 абзацаў і 6472 слоў. Але далібог – увесь сэнс можна было б выкласьці і ў 13 ды і нават у трох абзацах.
Цэнтральным паняццем “Дыялогаў” з’яўляецца паняцце “палітычныя эліты” і вакол гэтых эліт вядзецца ўся гульня. Слова “эліта” ў артыкуле сустракаецца 22 разы, “эліты” – 42, а “эліт” – аж 92! Сэнс дыялогаў зводзіцца да таго, што для Беларусі дэмакратычныя каштоўнасці Захаду не падыходзяць, і інстытуцыялістскі падыход (фактычна імпарт дэмакратіі) ў Беларусі не пройдзе. Больш таго нядаўні дэмакрат В. Оргіш наогул ставіць пад сумнеў неабходнасць дэмакрызацыі грамадства. Там самым абгрунтоўваецца марнасць дзейнасці нашых грамадскій арганізацый у гэтым накірунку, бо “сторонники институционального подхода работают не с эмпирически подтвержденной теоретической гипотезой, допускающей возможность произвольной организации политической жизни, а с идеологической мифологемой, опираясь на которую они стремятся втиснуть эту жизнь в прокрустово ложе любезной им демократии”. Так што ніякай дэмакратыі у нас не прадбачыцца. І беларуская палітычная эліта па “тэорыі” прафесара Оргіша і цалкам з ім салідарнай акдамікам Нью-Йорскай акадаміі навук Жанай Грышчанкай не падтрымлівае і ніколі не падтрымае гэтай “любезнай” дэмакратыі.
І тут узьнікае пытанне. Што і каго трэба разумець пад палітычнай элітай, пра якую, як сказана вышэй, толькі і гаворыцца ў дыялогах Оргіша. Спачатку знойдзем азначэнне гэтага тэрміна.
“ПОЛИТИЧЕСКАЯ ЭЛИТА – внутренне сплоченная, составляющая меньшинство социальная общность, выступающая субъектом подготовки и принятия важнейших стратегических решений в сфере политики и обладающая необходимым для этого ресурсным потенциалом. Ее характеризует близость установок, стереотипов и норм поведения, единство разделяемых ценностей, а также причастность к власти (независимо от способа и условий ее обретения).” (Той жа падручнік політалогіі А.Мельніка).
Апазіцыя ў гэтую “социальную общность” яўна не пападае, бо зусім не пры ўладзе і не мае да яе поступаў у цяперашні момант нават у думках. Ды што там! Яе не пусцілі нават у выбарчыя камісіі, куды лёгка трапіў мой сусед п’янтос з сям’ю класамі адукацыі і, фактычна, стаў гэтай элітай.
Значыць эліту трэба шукаць з бліжэйшага асяроддзя прэзідэнта, адміністрацыі і наогул з людзей пры ўладзе. І паколькі курс нашага ўрада адметны стабільнасцю, нязменны ужо 16 год, то і эліту пачнем шукаць тых часоў. Такім чынам – 1994 г. Добра памятаю, газеты тады пісалі – у палітыку ўвайшлі “молодые волки” і гэтая каманда прывяла А.Лукашэнку да ўлады. Імены іх вядомыя: А.Фядута, А. Лябедзька, Л.Сініцын, Д.Булахаў, У.Ганчар, І.Ціцянкоў.
Пазнаёмімся, спадар Оргіш, з палітычнай элітай? Ну першыя два імёны гэтай “эліты” – Аляксандр Фядута і Анатоль Лябедзька і цяпер на слыху. Толькі убачыць іх нельга – сядзяць у турме, славутай “амерыканцы”. Дзмітрый Булахаў падрэйфаваўшы ад каманды прэзідэнта да апазіцыі і наадварот – раптаўна памёр у 2006 годзе. Іван Ціцянкоў у 1995 годзе, каб выслужыцца, самалічна ірваў бел-чырвона-белы дзяржаўны сцяг на Доме ураду, але гэты самахвярны ўчынак недаацанілі – ўсе роўна потым быў вымушаны ўцякаць, цяпер “у бегах” недзе ў Маскве. Уладзімір Ганчар – адна з самых трагічных фігур нашай новай гісторыі, бо ў яго няма нават магілы, куды б прышла паплакаць ягоная жонка і дзеці. Леанід Сініцын, былы галава адміністрацыі прэзідэнта – даўно займаецца бізнесам, адзіны хто больш менш бяскроўна адкараскаўся ад прыналежнасці да палітычнай эліты тых гадоў.
Далей – прэм’ер-міністр з 1995 па 1996 г Міхаіл Чыгір. Асуджаны за эканамічныя злачынствы. Дырэктар Нацбанка Віннікава да 1998 г. Падпала пад следства і ўцякла з-пад хатняга арышту. Цяпер жыве ў Англіі. Былы дырэктар Мінскага трактарнага завода Міхаіл Лявонаў вышаў на волю ў студзені 2010 г., адсядзеўшы 8 гадоў. Другі Лявонаў – Васіль, былы міністр сельскай гаспадаркі адсядзеў тры гады… Леанід Калугін – кіраваў “Атлантам” ад 1993 да 2001 году, за спробы ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. супраць яго была распачатая крымінальная справа па фактах “злоўжываньня службовым становішчам”. Працэс расцягнуўся на 3 гады, пакуль Калугін не прыняў пострыг і не стаў манахам Ніканам. Былы міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч быў асуджаны на пяць гадоў. З турмы вышаў інвалідам. Былы міністр МУС генерал Юры Захаранка знік у 1999 годзе і да гэтага часу не прызнаны памёрлым.
Гэты спіс палітычнай эліты Рэспублікі Беларусь мінулых гадоў можа быць падоўжаны. Спіс жудасны.
Магчыма сучасная палітычная эліта выправілася, законы не парушае і нарэшце выконвае сваю ролю авангарда палітычнага жыцця краіны, як напісана ў падручніках паліталогіі? І яе мае на ўвазе В.Оргіш у сваім знакавым дыялогу? Паглядзім.
Вось жа, зусім нядаўна быў галавой Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас. Цяпер старшыня Беларускай федэрацыі футбола. А дзе ж Уладзімір Канаплёў, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу? Кіраўнік федерацыі гандбола. Палітычная эліта перакінулася ў спартыўную. Праўда гэта іх не выратавала ад чорнага спісу неўязных у краіны ЕС. А гэты спіс вельмі цікавы і не малы – усяго 157 асоб. Што ж гэта за эліта, якую не пускаюць у Еўропу?
Цяперашняя палітычная “эліта” – гэта не авангард грамадства і “важнейших стратегических решений в сфере политики” яна даўно не прымае. Гэта бязвольная шэрая маса запуганых людзей, якія галасуюць з любой нагоды толькі аднагалосна, стаяць па стойцы “смірна” перад сваім начальствам, а, калі не дай Бог, каму выпадзе незайздросны лёс стаць перад самым галоўным правіцелем, то яны становяцца наогул напаўмёртвымі – што можна назіраць у шматлікіх справаздачах БТ.
Сістэма страху вырасціла халуёў ува ўсіх узроўнях улады, ва ўсіх дзяржаўных і яшчэ больш – не дзяржаўных арганізацыях. Калі савецкія функцыянеры у выпадку нейкіх абставін сыходзілі са сваіх пасадаў, то пазбаўляліся толькі сваіх прывілеяў, доступа “к корыту”. Цяпер жа можна пазбавіцца не толькі гэтага, і прыведзены спіс скалечаных лёсаў яскрава сведчыць пра тое, што можа быць…
На старонках свайго “дыялога” ў СБ В. Оргіш прыходзіць да “навуковага” выніку: “Сильная президентская власть в Беларуси (по терминологии ее критиков — авторитарный режим) — это в определенном смысле выбор самой белорусской элиты, ее представителей в местных эшелонах власти”. А што ж гэтай “эліце” (яна заслугоўвае толькі двухкоссяў), прабачце, застаецца рабіць? Хіба існуе іншы выбар? 19 снежня паказала, што будзе з людзьмі, якія прапануюць іншы выбар.
Оргішу ва ўнісон падпявае нью-йорскі акадэмік Жана Грышчанка: “деятели местной власти в Беларуси придерживаются патерналистских представлений, предпочитают работать под опекой и в системе иерархически выстроенной государственной власти, опираясь на волю и директивы Центра”. Моцны “вынік”. Паважаная Ж.Грышчанка скажу Вам адно: яны не “предпочитают”, яны панічна баяцца сказаць нешта не так, каб не трапіць у згаданы спіс, яны няшчасныя людзі – не чапайце іх. Каб не быць галаслоўнай Ж.Грышчанака спасылаецца на маніторынг «Демократия и местная власть» – “вяршыню” сацылагічнага даследавання, згодна якому “местная управленческая элита не заинтересована в расширении возложенного на нее круга полномочий, побаивается брать на себя инициативу… Из одиннадцати предложенных для оценки сфер ответственности респонденты из числа местной управленческой элиты готовы отвечать в большом объеме лишь за три из них: организацию отдыха и культуры, коммунальное хозяйство, трудоустройство”.
Але дзякуй за гэты маніторыг, ён толькі пацвярджае мае словы пра татальную сістэму страху.
Я разумею, перад В.Оргішам стаяла не лёгкая задача: абгрунтаваць аўтаратарны рэжым існуючы цяпер у Беларусі і даказаць, што ён лепшы за еўрапейскія дэмакратыі. І нью-йорскі акадэмік Ж. Грышчанка са сваім маніторынгам была задзейнічана для гэтай мэты. І вымушаны канстантаваць: з задачай яны не справіліся. Ды і немагчыма справіцца, бо гэта тое самае, што інтэрпрэтаваць відавочны еўрапейскі прагрэс як рэгрэс. Тое самае, як некалі даказвалі, што ў СССР самы лепшы лад у свеце. А што атрымалася з гэтага ладу мы ўсе ведаем.
Каб прыдаць навукападобнасць сваім кволым развагам, скрозь пабудаваным на пяску, В. Оргіш сядае на любімага канька – апялюе да антычнай дэмакратыі, быццам бы менавіта ў часы старажытных грэкаў ды рымлянаў і была сапраўдная дэмакратыя, так бы мовіць – эталон.
Адразу скажу, што спасылацца на прыклады дзяржаў, што існавалі больш як 2000 гадоў таму назад і пераносіць нават нейкія элементы іх дзярджаўнага ладу ў наш час – поўнае глупства. Гэта тое самае, што разважаць пра ядзерную фізіку, карыстаючыся вучэннем Дэмакрыта аб атамістыцы. У прыродзе дзейнічаюць законы развіцця і мы –назіраем прагрэс чалавецтва, а не застой, і, відавочна, формы кіравання дзяржавамі таксама пастаянна ўдасканаліваюцца – згодна з тымі ж законамі дыялектыкі.
Але доктар філасофскіх навук Вячаслаў Оргіш так не лічыць. Для фармавання правільнага погляду на дэмакратыю па Оргішу дастаткова азнаёміцца з працамі Арыстоцеля, які “считал принципиально важным для правильной демократии наличие ограничительной нормы, а именно, чтобы все граждане, собравшись вместе, могли видеть один другого. В связи с этим он называет предельную цифру граждан одного полиса — 20.000”. Так што Амерыка са сваёй хвалёнай дэмакратыяй хай не лезе, бо мае не 20 000, а пад 200 мільёнаў насельніцтва. Так што ў яе дэмакратыя – “няправільная”.
Але гэта толькі прэлюдзія, трохі ніжэй у згаданых дыялогах вучоная парачка наогул “мочыць” дэмакратыю. На гэты раз грунтуючыся на “Экспертном заключении Платона” з якога вынікае, што “При демократии граждане перестают уважать законы, повсеместно царит культ потребительства, люди крайне отчуждены друг от друга, укореняется эгоизм. В результате крайняя свобода оборачивается крайним рабством, произволом толпы…”.
Напісалі – і вось далёка ідучыя вынікі, што і не сніліся Платону: “надо ли нам под маркой развития представительной системы народовластия поощрять развитие предвыборных балаганов в виде неизвестно кем проплаченных радио– и телешоу, уличных митингов, пикетов, листовок, плакатов и т.п., которые переполнены, говоря деликатно, недостоверными сведениями, пустыми обещаниями и прочей лакированной ерундой?”. Вось вам і апраўданне вакхналіі беззаконня на Плошчы, арыштаў больш як 600 чалавек. Чытайце Платона!
Ну і, як разынка, на заканчэнне сумеснай хвалебнай оды рэжыму тандэма Оргіш-Грышчанка – абгрунтаванне неабмежаванага тэрміну прэзідэнцкага праўлення Аляксандра Рыгоравіча. Таксама антычнасць, але прыклады бяруцца ўжо з гісторыі. Што там чатыры тэрміны, Перыкл – грэцкі правіцель V стагоддзя да нашай эры выбіраўся 31 раз! Калі памножыць на пяць, то атрымаем – 155 гадоў!
Так што хадзіць і хадзіць яшчэ беларусам на Плошчу…
Некалькі слоў пра новы опус В.Оргіша “Уроки насмешницы Клио”. На жаль, нічым асабліва новым ў ім наш прыдворны філосаф не “парадаваў”. Пустыя развагі пра нейкую “сістэмную апазіцыю”, якой у Беларусі няма, а павінна быць… Не ведаеце, што за сістэмная апазіцыя? Зараз патлумачу. Па Оргішу сапраўдная апазіцыя альбо “сістэмная” гэта такая, што працуе разам са склаўшайся палітычнай сістэмай, г.зн. руку ў руку з рэжымам. Вы скажаце :”Дык якая ж гэта апазіцыя?”. Не апазіцыя? Безумоўна, і я так мяркую. Гэта ўжо не апазіцыя – і заклікі да сістэмнай працы з уладамі – гэта заклікі да супрацоўніцтва з існуючым парадкам, да згоды з рэжымам, да прызнаньня дыктатуры.
Адным словам В.Оргіш заклікае паўтарыць свой “подзвіг” і памяняць нам усім свае погляды, прынцыпы на процілеглыя, стаць здраднікам свайго народу. Гісторыя ведае мноства такіх выпадкаў і на жаль нічаму не вучыць…
На заканчэнне мне б хацелася запытаць у Вячаслава Пятровіча наступнае. Ці задумываліся Вы над тым часам, калі беларускі аўтарытарны рэжым рухне? Ні адна дыктатура вечнай не бывае. Куды вы тады пойдзеце служыць? Вам як даследчыку хрысціянства пэўна ж вядома, што нават Іуда пасля здрады Хрысту пакаяўся, праўда са спазненнем..
Ці ні паспяшаліся Вы атрымаць ганарар ад прыгажуні Кліо?